У сваёй афіцыйнай заяве Liqui Moly паведаміла, што кампанія вядомая як «перакананы спартовы фундатар». Там адзначылі, што зь нецярпеньнем чакалі чэмпіянату сьвету ў хакеі – 2021, а рашэньне стаць спонсарам прынялі ў 2017 годзе.
Кампанія, вядомая сваёй алівай і змазкамі для аўтамабіляў, падкрэсьліла, што імкнецца да справядлівасьці, павагі, свабоды і абароны правоў чалавека. Але ў апошні час перад Liqui moly паўсталі рэпутацыйныя рызыкі ў сувязі з магчымым правядзеньнем чэмпяінату сьвету ў Менску.
«Цяперашняя сытуацыя ў Беларусі, а таксама палітыка ўраду, неадэкватнае абыходжаньне з дэманстрантамі і відавочныя парушэньні правоў чалавека глыбока супярэчаць перакананьням і каштоўнасьцям Liqui moly. З гэтай прычыны кампанія адменіць сваё спонсарства чэмпіянату сьвету ў хакеі, калі камітэт ІІХФ пакіне ў сіле ранейшае рашэньне і дазволіць Беларусі прыняць чэмпіянат».
Liqui moly ня першая міжнародная кампанія, якая пагражае адмовіцца ад падтрымкі чэмпіянату сьвету, калі яго не забяруць у Беларусі. Раней пра такія намеры расказалі Nivea, Škoda і Tissot. Адзначым, што ўсе названыя кампаніі выступаюць спонсарамі хакейных чэмпіянатаў сьвету шмат гадоў.