Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як Жанна Д’Арк». Расейская праваабаронца параўноўвае ўчынкі Калесьнікавай і Навальнага


Марыя Калесьнікава, Аляксей Навальны
Марыя Калесьнікава, Аляксей Навальны

Праваабаронца, суаўтарка расейскага законапраекту аб хатнім гвалце Алена Папова параўноўвае ўчынкі расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага і беларускай лідэркі Марыі Калесьнікавай, гаворыць пра ўрокі для расейскай праваабарончай супольнасьці ў беларускім мірным пратэсьце.

Сьцісла

  • Гэта быў учынак практычна як у Жанны ДʼАрк — устаць на гэтае вогнішча, куды вельмі актыўна падкідаюць дровы ўсе навакольныя, гарэць і ўсё роўна не пайсьці супраць сваіх перакананьняў.
  • У параўнаньні з Марыяй гасьне знакамітая Юлія Цімашэнка. У Цімашэнкі быў зарад выключна на ўладу, а ў Машы — на ўнутраную свабоду, на абʼяднаньне, на негвалтоўнасьць.
  • Вяртаньне Аляксея Навальнага і ўчынак Марыі Калесьнікавай — унікальныя, сьмелыя ўчынкі дваіх моцных палітыкаў. Марыя ў мяне выклікае нават большую пашану.
  • Калі Маша разарвала свой пашпарт, яна рэзка зьнікла з інфармацыйнага поля Расеі. Пра Аляксея паўсюль працягваюць гаварыць, і ў Беларусі таксама. А Машу пасадзілі, і ў нас цішыня наступіла.
  • Спадзяюся, што Аляксей калі-небудзь з Машай сустрэнецца. Спадзяюся, што надышоў час новых палітыкаў. Гэта людзі, якія нічога не баяцца.
  • Сьвятлана Ціханоўская — унікальны лідэр, яна маці сусьвету. У яе мацярынскі пачатак, ёй верыш, хочацца яе падтрымліваць. Абсалютна неагрэсіўная і пры гэтым вельмі моцная.

Пра ліст генпракурору Беларусі ў падтрымку Калесьнікавай

Алена Папова
Алена Папова

У той мэтавай групе, дзе я кантактую, тэма Беларусі гучыць увесь час. Мы вамі вельмі захапляемся і лічым велізарным прыкладам. Беларускі рух за свабоду выбару і за павагу да сваіх правоў аказаўся нашмат больш зьяднаным і моцным, чым было ў нас у 2011–2012 гадах. Чаму Марыя? Таму што гэта вельмі яркі ўчынак — ня зьехаць, разарваць свой пашпарт, паслаць да чорта ўсю гэтую сыстэму, усе пагрозы. Гэта быў учынак практычна як у Жанны ДʼАрк — устаць на гэтае вогнішча, куды вельмі актыўна падкідаюць дровы ўсе навакольныя, гарэць у гэтым агні і ўсё роўна не пайсьці супраць сваіх перакананьняў. Такой яркай лідэркі я даўно не сустракала.

На мой погляд, у параўнаньні з Марыяй гасьне славутая Юлія Цімашэнка. У Цімашэнкі быў зарад выключна на ўладу, а ў Машы абсалютна іншы пасыл — на ўнутраную свабоду, на абʼяднаньне, на негвалтоўнасьць. Мы ўсе вельмі актыўна Машу падтрымліваем, думаем, што можна зрабіць з нашага боку, што ў нашых сілах, каб усе палітычныя зьняволеныя ў Беларусі адчувалі, што яны не адны, што людзі ў Расеі, якія змагаюцца за правы чалавека, іх вельмі падтрымліваюць. Нам вельмі важна, каб палітзьняволеныя жанчыны і асабліва Марыя Калесьнікава ведалі, што яны для нас проста на пʼедэстале, і мы гатовыя за іх змагацца.

Я і наша арганізацыя «Ты не адна» (сетка ўзаемадапамогі жанчын) адправілі ліст генэральнаму пракурору Беларусі і ліст у суд. Мы лічым знаходжаньне Машы пад вартай залішнім, а яе зьняволеньне — маніпуляваньнем правам і пагарджаньнем правамі чалавека, паколькі з надуманых прычын Маша знаходзіцца пад арыштам, як, уласна, і ўсе беларускія палітвязьні. Мы напісалі генэральнаму пракурору, што тыя злачынствы, якія ёй інкрымінуюцца, дагэтуль не былі даказаныя, што яна ўтрымліваецца пад вартай у непрымальных для яе здароўя ўмовах. Мы як жаночая праваабарончая супольнасьць Расеі разьлічваем, што Генэральная пракуратура будзе выконваць свае абавязкі — кантраляваць сілавыя структуры, каб яны выконвалі закон. Гэта, вядома, усё лірыка і словы, і нашы паперы — гэта проста паперы. Самае галоўнае, што мы хацелі перадаць сваімі дзеяньнямі, — што Маша для нас такі ж моцны і яркі прыклад, як Жанна ДʼАрк для многіх у гісторыі чалавецтва.

Пра гераічныя ўчынкі Калесьнікавай і Навальнага

Вяртаньне Аляксея Навальнага і ўчынак Марыі Калесьнікавай — гэта два ўнікальныя, сьмелыя ўчынкі двух моцных палітыкаў. Марыя ў мяне выклікае нават большую пашану. Аляксей у Расеі мае вялізарную колькасьць пасьлядоўнікаў, і яна павялічваецца. Калі падчас выбарчай кампаніі ён прэтэндаваў на пасаду мэра Масквы і яго на адзін дзень «закрывалі», мы ўсе выходзілі да будынка Дзяржаўнай Думы, і гэта была шматлюдная акцыя. Аляксей ведае, што ў яго вельмі вялікая падтрымка, і гэта заўсёды дае сілы. У Машы гэтага не было.

Маша гендэрна моцна адрозьніваецца ў падыходах. Аляксей — палітык. Палітыка ў нашай гендэрнай постсавецкай гісторыі ўсё ж лічыцца мужчынскім заняткам. Лукашэнка рэгулярна дыскрымінуе жанчын у сваіх выказваньнях, маўляў, жанчыны мусяць быць кухаркамі, а мужчыны кіраваць дзяржавай, даводзячы людзям, што жанчыны толькі побач пастаяць прыйшлі.

Учынак Машы сапраўды гераічны. Сусьветная супольнасьць ня так уважліва за яе лёсам назірае. Гэта відаць, бо яна дагэтуль знаходзіцца пад вартай. У мяне ўвесь час сэрца сьціскаецца. Я не разумею, чаму сусьветная супольнасьць ня ўключыцца з такой яркай жаночай тэмай і кансалідавана ня скажа: вызваляйце палітзьняволеных, Марыю асабліва, і ўсіх жанчын-палітзьняволеных. Няважна, мужчыны ці жанчыны палітзьняволеныя, важны ня пол, а асобы і за што яны змагаюцца. Міжнародная ўвага да Аляксея моцна прыцягнутая, а да Марыі не.

Маша разарвала свой пашпарт; што зь ёй робяць, невядома. Яна рэзка зьнікла з інфармацыйнага поля Расеі. Пра Аляксея паўсюль працягваюць гаварыць, і ў Беларусі таксама. А Машу пасадзілі, і ў нас цішыня наступіла. Зь яе за кратамі маральна зьдзекуюцца. Лісты не даходзяць. Чаму пра гэта гучна не гавораць? Я спадзяюся, што Аляксей калі-небудзь з Машай сустрэнецца. Я ўвогуле спадзяюся, што надышоў час новых палітыкаў. Гэта людзі, якія нічога не баяцца. Асабліва не баяцца гэтага сілавога катка.

Пра беларускі жаночы пратэст

Я захапляюся жаночым пратэстам у Беларусі. Нізкі паклон. Калі мы выходзілі да беларускай амбасады ў Маскве, сярод нас стаялі жанчыны-беларускі, якія чыталі вершы, сьпявалі песьні, так годна сябе паводзілі. Мне здавалася, што мы стаім побач з маральнымі глыбамі, жанчынамі са сталёвым хрыбетнікам, велізарнай сілай волі, якія гараць вялікай ідэяй, дзеля якой яны там стаяць. Сусьветная гісторыя, гісторыя Беларусі, гісторыя Расеі пацьвярджае, што калі жанчыны плячо ў плячо становяцца, мы можам разам выправіць увесь маразм і цемрашальства вакол нас. Я бачу, як жанчыны не баяцца, як вядуць блогі, як дапамагаюць вязьням, як удзельнічаюць у акцыях, і гэта ўсе не спыняецца, нягледзячы на гэты флёр і фон, калі Лукашэнка сядзіць на троне, надзеўшы сабе пажыцьцёвую карону.

Жанчыны, адрозна ад мужчын, як я бачу, ніколі ня робяць кроку назад. У іх ёсьць ідэя, у нас усіх ёсьць ідэя, што мы хочам жыць у іншай будучыні. Я ведаю вельмі шмат жанчын, якія ўдзельнічаюць у пратэстах. Яны вельмі слушна фармулююць, што, як і навошта мы можам зрабіць. Мы ў Расеі кажам, што каб наша жаночая праваабарончая супольнасьць так выходзіла, у нас ужо быў бы закон аб хатнім гвалце, закон супраць дамаганьняў. Слуцкага, які дамагаўся журналістак, выгналі б зь Дзяржаўнай думы, і сыстэма б зьмянілася. Але мы чамусьці так ня можам, мы так масава гэтага ня робім. І гэта адрозьнівае нас ад вас.

Пра жаночы парадак дня ў мірным пратэсьце

Я думаю, што ў вас цяпер стаіць самая галоўная мэта — унутраная і вонкавая свабода, і каб будучыня зьмянілася ў лепшы бок. І потым жаночы парадак дня, гендэрны парадак абавязкова зьявіцца. У гэтых пратэстах шмат удзельнічае жанчын, нашых паплечніц, саюзьніц, я ведаю шмат жанчын — суаўтарак закону аб хатнім гвалце ў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у пратэстах. Барацьба з дыктатурай дыктуе неабходнасьць абʼяднацца вакол 2–3 ідэй. Тут гэтыя ідэі — сфальсыфікаваныя выбары і неабходнасьць свабоды і справядлівасьці. Дзеля гэтых ідэяў людзі абʼядналіся. Лепей цяпер не сэгмэнтаваць. Большасьць тых, каго я бачу, — людзі, якія выступаюць супраць гвалту, і тэма хатняга гвалту будзе потым на парадку дня.

Пра лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую

Выдатны прыклад чалавека, які бярэ і ня кідае тое, што пачаў, і ідзе, нягледзячы на цемру. Я ёю захапляюся. Глядзела яе інтэрвію зь Ірай Шыхман. Я сама малаэмацыйны чалавек, але некаторую частку інтэрвію я проста рыдала. Гэтая шчырасьць, якая ёсьць у Сьвеце, абсалютна не палітызаваная. Гэта не прагматычная шчырасьць, якая ёсьць у лідэраў-палітыкаў ва ўсім сьвеце і асабліва на постсавецкай прасторы. Сьвятлана — унікальны лідэр, яна маці сусьвету. У яе мацярынскі пачатак, ёй верыш, хочацца яе падтрымліваць. Абсалютна неагрэсіўная і пры гэтым вельмі моцная. У сьвеце маскуліннасьці і прадпісанасьці агрэсіі Сьвятлана вылучаецца тым, што яе сіла ў абсалютнай негвалтоўнасьці. Гэта крута. Я выпісваю некаторыя рэчы, вешаю сабе на сьценку, гляджу і думаю, што нам таксама так трэба.

Пра беларускія ўрокі

Мы ўсе разьяднаныя, і ў гэтым вялікая праблема. Трэба навучыцца абʼядноўвацца, як беларусы. Чаго пазьбегнуць? Страху, але ў Беларусі ніякага страху няма ні ў кога. Гэта, хутчэй, нашы асабістыя ўрокі. Мы часта задаём сабе пытаньне, адкуль у нашым пакаленьні сядзіць генэтычны страх. У маёй сямʼі былі рэпрэсаваныя, расстраляныя, і бацькі культывавалі, што свабода — гэта тое, за што ня страшна і памерці. Гэтага страху няма ў бацькоў і бабулі, а ў мяне чамусьці ёсьць, нягледзячы на тое, што я ўдзельнічаю многіх акцыях. Гэта вялікая праца над сабой, якая патрэбна ўсім нам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG