Лінкі ўнівэрсальнага доступу

45 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыю за перанос хакейнага чэмпіянату сьвету зь Менску


Прэзэнтацыя менскай часткі турніру ў лютым 2020 году
Прэзэнтацыя менскай часткі турніру ў лютым 2020 году

45 тысяч чалавек падпісаліся пад пэтыцыяй у Міжнародную фэдэрацыю хакею (IIHF) з патрабаваньнем адхіліць Беларусь ад правядзеньня чэмпіянату сьвету 2021 году празь беспрэцэдэнтны гвалт сілавых структур супраць мірных грамадзян.

З ініцыятывай ліста на плятформе Сhange.org выступіла Юлія Абасава — хакеістка ў амплюа брамніцы, маркетоляг паводле адукацыі.

«Я люблю хакей усім сэрцам ад самага дзяцінства. Як мянчанка і энтузіястка гэтага віду спорту зь нецярпеньнем чакала чэмпіянату сьвету-2021. Але сёньня я прашу не закрываць вочы на тое, што турнір плянуецца ў краіне крывавага рэжыму. Не кампрамэтуйце МФХ і хакей у цэлым у вачах сусьветнай супольнасьці», — зьвяртаецца спартоўка да кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі хакею.

Актыўнасьць падпісантаў рэзка ўзрасла пасьля таго, як напярэдадні ў Менск наведаўся кіраўнік гэтай арганізацыі Рэнэ Фазэль. Ён цёпла размаўляў з Аляксандрам Лукашэнкам і старшынёй Беларускай фэдэрацыі хакею Дзьмітрыем Баскавым, якога падазраюць у датычнасьці да выкраданьня і забойства актывіста Рамана Бандарэнкі.

Таксама хакейны функцыянэр наведаў матч КХЛ з удзелам менскіх дынамаўцаў. Ён паўтарыў, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай.

«Задача ліста — зьвярнуць увагу спартовай грамадзкасьці на жудасны гвалт з боку ўладаў і пазбавіць дыктатарскі рэжым права на сьвята такога ўзроўню, — адзначае Юлія Абасава. — Бо калі крывавы рэжым Лукашэнкі застанецца, да пачатку турніру ў Менску многія незаконна арыштаваныя ўжо будуць асуджаныя і кінутыя ў турмы. Ніякае спаборніцтва ня мае большага значэньня, чым жыцьці людзей».

Паводле аўтаркі пэтыцыі, пазыцыя адносна правядзеньня чэмпіянату сьвету можа быць перагледжаная толькі ў адным выпадку — пасьля зьмены нелегітымнага рэжыму.

«Мы будзем вітаць правядзеньне чэмпіянату ў Менску, калі адбудзецца зьмена ўлады, усе палітвязьні выйдуць на волю, а выпадкі арыштаў дзясяткаў тысяч мірных беларусаў, зьбіваньня да сьмерці, катаваньняў, згвалтаваньняў і іншых фактаў беззаконьня пачнуць расьсьледаваць. Калі ж Лукашэнка застанецца, турнір стане поўным цынізмам з боку ІІХФ у адносінах да беларускага народу», — лічыць Юлія Абасава.

Старт чэмпіянату сьвету па хакеі-2021 заплянаваны на апошнюю дэкаду траўня ў Менску і Рызе. Кіраўніцтва Латвіі ўжо папярэдзіла, што адмовіцца ад сваёй часткі спаборніцтваў, калі Беларусь не пазбавяць такога права. Пра байкот кажуць і прадстаўнікі іншых краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG