Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відавочцу сьмерці Генадзя Шутава абвінавацілі ў замаху на забойства


Менскі сьледчы ізалятар, вядомы як «Валадарка», у якім цяпер трымаюць Аляксандра Кардзюкова
Менскі сьледчы ізалятар, вядомы як «Валадарка», у якім цяпер трымаюць Аляксандра Кардзюкова

Сьледзтва ў справе Аляксандра Кардзюкова ўжо завершана. Разгляд яго справы можа пачацца ў найбліжэйшыя месяцы.

  • Берасьцеец Генадзь Шутаў загінуў падчас пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Ён быў паранены стрэлам у патыліцу ля дома № 334 на Маскоўскай вуліцы ў Берасьці 11 жніўня.
  • Некалькі дзён Генадзь Шутаў правёў у рэанімацыі берасьцейскага шпіталя, затым яго верталётам перавезьлі ў вайсковы шпіталь у Менску.
  • Памёр Шутаў 19 жніўня.
  • Афіцыйная прычына сьмерці — траўматычны ацёк галаўнога мозгу, пашкоджаньне ў выніку стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі зь нявызначанымі намерамі.

Крымінальную справу распачалі супраць забітага, а не забойцаў

Яшчэ да сьмерці Шутава Сьледчы камітэт распаўсюдзіў заяву, згодна зь якой праваахоўнікі ў Берасьці папраўдзе прымянялі агнястрэльную зброю супраць групы агрэсіўна настроеных пратэстоўцаў, узброеных арматурай.

Прозьвішча Шутава пры гэтым не называлася. У канцы верасьня выданьне «Мэдыязона» апублікавала відэазапісы, зробленыя камэрамі назіраньня ля дома № 334 на Маскоўскай вуліцы ў меркаваны момант забойства Шутава. З апублікаваных відэа складана адназначна вызначыць прычыны канфлікту і тое, хто менавіта з боку праваахоўнікаў у ім удзельнічаў.

Родныя Генадзя Шутава настойваюць, што ён ня быў удзельнікам пратэстаў і ня мог нападаць на міліцыянтаў з арматурай у руках.

Крымінальная справа па факце забойства Генадзя Шутава заведзеная не была. СК паведамляў пра справу на самога Шутава паводле артыкулу аб супраціўленьні супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Яна дагэтуль не закрытая, нягледзячы на сьмерць Шутава.

Ягоныя родныя знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні і ня могуць камэнтаваць дэталі.

Новае абвінавачаньне для сьведкі Кардзюкова

У гэтай справе быў яшчэ адзін фігурант — сябра Генадзя Шутава Аляксандар Кардзюкоў. Ён жа зьяўляецца відавочцам падзей позьняга вечару 11 жніўня.

Пасьля канфлікту зь нявызначанымі асобамі, які скончыўся для Шутава агнястрэльным раненьнем у патыліцу, Кардзюкову ўдалося ўцячы. Яго затрымалі толькі 14 жніўня.

За гэты час Аляксандар Кардзюкоў пасьпеў расказаць свайму суседу па гаражах, што змог схавацца ад сілавікоў пад бальконам аднаго з дамоў па Маскоўскай вуліцы. А таксама пра тое, што ня ведаў аб сьмяротным раненьні Генадзя Шутава і лічыў, што таго затрымалі і ён знаходзіцца ў ІЧУ Берасьця.

Пасьля затрыманьня Аляксандра Кардзюкова хутка перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. А таксама абвінавацілі паводле часткі 2 артыкулу 363 Крымінальнага кодэксу («Супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзянскі парадак»). Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.

Як стала вядома Свабодзе, цяпер Аляксандра абвінавачваюць ужо ў замаху на забойства (частка 2 артыкулу 139 КК). Сьледзтва афіцыйна скончанае, бакі знаёмяцца з матэрыяламі справы. У выпадку прызнаньня ў судзе вінаватым Аляксандру Кардзюкову паводле новага артыкулу можа пагражаць да 25 гадоў пазбаўленьня волі, альбо пажыцьцёвае зьняволеньне.

«Брату чарговы раз падоўжылі ўтрыманьне пад вартай, — расказала Свабодзе сястра Аляксандра Кардзюкова Марына. — Да 15 студзеня цяпер, здаецца. Цяпер адвакаты знаёмяцца з матэрыяламі, сьледзтва ўжо завершанае. Адвакаты падалі новыя хадайніцтвы. Будуць яшчэ разглядаць іх. Калі будзе суд і дзе, мы ня ведаем. Хацелася б, каб ён праходзіў у Берасці, вядома. Мы вельмі на гэта спадзяёмся».

Па словах Марыны, ня ўсе яе лісты за гэты час дайшлі да брата. Ад Аляксандра таксама лісты ідуць з праблемамі, некаторыя зь іх ён перапісваў тройчы, але цэнзура ўсё адно іх не прапускала. Аднак некалькі дзён таму ёй дазволілі сустрэчу з Аляксандрам у СІЗА.

«За чатыры месяцы нам далі адно спатканьне з братам, — расказвае Марына. — 24 сьнежня мы былі з братавай жонкай у яго. Размаўлялі з Сашам у Менску на Валадарцы. Ён ня скардзіцца. Вядома, быў у шоку, калі яму зьмянілі артыкул абвінавачаньня. Але потым узяў сябе ў рукі. Перажывае, вядома. Цяпер у яго артыкул 139, частка 2 („Забойства“. — РС). Замах на забойства разглядаюць паводле таго ж артыкулу, што і забойства. Чаму артыкул зьмянілі, ніяк не патлумачылі. Проста паставілі перад фактам. Саша таксама знаёміўся з матэрыяламі справы, але ён ня ведае, чаму так адбылося. Адвакат падала хадайніцтва, каб справу ўвогуле закрылі. Яна ня бачыць там доказаў вінаватасьці брата ў нечым. Саша не ідзе на кантакт са сьледчымі, не гаворыць зь імі».

Марына мяркуе, што справу маглі перакваліфікаваць для таго, каб цалкам апраўдаць тых, хто страляў. Жанчына таксама дапускае, што справу яе брата Аляксандра Кардзюкова могуць разглядаць у закрытым судзе.

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG