Падчас сустрэчы 5 студзеня з прадстаўнікамі працоўнага калектыву холдынгу «Гарызонт» Аляксандра Лукашэнку папрасілі пракамэнтаваць рашэньне аб’явіць 2021-ы «Годам народнага адзінства».
«Я хачу пацьвердзіць, што рабіў гэта не для таго, каб нешта камусьці паказаць. Хоць і ў гэтым, напэўна, ёсьць сэнс, каб людзі разумелі, што я ня вораг уласнаму народу і самому сабе, перш за ўсё. Я хачу, каб у краіне было ціха і спакойна. Напэўна, вы і самі гэтага хочаце. Калі вам не падабаецца цяперашні прэзыдэнт, толькі выбары могуць вырашыць гэтае пытаньне. Я гэта кажу, як бы камусьці не падабалася», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Раней ён абяцаў ініцыяваць канстытуцыйную рэформу, каб правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары, але апошнім часам такія размовы спыніліся.
З 1994 году ў Беларусі ніводныя выбары і рэфэрэндумы не прызнаваліся міжнароднай супольнасьцю свабоднымі і сумленнымі. Выбарчая кампанія 2020 году скончылася самымі маштабнымі пратэстамі за ўсю гісторыю Беларусі супраць фальшаваньня выбараў і гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў.
У выніку кампаніі рэпрэсій у Беларусі цяпер 169 палітычных вязьняў, у тым ліку ўдзельнікі і актывісты выбарчай кампаніі, дзясяткі тысяч чалавек былі затрыманыя і пакараныя ў адміністрацыйным парадку, некалькі чалавек загінула, тысячы пацярелі ад катаваньняў і падалі ў сьледчыя органы скаргі на сілавікоў. Ніводнай крымінальнай справы па гэтых сьмерцях і заявах аб катаваньнях не заведзена.