Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сваім жыцьцём я буду распараджацца сам». Блогер Лосік адмаўляецца спыняць галадоўку


Ігар Лосік
Ігар Лосік

13 студзеня суд зноў будзе вырашаць, ці пакідаць блогера пад вартай. За кратамі Ігар ад 25 чэрвеня 2020 году — 199 дзён.

12 студзеня адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга», а таксама кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка ў СІЗА Жодзіна наведаў яго адвакат Дзьмітры Лепрэтар. Сустрэча працягвалася каля дзьвюх гадзін. Па словах адваката, Ігар працягвае галадоўку пратэсту.

«Ігар працягвае галадаць. Кажа, што адчувае сябе добра, — расказаў адвакат Дзьмітры Лепрэтар. — Наколькі гэта так, я не магу праверыць. Выглядае ён досыць бледным. Ігар забясьпечаны, наколькі я разумею, мінімальным мэдычным назіраньнем. Наколькі яго можа дазволіць сабе ўстанова, дзе ён знаходзіцца. Яму мераюць ціск. Ня так даўно сталі замяраць узровень цукру ў крыві. Урачы, мэдычныя супрацоўнікі спрабуюць сачыць за яго станам.

Узьнікла невялікая праблема зь перапіскай. Апошнюю вялікую партыю лістоў ён атрымаў у мінулы аўторак. Пасьля гэтага Ігар атрымаў толькі некалькі заказных лістоў, і вось сёньня прыйшоў адзін ліст. Дакладней, пусты канвэрт з паштоўкамі. Мы дакладна ведаем, што Ігару пішуць людзі, але, на жаль, на гэтым тыдні яму лістоў не перадавалі».

У сераду 13 студзеня Менскі гарадзкі суд разгледзіць скаргу абароны Ігара Лосіка на адмову суду Партызанскага раёну вызваліць палітвязьня з-пад варты.

Сам Ігар з жодзінскага СІЗА перадае наступнае:

«Амаль месяц прайшоў з пачатку маёй галадоўкі. Хацеў бы выказаць падзяку ўсім, хто мяне падтрымлівае. Нягледзячы на тое, што мне з аўторка мінулага тыдня перасталі перадаваць вашыя лісты, я ведаю, што вы мне пішаце. Шмат пішаце. Усім, ад каго я атрымаў лісты, я адказаў — чакайце пэрсанальныя словы падзякі, малюнкі і навіны з майго турэмнага жыцьця. Напэўна, вера ў вас, а таксама ў сваю праўду і невінаватасьць даюць мне сіл трымацца. Усім даўно відавочна, што мой крымінальны перасьлед беспадстаўны.

Вельмі вас усіх прашу — ня трэба ўгаворваць мяне спыніць галадоўку і здацца. Як я магу здацца, калі больш за паўгода мяне трымаюць у турме незаконна. Я ўжо забыўся голас сваёй дачкі. Я разумею, што мае родныя і ўсе неабыякавыя людзі вельмі хвалююцца за маё здароўе. Але спыняцца я не магу і не хачу. Сваім жыцьцём я буду распараджацца сам, а сілы ў мяне пакуль яшчэ ёсьць. Я веру ў сілу вашай салідарнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG