Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова за кратамі ўжо 70 дзён


Кацярына Андрэева (зьлева) і Дар'я Чульцова.
Кацярына Андрэева (зьлева) і Дар'я Чульцова.

Журналісткі тэлеканалу «Белсат», палітзьняволеныя Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева знаходзяцца за кратамі роўна 70 дзён. Неўзабаве мае пачацца суд на імі, журналісткам пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш расказаў «Белсату», што апошнім часам наладзілася сытуацыя зь ліставаньнем: цягам тыдня ён атрымаў ад жонкі 3 лісты — больш, чым за першыя 1,5 месяца зьняволеньня.

«Кацярына падыходзіць да суду ў добрай форме — і фізычна, і эмацыйна. Піша, што „неяк спакойная за свой лёс“, і калі спатрэбіцца, то ўсё выцерпіць і перанясе. Камэнтуе тое, што адбываецца, з іроніяй», — кажа Ігар Ільяш.

Кацярына атрымлівае ў турме шмат лістоў, у тым ліку з-за мяжы — зь Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Бэльгіі, Бразыліі. Атрымала нават ліст на афіцыйным блянку ад амбасадара Румыніі ў Беларусі.

У турме ёй даводзілася сустракацца зь іншымі палітвязьнямі. У жодзінскім СІЗА яна працяглы час сядзела ў адной камэры з 19-гадовай Рэнатай Сьмірновай, якую арыштавалі за ўдзел у маршы 1 лістапада, таксама сустрэла 18-гадовую Соф’ю Малашэвіч, якую нядаўна пакаралі 2 гадамі калёніі за тое, што размалявала шчыты сілавікоў.

На гэтым тыдні супрацоўнікі «Белсату» атрымалі лісты ад Дар’і Чульцовай. Яна піша, што таксама атрымлівае вельмі шмат лістоў. Піша, што трымаецца, адчувае сябе добра. Сумуе па працы і спадзяецца, што больш нікога зь яе калегаў не арыштавалі.

  • Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада. Іх затрымалі за стрым, падчас якога яны паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэньне сілавікамі народнага мэмарыялу.
  • Журналісткам выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Іх вінавацяць у актыўным удзеле і нават кіраваньні «групавымі дзеяньнямі, што груба парушаюць грамадзкі парадак», якія пацягнулі за сабой парушэньне працы грамадзкага транспарту. Сьледзтва сьцьвярджае, што стрым Кацярыны і Дар’і пацягнуў за сабой прыпыненьне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных. Шкоду, нанесеную ГП «Менсктранс», ацанілі ў 11 562 рублі і 14 капеек.
  • 11 студзеня матэрыялы справы перадалі ў Фрунзэнскі раённы суд Менску. Дата суду яшчэ не прызначаная. Пакуль Кацярына і Дар’я застаюцца ў жодзінскім СІЗА.
  • Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG