«З шэрагу інкрымінаваных працёкаў, якія паказваюць, што беларускія ўлады прынялі рашэньне здушыць мірны пратэст з дапамогай наўмысных парушэньняў правоў чалавека, гэты запіс — калі ён сапраўдны — зьяўляецца самым жахлівым, — прыводзіць сайт арганізацыі словы намесьніка дырэктара па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Дзяніса Крывашэева. — Усё, што на ім гаворыцца, павінна быць неадкладна, бесстаронна і эфэктыўна расьсьледавана. Калі высокапастаўлены міліцыянэр загадвае сваім падначаленым страляць гумовымі кулямі па геніталіях, у жываты і ў галаву, калі ён прапаноўвае стварыць лягеры для інтэрнаваных для найбольш актыўных пратэстоўцаў, маючы на ўвазе, што іх сьмерць проста пазбавіць краіну ад нікому не патрэбных людзей, то, згодна зь міжнародным правам, ён аддае загад учыняць злачынствы».
«Голас на запісе таксама спасылаецца на непасрэдныя ўказаньні „кіраўніка дзяржавы“. Узьнікае пытаньне, як у такім выпадку могуць быць эфэктыўна расьсьледаваныя ў Беларусі факты, якія ўтрымліваюцца ў гэтым запісе? Аднак дзяржава ў любым выпадку нясе адказнасьць за расьсьледаваньне парушэньняў права ў галіне правоў чалавека і павінна распачаць у дачыненьні да парушальнікаў судовы перасьлед у рамках справядлівага судовага разбору. Мы меншага не патрабуем», — дадаў Крывашэеў.
Ініцыятыва ByPOL, якая аб’ядноўвае былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, 15 студзеня апублікавала гуказапіс, на якім чалавек з голасам, падобным да голасу Карпянкова, што раней узначальваў ГУБАЗіК, кажа пра мэтады барацьбы з пратэстоўцамі ў Беларусі. Запіс зроблены ў кастрычніку 2020 году пасьля таго, як на пасаду міністра ўнутраных спраў быў прызначаны Іван Кубракоў (гэта адбылося 29 кастрычніка).
У прэс-службе МУС апублікаваны запіс камэнтаваць адмовіліся. «Мы не камэнтавалі і камэнтаваць ня будзем фэйкі», — заявіла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава.
Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што аўдыёзапіс ужо адпраўлены ў Кангрэс ЗША, АБСЭ, Раду Эўропы і «іншым міжнародным партнэрам». «Мы ўжо заклікалі ЭЗ прызнаць ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі. Карпянкоў ужо стаў падазраваным у крымінальнай справе па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, што пагражае яму міжнародным вышукам. Ён ужо ў санкцыйных сьпісах балтыйскіх краін. Мы не дадзім сьвету забыць пра тое, што адбываецца ў Беларусі проста цяпер», — падкрэсьліла яна.