У менскім комплексе «БелЭкспа» 16 студзеня правялі прыём Лукашэнкі, на якім ён выказваў падзяку прапагандыстам зь дзяржаўнай тэлевізіі і сілавікам за працу, а таксама выказаўся пра хуткае зьмяншэньне ўплыву інтэрнэту. Беларусы пачалі пісаць сьпевакам, якія ўдзельнічалі ў вечарыне, крытычныя камэнтары, паведамляе afisha.tut.by.
У музычнай частцы вечарыны бралі ўдзел артысты зь Беларусі, якія даўно падтрымліваюць дзеяньні ўладаў. Гэта Алена Ланская, Аляксандар Саладуха, Вікторыя Алешка, Руслан Аляхно, Жанэт, Ірына Дарафеева, Яўген Алейнік і Юлія Быкава з гурту Aura, арт-гурт «Беларусы». Вядоўцамі канцэртнай часткі выступілі Вольга Венская з тэлеканалу «Беларусь-1» і Герман з АНТ. Афіцыйную частку вёў калега апошняга Аляксандар Аверкаў.
Таксама сярод удзельнікаў знайшліся расейцы Стас Міхайлаў, Валерый Сюткін, Зара, украінкі Ірына Білык і Эліна Івашчанка.
Частка старонак артыстаў у інстаграме і іншых сацсетках у прыватным рэжыме, а на адкрытых профілях пасьля камэнтароў ад беларусаў, якія крытыкавалі выступоўцаў за падтрымку забойстваў і катаваньняў мірных пратэстоўцаў рэжымам Лукашэнкі, пачалася цэнзура, шэраг гнеўных камэнтароў артысты выдалілі.