29-гадовага Аляксандра Нурдзінава, які ўдзельнічаў у пратэстах 9 і 10 жніўня, суд Ленінскага раёну Менску пакараў чатырма гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведаміў Tut.by.
Паводле абвінавачаньня, Аляксандар Нурдзінаў выходзіў на праезную частку, «зрываў расьліннасьць з кветкавых клюмбаў і кідаў яе ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».
Прысуд вынесла судзьдзя Тацяна Шоцік.
Таксама, па вэрсіі абвінавачваньня, Аляксандар Нурдзінаў у ноч з 10 на 11 жніўня ўдзельнічаў у пратэстах на вуліцы Сурганава ў раёне гандлёвага цэнтру «Рыга», дзе будаваў барыкады, зьнішчаў маёмасьць, рыхтаваў зброю і наносіў траўмы супрацоўнікам міліцыі. Кінуўшы камень, пашкодзіў «дакладна ня вызначаны спэцыяльны транспартны сродак».
Паводле матэрыялаў справы, дзеяньні Нурдзінава сталі прычынай спыненьня шэрагу аўтобусных і тралейбусных маршрутаў, што прычыніла «Менсктрансу» шкоду памерам 27 958 рублёў 50 капеек. Позву «Менсктрансу» вырашылі перадаць на разгляд у грамадзянскі суд.
Аляксандар Нурдзінаў віны не прызнаў.
«Я сваёй віны не прызнаю, — заявіў 27 студзеня Аляксандар Нурдзінаў. — 9 жніўня, калі стала вядома, што вынікі выбараў абвесьцяць толькі раніцай 10-га, я падумаў, што ніякага мітынгу пратэсту ня будзе. Вырашыў схадзіць у краму, дарогай каля стэлы (Нурдзінаў жыве ў Менску на вуліцы Харужай, крама разьмяшчаецца ў „Галерэі Менск“. У краме я хацеў купіць фарбы, яны патрэбны мне для маляваньня. Калі ішоў ля стэлы, то пабачыў вялікую колькасьць людзей, там жа побач стаялі аўтазакі. Ля аднаго зь іх я пачуў вельмі гучны крык чалавека. Ён даносіўся з самога аўтазака. Гук быў вельмі моцны, як быццам чалавека там рэзалі жывым. У гэты момант я вырашыў таксама далучыцца да пратэстоўцаў».
Аляксандар Нурдзінаў скончыў мастацкую вучэльню, займаўся афармленьнем сувэніраў і ілюстрацыямі. Ён пацьвярджае, што нейкі час ішоў з пратэстоўцамі па праезнай частцы. Аднак настойвае, што ніякага руху там на той момант ужо не было. Кажа, што стаў сьведкам таго, як амапаўцы білі дэманстрантаў і нават выпадковых мінакоў, у тым ліку жанчын. Па яго словах, у нейкі момант у бок удзельнікаў пратэстаў паляцелі сьвятлашумавыя гранаты, адна зь іх трапіла яму пад ногі.
«Адзін з амапаўцаў падбег да нас і ўдарыў жанчыну па галаве дубінкай, — расказаў Аляксандар Нурдзінаў у залі суду. — З гэтага моманту абстаноўка стала агрэсіўнай. Калі пад маімі нагамі выбухнула граната, я на нейкі момант асьлеп, мне апякло ногі. Я ў гэты момант ашалеў. Сарваў кветку з клюмбы і кінуў у бок АМАПу. Але не дакінуў».
«Хадзіў паглядзець людзям у вочы»
Нурдзінаў таксама прызнае, што быў у ноч з 10 на 11 жніўня ў раёне ўнівэрсама «Рыга», бачыў там барыкады і сутычкі пратэстоўцаў зь міліцыяй. Аднак адмаўляе, што ўдзельнічаў у іх і што сам будаваў барыкады на праезнай частцы.
«Я барыкадаў не будаваў, ніводнага каменя туды не паклаў, — сказаў мастак у судзе. — Калі б у вас былі доказы гэтага, вы б мне іх прынесьлі ў першы ж дзень. Я ўцёк адтуль пасьля першага штурму, калі вадамёт разбурыў барыкады. Сядзеў паўтары гадзіны ў дварах, перачакаў там. Потым пайшоў дадому, праходзіў каля таго ж месца. Там зноў пачаліся сутычкі, было шмат АМАПу, барыкады зноў узьніклі. У нейкі момант АМАП пабег на нас, я замахнуўся ў іх бок рукой, зымітаваў кідок. У мяне нічога не было ў руках. Вакол было шмат дзяўчат, я хацеў такім чынам спыніць АМАП, каб дзяўчаты маглі ўцячы».
Нурдзінаў таксама расказаў, што вярнуўся дадому паміж 3 і 4 гадзінай ночы 12 жніўня. У пратэстах працягваў удзельнічаць і далей — хадзіў на мірныя акцыі ў жніўні і верасьні. Да адказнасьці за ўдзел у іх яго ніхто не прыцягваў.
«Я хадзіў паглядзець, ці сапраўды людзі ідэйна выходзяць на акцыі пратэсту, — сказаў мастак пракурору падчас допыту. — Хацеў паглядзець людзям у вочы. Гэта ў нас яшчэ не забаронена. А 75% з таго, што вы расказалі тут аб пратэстах, я сам ня бачыў. Затое бачыў, як АМАП б’е людзей».
Па словах пракурора, падчас першых допытаў Нурдзінаў прызнаваў, што ў ноч з 10 на 11 жніўня кінуў у бок АМАПу камень. У судзе ён зачытаў адпаведныя паказаньні абвінавачанага.
«У РУУС я падпісваў усё, што мне давалі на подпіс, — адказаў на гэта абвінавачаны. — Я думаў, што мне канец. Што мяне павесяць у лесе. На мяне аказвалі ціск, прыйшлося зьмірыцца. Мяне 4 разы дапытвалі без адваката. Супярэчнасьці ў маіх паказаньнях можна патлумачыць страхам».