Якім быў гістарычны досьвед эпохаў палітычнай рэакцыі ў Беларусі: пасьля паўстаньня 1863 году, пасьля рэвалюцыі 1905 году ў Расейскай імпэрыі, пасьля Плошчы-2010? У якой ступені брутальнасьць рэакцыі абумоўлена псыхалягічнымі асаблівасьцямі яе лідэраў? Што ў гісторыі паўтараецца са стагодзьдзя ў стагодзьдзе, а што зусім не падобна на мінулае?
Над гэтымі тэмамі ў «Праскім акцэнце» разважаюць гісторык і антраполяг Павал Церашковіч і доктар-псыхіятар, грамадзкі дзеяч Дзьмітры Шчыгельскі.
Церашковіч
- Паўстаньне 1863-1864 гадоў было сапраўды ўзброеным паўстаньнем, зь вядзеньнем рэгулярных ваенных дзеяньняў. Яно выклікала і адпаведную рэакцыю.
- Сёньня мы бачым мірны пратэст і абсалютна неадэкватны гвалт у адказ.
- Пасьля задушэньня паўстаньня 1863-1864 гадоў ціснулі ў асноўным на яго непасрэдных удзельнікаў і тых, хто яму дапамагаў.
- Было ўведзена ваеннае становішча, якое трымалася некалькі гадоў, пакуль генэрал-губэрнатарам быў Мураўёў.
- У той рэакцыі пасьля паўстаньня былі і сацыяльныя бэнэфіцыяры — гэта найперш сяляне, яны атрымалі відавочныя плюсы.
- Адміністрацыя вырашыла, што трэба адсякаць сялянства ад паўстаньня і дзеля гэтага трэба выкарыстоўваць пернікі.
- Сяляне рабіліся ўласьнікамі зямлі, для іх зьнізілі кошт зямлі на 20%
- А пацярпела ад рэакцыі шляхта, і ня толькі тая, якая ўдзельнічала ў паўстаньні.
- Мураўёў увёў кантрыбуцыю, якую павінныя былі плаціць усе памешчыкі, у тым ліку і расейскага паходжаньня.
- Галоўнай мішэньню былі палякі, палякам-каталікам было забаронена працаваць на дзяржаўнай службе.
- Палякам было забаронена купляць зямлю, а беларусам-каталікам — дазволена.
- Былі забароненыя адукацыя і друк па-польску.
- У Сібір пасьля паўстаньня выслалі сама меней 12 тысяч чалавек (на 3,5 мільёна тагачаснага насельніцтва беларускіх земляў).
- Падчас рэвалюцыі 1905-1907 гадоў праз Пішчалаўскі замак у Менску прайшлі 28 тысяч чалавек, тады ў Беларусі ўжо жыло каля 6 мільёнаў.
- Калі параўноўваць з ранейшымі эпохамі рэакцыі — пасьля паўстаньня 1863 году, пасьля першай расейскай рэвалюцыі 1905 году, тады ўлада дзейнічала больш рацыянальна.
- Адказам на рэвалюцыю 1905-1907 году былі ня толькі рэпрэсіі, але і сталыпінская рэформа, і тут сяляне аказаліся бэнэфіцыярамі рэакцыі.
- Тады адміністратары былі больш гнуткімі.
- Мне цяжка ўявіць сабе, што сёньня магло б стаць аналягам сталыпінскай рэформы.
- Удзел сялянаў у паўстаньні Каліноўскага быў абмежаваны, я называю яго паўстаньнем дзяцей і моладзі, сярэдні ўзрост паўстанцаў быў 18-20 гадоў.
- У 1905 годзе разрабавалі каля сотні маёнткаў.
- Ёсьць статыстыка этнічнага складу палітычных катаржанаў пасьля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. На першым месцы былі палякі. Потым габрэі, на трэцім месцы — латышы. На пятым месцы — грузіны, а на апошнім — беларусы.
- Беларускія гарады тады былі на 60% населеныя габрэямі.
- Цяпер сытуацыя прынцыпова іншая.
- Мінулым летам я параўноўваў гісторыю пратэстаў. Скажам, пратэст у Ганцавічах адбыўся ўпершыню ня толькі ў найноўшай гісторыі, але за ўсю гісторыю гэтага гораду.
Шчыгельскі
- Асаблівасьці Аляксандра Лукашэнкі ў значнай ступені вызначалі тое, чаму і як пачаліся пратэсты.
- А пры задушэньні пратэстаў гэтыя псыхічныя асаблівасьці ўплывалі менш, дыктатары звычайна так і дзейнічаюць.
- Раней для задушэньня паўстаньняў патрабавалася большая жорсткасьць, а цяпер значна больш шчыльная камунікацыя, больш шырока дзейнічаюць мэдыя.
- Сэнс рэпрэсіяў не ў непасрэдным пакараньні, а ў тым, каб людзі баяліся, каб яны адчулі, што ўдзел у пратэсьце небясьпечны.
- У Беларусі ў 2020 годзе пік катаваньняў быў у першыя дні пратэстаў.
- Насамрэч катаваньні былі заўсёды, з адміністрацыйна затрыманымі АМАП абыходзіўся прыкладна аднолькава. Проста раней грамадзтва гэтага не хацела ведаць.
- Маштабы катаваньняў адносна колькасьці затрыманых прыкладна аднолькавыя. У жніўні 2020-га было вельмі шмат затрыманых. Таму і стварыўся эфэкт масавых катаваньняў.
- Асаблівасьці Лукашэнкі праявіліся ў тым, што быў дадзены дазвол на гэтыя катаваньні. Гэта ў яго прасочваецца з часоў, калі ён у саўгасе асабіста біў мэханізатара.
- У сярэдзіне жніўня Лукашэнка быў дэкампэнсаваны. Пазьней ён псыхічна кампэнсаваўся, ён стаў дзейнічаць больш рацыянальна і менш эмацыйна.
- Катаваньні бываюць рацыянальныя. Узялі ў палон чалавека, ад яго трэба атрымаць інфармацыю, яго катуюць.
- А бываюць ірацыянальныя. Катаваць тых, каго затрымлівалі ў жніўні, было ірацыянальна. Вось тут ужо быў уплыў псыхалягічных асаблівасьцяў таго, хто аддаваў загад.
- Я думаю, што калі Лукашэнка ўпэўніцца, што пагрозаў для яго ўлады няма, ён будзе вымушаны так ці інакш уключаць незадаволеных у палітычнае жыцьцё.
- Любы лідэр, любы дыктатар спрабуе задуушыць паўстаньне. Але наколькі жорстка, наколькі цынічна, наколькі доўга будзе працягвацца пэрыяд, залежыць ад псыхічных і псыхапаталягічных асаблівасьцяў гэтага лідэра.