Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера-палітвязьня Ўладзімера Няронскага пакаралі трыма гадамі зьняволеньня. Фота, відэа

абноўлена

Уладізмер Няронскі ў судзе 2 лютага
Уладізмер Няронскі ў судзе 2 лютага

Блогера, аўтара Youtube-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага асудзілі на тры гады калёніі агульнага рэжыму. Гэта першы прысуд фігурантам так званай «справы Ціханоўскага».

Судзьдзя Аляксандар Рыбакоў у судзе Лагойскага раёну прызнаў яго вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады і арганізацыі і падрыхтоўцы групай асобаў дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (артыкулы 369 і 342).

Сьцісла пра Ўладзімера Няронскага

  • Быў аўтарам Youtube-каналу «Слуцк для жизни». Далучыўся да перадвыбарчай каманды блогера Сяргея Ціханоўскага.
  • Казаў, што не адносіць сябе да апазыцыі, а падзеі ў краіне назваў «генацыдам, які назапашваўся 26 гадоў».
  • Уладзімера Няронскага затрымалі разам з паплечнікамі Сяргея Ціханоўскага яшчэ 6 траўня.
  • Тады яму прысудзілі 10+5 сутак адміністрацыйнага арышту за «арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу з публічным абмеркаваньнем улады» — сустрэчу жыхароў Магілёва з камандай Ціханоўскага. На волю ён так і ня выйшаў.
  • Яго ўтрымлівалі ў ІЧУ Слуцкага РАУС, жодзінскай сьледчай турме № 8 і ў ІЧУ Лагойскага РАУС.
  • Па словах Няронскага, у слуцкім ізалятары ўлетку ён перанёс мікраінсульт.
  • Судовы працэс супраць яго пачаўся 12 студзеня
Пакурор Аляксандар Ляўковіч
Пакурор Аляксандар Ляўковіч

Раней казаў, што ў сваіх відэароліках Няронскі публічна заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах у Слуцку, Мазыры, Берасьці і Бабруйску. А група асобаў — гэта Сяргей Ціханоўскі і Мікалай Статкевіч. Сувязь Няронскага зь імі, на думку пракурора, даказаная тым, што тэлефон Статкевіча быў у запісной кніжцы Няронскага, а Ціханоўскі стварыў яму акаўнт.

Няронскага таксама абвінавацілі ў абразе старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага (арт. 369, пакараньне паводле гэтага артыкулу не прадугледжвае пазбаўленьня волі).

Дачка і былая жонка Няронскага
Дачка і былая жонка Няронскага

Адвакат палітвязьня Сяргей Лепеш прасіў апраўдаць Няронскага, бо на судзе не было даказана ягонае злачынства паводле артыкулу 342. На думку адваката, аўтар абвінавачаньня «абмежаваўся толькі агульнымі фразамі», якія носяць «выключна ацэначны характар» і сьведчаць хутчэй пра «яго стаўленьне да Няронскага, а таксама Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца і Сяргея Ціханоўскага».

Палітвязень прызнаў сябе вінаватым у абразе старшыні Слуцкага райвыканкаму Янчэўскага, а паводле другога артыкулу абвінавачаньня — не.

Праваабаронцы лічаць, што крымінальны перасьлед Няронскага мае выключна палітычныя матывы.

Што Няронскі казаў пра выстаўленае абвінавачаньне

Уладзімер Няронскі прызнаваў, што сапраўды публікаваў ролікі, у якіх вельмі эмацыйна выказваўся, але ніякай змовы зь Ціханоўскім і іншымі не было. Што да абразы, блогер прызнаў віну ў поўным аб’ёме, сказаў, што гатовы публічна прынесьці прабачэньні.

Падчас допыту Няронскага ў судзе той заявіў, што лічыць яго «правай рукой Ціханоўскага» недарэчна, паколькі Ціханоўскі яму не давяраў, бо хтосьці яму сказаў, што слуцкі блогер — «засланы казачок ад КДБ». Па словах падсуднага, супольнай мовы зь Ціханоўскім ён так і не знайшоў.

«Зь Ціханоўскім у нас былі розныя погляды. Я вельмі дзёрзка выказваўся пра ўладу, а Ціханоўскі казаў, што нельга так эмацыйна выказвацца. Гэта відаць з майго першага жывога эфіру з Мазыру, дзе ў дзяцей з інваліднасьцю хацелі забраць дзіцячы цэнтар „Вясёлка“. Але, дзякуй Богу, дзецям яго вярнулі, усё вырашылася. Я тады плакаў сам. Але Ціханоўскі пару разоў нэгатыўна выказаўся пра мае ролікі, нібыта я занадта эмацыйны».

Уладзімер Няронскі расказаў, што за ўвесь час асабіста зь Ціханоўскім сустракаўся 4-5 разоў. Ніякіх грошай за разьмяшчэньне ролікаў у інтэрнэце ні ад Сяргея Ціханоўскага, ні ад іншых людзей ён не атрымліваў. На пытаньне пракурора аб знаёмстве са Статкевічам блогер адказаў адмоўна, а зь Севярынцам случак гутарыў толькі на тэму рэлігіі.

«Мы размаўлялі зь Севярынцам пра Бога. Мне гэтая палітыка-прастытуцыя нецікавая. Мне цікава было, як ён прыйшоў да Бога».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG