Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігуменьню, якая назвала апанэнтаў Лукашэнкі «дэманамі», узнагародзілі ордэнам Скарыны


Ігуменьня Гаўрыіла частуе горадзенскіх сілавікоў
Ігуменьня Гаўрыіла частуе горадзенскіх сілавікоў

Блізу 100 чалавек прадставілі да ўзнагародаў і падзякі Аляксандра Лукашэнкі.

Сярод уганараваных — прадстаўнікі самых розных сфэраў жыцьцядзейнасьці, паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі (пералік асобаў ТУТ).

Ёсьць сярод ляўрэатаў і настаяльніца Горадзенскага жаночага манастыра Беларускай праваслаўнай царквы Марыя Глухава (ігуменьня Гаўрыіла). Яе ўзнагародзілі ордэнам Францішка Скарыны.

Падчас выступу на жаночым форуме «За Беларусь» 17 верасьня Гаўрыіла называла апанэнтаў улады «дэманамі» і «сэктантамі», а таксама зганьбіла нацыянальныя сымбалі Беларусі.

Нават у Беларускай праваслаўнай царкве адмежаваліся ад такіх заяваў, падкрэсьліўшы, што гэта яе «асабісты погляд на тое, што адбываецца». Праўда, неўзабаве пасьля таго царкоўны сьпікер Сергій Лепін быў вымушаны пакінуць сваю пасаду.

А 10 лістапада, у дзень ушанаваньня вэтэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, ігуменьня наведала УУС Горадзенскага аблвыканкаму.

«Усе людзі вам удзячныя за тое, што вы мужна, цьвёрда, шчыра, аддана любіце сваю Радзіму. Якія б ні былі ў нас у краіне ўнутраныя супярэчнасьці, усё гэта пройдзе. Бо нават у Сьвятым Пісаньні дапускаецца разнадумства, але толькі разумнае. Дзякуй вам, што вы ў нас ёсьць і што можна да вас зьвярнуцца», — сказала Гаўрыіла.

Яна параіла сілавікам не баяцца і не адказваць, калі тыя чуюць дакоры ў свой адрас, а яшчэ страшней — праклёны, «бо яны ўсё роўна не закрануць тых, хто абараняе сваю Радзіму не на словах, а на справе», падсумавала горадзенская ігуменьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG