Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак прыняў адстаўку кіраўніка Каталіцкай царквы Беларусі Кандрусевіча, якога 4 месяцы ўлады не пускалі на радзіму


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў першую імшу ў архікатэдральным касьцёле Найсвяцейшага імя Марыі ў Менску пасьля вяртаньня ў Беларусь, 24 сьнежня 2020.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў першую імшу ў архікатэдральным касьцёле Найсвяцейшага імя Марыі ў Менску пасьля вяртаньня ў Беларусь, 24 сьнежня 2020.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сыходзіць на пэнсію. Часова на ягонае месца прызначаны біскуп Казімер Велікаселец, якому таксама ўжо споўнілася 75 гадоў.

3 студзеня 2021 году, у дзень, калі Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму споўнілася 75 гадоў, Францішак прыняў яго адстаўку і прызначыў адміністратара архідыяцэзіі, паведамляе www.vaticannews.

У афіцыйнай заяве Сьвятога Пасаду гаворыцца:

«Сьвяты Айцец прыняў адмову ад пастырскага кіраўніцтва, прадстаўленую Яго Эксцэленцыяй арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Мітрапалітам Менска-Магілёўскім, у адпаведнасьці з канонам 401 §1 Кодэксу кананічнага права, і адначасова прызначыў Апостальскім Адміністратарам sede vacante на згаданую мітрапаліцкую катэдру біскупа Казімера Велікасельца O.P., тытулярнага біскупа Бланды і дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі».

Біскуп Казімер Велікаселец сказаў Свабодзе, што пакуль не мае часу на камэнтар з нагоды свайго прызначэньня.

3 студзеня мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч адзначае сваё 75-годзьдзе. У сувязі з гэтым узростам раней ён падаў заяву аб адстаўцы на імя папы Рымскага.

24 сьнежня Тадэвуш Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь пасьля чатырох месяцаў выгнаньня — улады абвінавацілі яго ў тым, што ён нібыта езьдзіць у Польшчу «па інструкцыі». Таксама вялася праверка, колькі сапраўды ў мітрапаліта грамадзянстваў.

Толькі пасьля ўмяшаньня Ватыкану кіраўніцтва Беларусі дазволіла Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца на радзіму. 17 сьнедня папскі пасланец Клаўдыё Гуджэроцьці, былы нунцый у Беларусі, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

31 жніўня памежнікі не прапусьцілі архібіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэньня прычынаў. Пазьней дзяржаўныя органы заявілі, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.

Аляксандар Лукашэнка вінаваціў Кандрусевіча ў тым, што мітрапаліт выяжджаў у Польшчу нібыта для кансультацый аб тым, «як разбураць Беларусь». Да таго Кандрусевіч асудзіў гвалт сілавікоў зь мірных пратэстоўцаў і заклікаў яго спыніць.

Што важна яшчэ ведаць пра Тадэвуша Кандрусевіча

Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Кандрусевіча Мітрапалітам Менска-Магілёўскім 21 верасьня 2007 г., перавёўшы яго з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве. З чэрвеня 2015 г. герарх зьяўляецца Старшынёй Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ён быў першым герархам Касьцёла ў Беларусі пасьля часоў камуністычнага перасьледу: 25 ліпеня 1989 г. Ян Павел ІІ прызначыў Кандрусевіча Апостальскім Адміністратарам Менскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Біскупскае пасьвячэньне, якое прайшло 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы сьвятога. Пятра ў Рыме, узначаліў яго сам Пантыфік.

Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі ярарх заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную сэмінарыю, спрыяў вяртаньню і адкрыцьцю каля 100 раней зачыненых касьцёлаў, прычыніўся да выданьня літургічнай літаратуры, распачаўшы такім чынам справу адраджэньня Касьцёла, працягнутую яго наступнікам кардыналам Казімірам Сьвёнткам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG