Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наступаць на сваю годнасьць я ня буду!». Пэнсіянэрку дэпартуюць у Расею за ўдзел у пратэстах


Ніна Прывалава
Ніна Прывалава

За апошнія 3 месяцы — два затрыманьні, тры суды, лячэньне ў шпіталі пасьля апёкаў і атручэньня газам, 13 дзён у Жодзіне, каранавірус, зноў шпіталь і рашэньне аб дэпартацыі зь Беларусі.

Расказваем гісторыю 61-гадовай беларускі з расейскім пашпартам Ніны Прывалавай, якая ходзіць на акцыі пратэсту.

Да 22 студзеня павінна пакінуць Беларусь

24 сьнежня Ніну Прывалаву выклікалі ў міграцыйную службу. Намесьнік начальніка Фрунзэнскага РУУС і супрацоўніца аддзелу грамадзянства і міграцыі ўручылі дакумэнт, што прынята рашэньне аб яе дэпартацыі. Да 22 студзеня 61-гадовая жанчына павінна пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на 1 год. Ніна Прывалава — грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі, хоць нарадзілася ў Магілёўскай вобласьці і 48 гадоў жыве ў Беларусі.

Паведамленьне пра высылку
Паведамленьне пра высылку

«Я нарадзілася ў вёсцы. У сям’і было пяць дачок. Бацькі не маглі нас матэрыяльна забясьпечыць, маці — настаўніца, бацька — мэханізатар. Колькі яны там зараблялі... Таму мы і зьехалі ў маладосьці на Поўнач Савецкага Саюзу, каб зарабіць», — апавядае яна.

На пачатку 1990-х, калі распаўся СССР, Ніна Прывалава працавала ў Цюменскай вобласьці нароўні з мужчынамі на нафтавых радовішчах. Аўтаматычна атрымала расейскае грамадзянства. Усяго ў Расеі адпрацавала 13 гадоў. У 1998 годзе вярнулася ў Беларусь.

«Я атрымліваю пэнсію зь бюджэту Расеі, не абцяжарваю пэнсійны фонд Беларусі»

Спадарыня Ніна ня ўтойвае, што пакінула расейскае грамадзянства выключна таму, што ў Расеі ў яе выпадку пэнсія значна вышэйшая, чым у Беларусі.

«Я атрымліваю пэнсію зь бюджэту Расеі, я не абцяжарваю пэнсійны фонд, бюджэт Беларусі, а трачу фактычна расейскую пэнсію ў Беларусі.

Так, я зарабіла на кватэру ў Расеі, там мы яе прадалі, і я купіла жытло ў Беларусі, спачатку ў Мар’інай Горцы, потым у Менску, бо Беларусь — мая радзіма.

Супрацоўніца аддзелу грамадзянства і міграцыі Фрунзэнскага РУУС Вікторыя Мацевасьян кажа: «Ну што, Ніна Ўладзімераўна, вам, мабыць, лепш будзе жыць у Расеі?» Я адказала гэтай спадарыні Мацевасьян: «Думаеце, буду прыніжацца і падаць на калені? Не! Ня трэба мяне палохаць, Вікторыя Вячаславаўна! Ёсьць людзі, якія робяць гадасьць, але ўмеюць гэта схаваць. А вы прыхаваць нават ня ўмееце, вы так шчыра радуецеся!»

Намесьнік начальніка РУУС кажа: «А што ж вы родных не прывялі, каб папрасілі за вас?» А я гляджу, што гэта рашэньне прынятае 15 сьнежня! Яны чакалі, што я прывяду дзяцей, унукаў, пляменьнікаў, каб яны прасілі: «Не высылайце бабулю, маці».

Ім патрэбны тэатар, відовішча. Наступаць на сваю годнасьць я ня буду, ня буду рабіць зь дзяцей і ўнукаў анучы, каб ногі аб іх выціралі!» — Ніна Прывалава ня стрымлівае эмоцый.

У міліцыі паставілі штамп аб дэпартацыі ў расейскім пашпарце.

«Няма жаданьня хадзіць па судах. Гэта такія нэрвы!»

Ніна Ўладзімераўна перакананая, што прынятае рашэньне аспрэчваць няма сэнсу. Праўда, заявы на абскарджаньне яна напісала. Аднак чакаць суду ня будзе, ды і маральных сіл зноў судзіцца ў яе няма.

«Усё адно вышлюць. За адно затрыманьне высылаюць. А ў мяне іх два. Я перажыла 3 суды. Гэта такія нэрвы! Так прыніжальна, што ты нічога ня можаш даказаць. Вераць толькі міліцыі. Я потым пластом ляжу пасьля гэтых судоў. Пасьля размовы ў міграцыйнай службе суткі ляжала!

Абскарджаньне ж не адменіць дэпартацыю, а толькі адтэрмінуе. Гэта як суд, калі справу адпраўляюць на дапрацоўку. А што добрага? Усё адно пакараюць. Так, зьедзеш не 22 студзеня, а ў сакавіку ці летам. Але ж тэрмін адлічваецца з даты ад’езду! Лепш я, як той казаў, раней сяду, раней выйду. Я пакіну тэрыторыю Беларусі і не зьбіраюся ваяваць», — кажа Ніна Ўладзімераўна.

Тыдзень у шпіталі з апёкамі і атручэньнем газам

Ніна Ўладзімераўна ня ўтойвае сваёй грамадзянскай пазыцыі. Першы раз яе затрымалі 11 кастрычніка — яна пайшла на марш, каб сустрэць легендарную Ніну Багінскую і падараваць ёй сваю кнігу «Грёзам судьбы вопреки». Багінскую не сустрэла, але расказвае, што наляцелі амапаўцы, якія на яе вачах вельмі жорстка затрымлівалі моладзь, Тады сталыя жанчыны сталі ў «счэпку» і паспрабавалі абараніць хлопца, якога пабілі да крыві. Хлопца закінулі ў аўтазак, а жанчынам у твар пырснулі з газавага балёнчыка. Ніна Прывалава атручэньне газам адчула не адразу — яе затрымалі, пасадзілі ў бус, завезьлі ў пастарунак, да ночы трымалі, але выпусьцілі. Уначы жанчыне стала вельмі кепска, яна задыхалася. Раніцай шпіталізавалі ў лякарню хуткай дапамогі. Праляжала там тыдзень.

Дыягназ — таксычнае ўзьдзеяньне газаў, дыму і пары; хімічны апёк рагавіцы; хімічны апёк паражніны носа, насаглоткі, ратаглоткі, гартанаглоткі; востры рэактыўны лярынгатрахеабранхіт. Працягвае лячэньне дагэтуль.

Жодзіна: катаваньне холадам, лаянка, каранавірус

8 лістапада зноў затрымалі на маршы. Закінулі ў аўтазак, завезьлі ў Заводзкае РУУС, этапавалі ў Жодзіна. Асудзілі на 12 дзён арышту, сьведкам быў міліцыянт з выдуманым прозьвішчам Матроскін.

«У Жодзіне я адседзела не прысуджаныя 12 дзён, а 13. Спачатку 17 чалавек пасадзілі ў камэру, разьлічаную на чацьвярых, пратрымалі там суткі. Потым была камэра на 8 чалавек, а нас было 10. Нас катавалі холадам: адключылі батарэі, вакно разьбітае. Спалі ў куртках і шапках.

Да таго ж пасадзілі ў камэру жанчыну з каранавірусам. І ў каго не было антыцелаў, хто раней не перахварэў, усе падчапілі вірус. Я цяжка хварэла, і дагэтуль слабасьць, дрэнна сябе адчуваю.

Абразы, лаянка. Я пражыла 61 год, ніколі такіх слоў ня чула на свой адрас. Прыніжэньне ў камэрах — гэта не перадаць!», — успамінае свае 13 сутак Ніна Ўладзімераўна.

З асаблівай цеплынёй яна прыгадвае маршы пэнсіянэраў.

«Якія там адукаваныя, інтэлігентныя людзі: былыя мэдыкі, былыя настаўнікі, службоўцы, яны ідуць не дзеля сябе, а дзеля дзяцей і ўнукаў. Яны ня хочуць, каб унукі зьяжджалі!

Маршы пэнсіянэраў — гэта проста фантастыка! Я хадзіла на іх з такім задавальненьнем, каб зарадзіцца ад гэтых цудоўных людзей мудрасьцю. Гэта неймаверныя людзі. А іх і газам труцілі, і закідвалі ў бусы — улада ўжо апусьцілася ніжэй за плінтус», — працягвае яна.

Цяпер, перад дэпартацыяй, на акцыі пратэсту Ніна Ўладзімераўна ня ходзіць — асьцерагаецца «засьвяціцца», бо тады могуць дэпартаваць на яшчэ большы тэрмін. Ці наагул завесьці крымінальную справу.

«Ніякіх думак, прапаноў, куды ехаць, пакуль няма»

Куды ехаць, Ніна Ўладзімераўна ня ведае. Магілы бацькоў, бабуль тут, у Беларусі. Дзеці, унукі, іншая радня таксама тут.

«Мне кажуць: едзьце туды, адкуль прыехалі. Ды ў мяне там нічога няма! Бацькі, бабкі і дзяды пахаваныя тут. Дзеці, унукі, уся радня тут.

У Цюменскай вобласьці, праўда, ёсьць сястра, у якой свая сям’я, маленькая кватэра. Ну перасяку 4 тысячы кілямэтраў, пагасьцюю ў яе, а што далей?

Апынуцца ў зусім чужой краіне — Літве ці Польшчы — я таксама не хачу. У 61 год пачынаць жыцьцё з чыстага ліста цяжка. Ды і моўны бар’ер, сяброў нідзе няма. Ніякіх прапаноў, думак, куды ехаць, пакуль няма. Разьлічваю толькі на сябе», — кажа Ніна Прывалава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG