Любоў Сарлай — мама ў дэкрэце. У нядзелю 17 студзеня яна выйшла прагуляцца па Горадні. Надзела цёплыя штаны зь бела-чырвонымі лямпасамі, узяла каву, разгаварылася па дарозе з жанчынай. Яны ўдзьвюх ішлі ў бок Моладзевага цэнтру, калі ззаду падбег АМАП і папрасіў прайсьці ў бус, піша «Наша ніва».
«У пратаколе напісалі, што я ўдзельнічала ў пікеце, крычала „Жыве Беларусь“. Але міліцыянт ад рукі яшчэ складаў тлумачальную — там было пра колер штаноў, які парушае грамадзкі парадак. Я зьдзівілася: што, такое цяпер у дакумэнтах пішуць?» — расказала жанчына.
«Я пыталася ў міліцыянтаў, за што мяне затрымалі. На што яны адказалі пытаньнем: „То бок вы сваімі штанамі нічога не хацелі сказаць?» — прыводзіць словы Любові горадзенскі рэсурс s13.
Ноч яна са знаёмай правялі ў ІЧУ. Суд праз скайп адбыўся ў панядзелак.
«Судзьдзя цікавіўся маім адзеньнем. Пытаўся, якога колеру на мне была куртка, якога колеру шалік. На штанах — гэта заводзкая аздоба. Я казала: можаце ўзяць і паглядзець, што лямпасы я не сама нашывала. Штаны ў мяне з 2014 году, я ў іх яшчэ цяжарная хадзіла, раней пытаньняў не было. Яны якраз для халадоў».
У Любові двое малых дзяцей — 2 і 6 гадоў, таму «суткі» ёй даць нельга. Судзьдзя Руслан Гурын выпісаў штраф у 20 базавых (580 рублёў). Тое ж прысудзілі і жанчыне, якую затрымалі разам зь Любоўю. Штаны не канфіскоўвалі.
Гарадзенку, дарэчы, судзілі ня першы раз. Было паседжаньне пасьля затрыманьня ў кастрычніку, а таксама за фота ў інстаграме. Але ў абодвух выпадках суд жанчыну апраўдаў.
17 студзеня афіцыйны прадстаўнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Яўген Дудко заявіў «Інтэрфаксу», што міліцыя затрымала дзьвюх жанчын, «якія агрэсіўна паводзіліся і выкрыквалі лёзунгі».