Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найстарэйшы ярарх Беларусі. Чым вядомы біскуп Велікаселец, якога папа часова прызначыў кіраваць Каталіцкай царквой


Біскуп Казімер Велікаселец.
Біскуп Казімер Велікаселец.

3 студзеня, калі мітрапаліту Менска-Магілёўскаму Тадэвушу Кандрусевічу споўнілася 75 гадоў, папа Францішак прыняў яго адстаўку і прызначыў апостальскім адміністратарам на мітрапаліцкую катэдру біскупа Казімера Велікасельца.

Біскуп Казімер Велікаселец сказаў Свабодзе, што пакуль не мае часу на камэнтар з нагоды свайго прызначэньня.

Як паведамляе vaticannews, Казімер Велікаселец нарадзіўся ў вёсцы Стараволя на Пружаншчыне. Летась адзначыў таксама сваё 75-годзьдзе. У 1984-м скончыў Рыскую духоўную сэмінарыю, дамініканін.

Ад канца 1999-х зьяўляецца дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, замяняў у Пінску кардынала Сьвёнтка, калі той быў заняты агульнабеларускімі справамі.

Біскуп Казімер Вялікаселец стала жыве ў Гомлі, які адносіцца да Пінскай дыяцэзіі, дзе ён служыць у касьцёле Нараджэньня Божай Маці і рупіцца пра будоўлю новага касьцёла – Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Парафія Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і аднайменны касьцёл існавалі ў Гомлі да таго часу, пакуль касьцёл не разбурылі камуністы. У 2013 годзе біскуп Вялікаселец аднавіў парафію і на працягу як мінімум чатырох гадоў дамагаўся ад уладаў дазволу на будаўніцтва новага касьцёла. Дазвол атрымалі, але храм будзе пабудаваны не на гістарычным месцы (цяпер плошча Леніна), а на ўскрайку Гомля.

Нягледзячы на дасягненьне ярархам гранічнага ўзросту для служэньня (75 гадоў), папа Францішак дазволіў яму працягваць выконваць свае функцыі прынамсі яшчэ 2 гады.

Апостальскі адміністратар прызначаецца Пантыфікам для часовага выкананьня абавязкаў біскупа вакантнай дыяцэзіі або прыраўнаванага да дыяцэзіі мясцовага Касьцёлу.

Прававы статус administrator apostolicus падрабязна вызначаецца ў папскай пастанове аб прызначэньні на пасаду.

Тадэвуш Кандрусевіч і Казімір Велікаселец даўнія знаёмцы. У 1980-х гадах малады сьвятар Кандрусевіч служыў у капліцы Вострабрамскай Маці Божай у Вільні, цывільны рабочы Велікаселец працаваў зваршчыкам на будаўніцтве гарадзкога ўнівэрмагу.

Казімер Велікаселец рэгулярна прыходзіў у храм на сьвятую імшу і хацеў вучыцца ў духоўнай сэмінарыі. Тады не хапала рэлігійнай літаратуры, і ён прасіў у ксяндза духоўныя кнігі. Так і пасябравалі, згадваў ва ўспамінах Тадэвуш Кандрусевіч.

Тры гады ўлады не давалі Казімеру магчымасьць трапіць у Рыскую сэмінарыю. І ўсё ж, вярнуўшыся ў Беларусь, ва ўмовах кансьпірацыі рыхтаваўся да паступленьня. Двойчы езьдзіў у Маскву і ў выніку дамогся доўгачаканага дазволу. У 1981 годзе быў прыняты адразу на трэці курс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG