У 38-гадовага бабруйчаніна Сяргея Бяляева хвароба Паркінсона. Яму ўжыўлены чуйны нэйрастымулятар, трэба ўвесь час прымаць адмысловыя лекі. Але інваліда 3-й групы тры дні трымалі ў ізалятары, як ён кажа, паводле «выдуманага» абвінавачаньня ва ўдзеле ў пікеце зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Усё пачалося з вобшуку ў кватэры, падставай для якога стала крымінальная справа аб абразе двух міліцыянтаў. У ёй ён фігуруе як сьведка.
Сяргей Бяляеў апавядае Свабодзе пра тры дні свайго нявольніцтва ды пра жыцьцё, якое зьмяніла хвароба.
З прагрэсаваньнем хваробы жыцьцёвыя пляны абрынуліся
Пра хваробу Сяргей Бяляеў даведаўся 10 гадоў таму. Вэрдыкт мэдыкаў — хвароба Паркінсона — 30-гадовага мужчыну шакаваў. Мэдыкі папярэджвалі, што немач недастаткова вывучаная і будзе прагрэсаваць, але ў кожнага гэты працэс адбываецца індывідуальна. Адолець роспач дапамаглі родзічы.
На пачатковым этапе хвароба асабліва не даймала Сяргея. Ён працягваў працаваць на «Белшыне», куды ўладкаваўся па сканчэньні Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Прыдбаў машыну.
Сем гадоў таму Сяргею далі 3-ю групу інваліднасьці, а праз чатыры гады ўжывілі нэйрастымулятар. Прапісалі адмысловыя лекі, якія трэба прымаць кожныя 4 гадзіны. Калі графік парушаецца, пачынае трэсьці, ногі і рукі працінаюць сутаргі.
У сакавіку сыходзіць тэрмін дзеяньня правоў на кіраваньне аўтамабілем, і з транспартам, да якога ён дужа прывязаны, трэба разьвітвацца. Сяргей Бяляеў мусіў звольніцца зь «Белшыны». Спрабаваў знайсьці сабе іншую працу, аднак «нават вартаўніком не бяруць».
Цяпер Сяргей атрымлівае 304 рублі пэнсіі. Па ягоных словах, 152 зь іх ідзе на алімэнты. Камунальныя плацяжы забіраюць яшчэ 85. «На жыцьцё» застаецца 67 рублёў. Хоць лекі бясплатныя.
«Пад увагу міліцыі трапляў ня раз»
Сяргей Бяляеў кажа, што ў яго абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. Кажа, што пра такіх, як ён, улада згадвае толькі прынагодна, а назаўтра забывае.
Летась, з пачаткам выбарчай кампаніі, ён запісаўся добраахвотнікам у ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Глядзеў стрымы ейнага мужа Сяргея Ціханоўскага — там, кажа, людзі і сам блогер паказвалі «праўду жыцьця без прыкрас». 19 чэрвеня, у апошні дзень зьбіраньня подпісаў за прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва, яго затрымалі, але неўзабаве адпусьцілі.
Спрабаваў Сяргей трапіць у склад участковай камісіі, а калі не ўдалося, пайшоў назіральнікам. Чатыры дні сачыў за ходам папярэдняга галасаваньня, а ў канцы апошняга, згадвае ён, прыйшла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Рынеўская, і яму загадалі вызваліць ёй месца для назіраньня. У асноўны дзень галасаваньня Сяргея не пусьцілі на ўчастак наагул. За час пратэставай актыўнасьці яго некалькі разоў забірала міліцыя.
У маршах ён ня ўдзельнічаў праз здароўе, хоць, прызнаецца, хацелася. Калі судзілі пратэстоўцаў, хадзіў на суды іх падтрымліваць. Потым сустракаў з ізалятара.
«Пад увагу міліцыі трапляў ня раз, таму мяне даўно прыкмецілі», — тлумачыць ён інтарэс сілавікоў да сваёй асобы, які прывёў да вобшуку і арышту.
«Вобшук паводле крымінальнай справы за зьнявагу міліцыянтаў»
Па словах Сяргея, супрацоўнікі праваахоўных органаў наведаліся да яго 22 студзеня а 7-й раніцы. Яго разбудзіў грукат у дзьверы. Ён зразумеў, што іх ламаюць, а потым у кватэры зьнікла сьвятло.
«Даклыпаўшы, я адчыніў дзьверы, — згадвае мужчына. — На мае пытаньне, навошта іх пашкодзілі, сілавікі адказалі: «Марудна ішоў».
Ён кажа, што ў кватэру ўвайшоў сьледчы, зь ім двое сілавікоў у цывільным і двое панятых. Вобшук ладзіўся паводле крымінальнай справы за зьнявагу двух міліцыянтаў. Больш сказаць Сяргей ня можа, бо на падпісцы аб неразгалошваньні.
Апэратыўнікаў зацікавілі тэлефоны, флэшкі, кампутарныя дыскі, невялікія бел-чырвона-белыя сьцяжкі, маскі з надпісам «Страна для Жизни» ды колькі нумароў газэты «Народная Воля». У Сяргеевай машыне наткнуліся на сьцяг ды партрэт Рамана Бандарэнкі. Усё гэта міліцыянты забралі. Пад арышт трапіла і машына, бо зьявіліся прэтэнзіі да ейнага ідэнтыфікацыйнага нумару.
Дзень бязь лекаў і ежы
Падчас ператрусу гаспадару кватэры зрабілася кепска, ён некалькі разоў прасіў міліцыянтаў выклікаць хуткую дапамогу. Тыя адмаўляліся. Калі ж ён паспрабаваў бязь іхнага дазволу набраць нумар мэдыкаў, у яго забралі тэлефон.
«Няўжо ня бачыце, што мне блага», — згадвае Сяргей мальбу, пасьля якой міліцыянты зьлітаваліся.
«Мэдыкі памералі ціск, а ён 200×120, — працягвае ён. — Зрабілі ўкол і сказалі, што мяне трэба везьці ў шпіталь, на што было заяўлена: «Пакуль ня скончым вобшук, яго не забераце».
Пасьля ператрусу яго ў суправаджэньні міліцыянтаў звазілі ў шпіталь, дзе зрабілі кардыяграму, далі таблетак, а калі ціск нармалізаваўся, аддалі сілавікам.
У гарадзкім упраўленьні міліцыі Бяляева дзьве гадзіны дапытваў супрацоўнік крымінальнага вышуку, а затым склалі пратакол за ўдзел у пікеце зь бел-чырвона-белым сьцягам. На пярэчаньне, што гэта няпраўда, не зьвярнулі ўвагі. Яму не дазволілі паведаміць маці, што ён у міліцыі, а на патрабаваньне, каб яна была ягоным прадстаўніком, адказалі: у яе няма юрыдычнай адукацыі.
«Пратрымаўшы ў міліцыі бязь ежы і неабходных прэпаратаў, адправілі ў ізалятар, — апавядае Сяргей. — Мяне калаціла. Дзяжурны запытаўся ў канваіраў: каго вы мне прывезьлі? Тыя адказалі: загадана яго закрыць».
«Мэталашукальнікамі зьбілі працу нэйрастымулятара»
Сяргей кажа, што ў ізалятар прывезьлі блізу 10 вечара. Першую ноч правёў галодным, спаў на голым матрацы. Ахоўнікі казалі: да суду пасьцельнай бялізны выдаваць «не паложана». Пасьля пагрозы напісаць скаргу бялізну ўсё ж далі.
Паколькі графік прыёму лекаў быў парушаны, то раніцай наступнага дня Сяргея «ўсяго калаціла», ён ледзьве падняўся з ложка. Цела працінаў рэзкі хвалепадобны боль. Дужа балела месца каля сэрца, дзе ўшыты нэйрастымулятар. Яго звазілі да мэдыкаў, але тыя праблемаў са здароўем ня выявілі і вярнулі ў ізалятар.
Калі заводзілі ў камэру, наглядчыкі загадалі пакінуць чаравікі ў калідоры, дзень ён хадзіў басанож. Назаўтра дзяжурны ўбачыў яго босым і загадаў аддаць абутак. Што да нэйрастымулятара, то Сяргей мяркуе: ягоны рытм зьбілі ахоўнікі мэталашукальнікамі.
«Я ім ня раз казаў, каб ім не абшуквалі, — кажа ён, — але для іх гэта была нібы цацка. Пасьля бальніцы адумаліся і больш не выкарыстоўвалі іх».
Сяргей дадае, што яму давялося праходзіць пункт пропуску ў аэрапорце, і там, як толькі даведваліся пра ягоны стан, мэталашукальнікі адключалі. Кажа што зьбіты рытм працы прыбору адновіцца, але патрэбны час.
Па словах Сяргея, 23 студзеня ў ізалятары абвясьцілі карантын і на гэтай падставе не прымалі перадач. У ягонай маці ўзялі толькі лекі. Усе, каго затрымалі днём раней, няволю адбылі ў тым, у чым іх забралі з дому. Міліцыянты тады абяцалі, што адпусьцяць празь дзьве гадзіны, але фактычна ў ізалятары мусілі застацца значна даўжэй.
«У нас не было зубной шчоткі, пасты, ежы з волі. Добра, што туалетную паперу далі. Ежа ў ізалятары была халодная», — згадвае ён.
«Хачу схадзіць у лазьню»
Сяргея судзілі ў ІЧУ. Судзьдзя задаволіла ягонае хадайніцтва, каб на працэсе прадстаўніком была маці. Яе прывезьлі міліцыянты. Што да інкрымінаванага правапарушэньня, то ён перакананы: справу прыдумалі, каб пабачыў нявольніцтва. Па ягоных словах, сьведкі не маглі прыгадаць, ці стаяў ён са сьцягам. Сказалі: «магчыма, гэты мужчына, але дакладна ня памятаем».
«Няўжо мяне не маглі пакінуць на волі да суду? Бо куды мне ўцякаць», — разважае Сяргей.
Судзьдзя пакарала яго трыма адседжанымі «суткамі». Ён зьбіраецца абскарджваць вырак. Перажытае лічыць «псыхалягічным узьдзеяньнем, каб суцішыў актыўнасьць».
«Няўжо яны думаюць, што я спалохаўся? Дзіўныя яны, аднак, людзі», — заўважае Сяргей.
Цяпер ён заклапочаны, як адрамантаваць зламаныя міліцыянтамі дзьверы за сваю невялікую пэнсію. Прызнаецца, што вобшук яго ўзрушыў, самаадчуваньне пагоршылася. Каб прайсьці прафіляктычны агляд, трэба званіць сваім лекарам, а іхныя нумары ў тэлефоне, які забралі міліцыянты.
Калі здароўе адновіцца, Сяргей хоча схадзіць у лазьню. Пасьля парыльні здаецца, што хваробы няма. Ён з жалем адзначае, што лекары гэтага не ўхваляюць і рэкамэндуюць яму ад лазьні ўстрымлівацца.