У Бярозаўскім раёне звальняюць адразу чатырох дырэктараў школ: дырэктарку Бярозаўскай базавай школы Іну Жуковіч, дырэктара Зьдзітаўскай сярэдняй школы Віталя Жуковіча, дырэктарку СШ № 3 Белаазёрску Сьвятлану Карповіч і дырэктара СШ № 1 Бярозы Мікалая Жуковіча.
Начальнік аддзелу адукацыі Бярозаўскага райвыканкаму Аляксандар Шымчук сказаў журналістам, што дырэктары «напісалі заявы па ўласным жаданьні, стаміліся, напэўна».
«А тое, што дырэктары звольніліся, гэта сэнсацыя? — спытаў ён. — Я тут сэнсацыі ніякай ня бачу. Самі дырэктары напісалі па ўласным жаданьні, я ня бачу ніякай праблемы».
Мікалай Жуковіч, як сказалі ў аддзеле адукацыі, пакуль працуе, заяву ён пакуль не напісаў. На сайце change.org разьмешчана пэтыцыя з патрабаваньнем спыніць звальненьне дырэктараў. Бацькі школьнікаў і самі школьнікі выказваюць у ёй падтрымку Мікалаю Жуковічу.
У сацыяльных сетках выказваецца меркаваньне, што Мікалай Жуковіч трапіў у апалу нібыта за тое, што ня ўзяў удзелу ў праўладным мітынгу. У аддзеле адукацыі параілі зьвяртацца да самога Мікалая Жуковіча, аднак пагутарыць зь ім пакуль не ўдалося.
Дырэктаркі Іна Жуковіч і Сьвятлана Карповіч ад камэнтароў адмовіліся. Сайт 1reg.by паведамляе, што ў Бярозаўскай базавай школе працавала выбарчая камісія, якую ўзначальвала дырэктарка, і там на выбарах перамагла Сьвятлана Ціханоўская. На ўчастку, які быў у Белаазёрскай СШ № 3, таксама перамагла Сьвятлана Ціханоўская.
Віталь Жуковіч сказаў журналістам, што яго звальняюць і 24 сьнежня ў яго апошні дзень працы.
«Я не плянаваў звальняцца, для мяне асабіста гэта было нечаканасьцю. Ніякіх думак пра звальненьне не было. Гэта прымус да звальненьня», — сказаў Віталь Жуковіч.
У сацсетках выказваецца меркаваньне, што падставай для звальненьня стала тое, што дырэктар быў у ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі.
«Я зацікаўлены і хачу працаваць на пасадзе дырэктара, мяне падтрымлівае калектыў і мясцовая супольнасьць, яны бачаць нашу працу. Я працую дырэктарам ужо каля 14 гадоў. І тое, што, маўляў, адначасова „стаміліся“ чатыры дырэктары Бярозаўскага раёну, не вытрымлівае крытыкі. Не стаміліся, ніводзін з дырэктараў школ не стаміўся», — сказаў ён.
Віталь Жуковіч спачатку адмовіўся пісаць заяву па згодзе бакоў, але потым «пабачыў разьвіцьцё падзей, пачаўся нейкі ціск».