Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Давай наб’ем тры сэрцайкі, а калі пераможам, і аўтазак можна!» Беларусы расказваюць гісторыі сваіх пратэставых тату


Некаторыя людзі зафіксавалі падзеі ў Беларусі на сваім целе. Мы знайшлі тых, хто зрабіў пратэставыя тату, а таксама майстроў; даведаліся, чаму гэта важна для іх і ці не баяцца яны наступстваў пры затрыманьні.

«Гэта ледзь ня самае моцнае, што я чуў у сваім жыцьці»

Дзяніс зрабіў сабе тату з апошнімі словамі забітага Рамана Бандарэнкі.

«Як толькі я даведаўся, што сказаў Раман, зразумеў: гэта ледзь ня самае моцнае, што я чуў у сваім жыцьці. Зрабіў яе праз пару дзён пасьля таго, як усё адбылося».

Эскіз Дзяніс прыдумляў разам зь сябрам-майстрам, які яе і набіў.

«Галоўны сэнс эскізу для мяне ў тым, што цягам 26 гадоў Беларусь была за кратамі (таму там ёсьць калючы дрот), але цяпер кожны захацеў выйсьці з гэтай турмы, і я ў тым ліку. На жаль, не ва ўсіх гэта атрымаецца пабачыць. Смутак і боль — усё, што я адчуваў і адчуваю дагэтуль, калі ўспамінаю, што зь ім адбылося (з Раманам. — РС)».

Дзяніс кажа, што не баіцца ніякіх наступстваў у будучыні, калі яго раптам затрымаюць.

«Я баюся толькі за знаёмых, якія цяпер сядзяць у СІЗА КДБ, асабліва за дзяўчат і іхных бацькоў — вось што страшна. А атрымаць на 5 разоў больш гумавым дручком — гэта ня страшна».

Дзяніс адзначае, што ягонай жонцы спадабалася тату, а маці яшчэ ня бачыла. У хлопца гэта ўжо 12-я ці 13-я тату, таму не расказвае пра кожную ўсім навокал, але і спыняцца на ёй ня хоча.

«Вельмі хачу набіць карціну „Ева“ і думаю, што абавязкова гэта зраблю».

«Я заўсёды ўсьміхаюся, калі гляджу на гэтага мілага чалавечка са сьцягам»

Алеся, якая нядаўна зрабіла ўжо вельмі вядомую тату з рысунка малодшага брата, задумвалася набіць штосьці пратэставае яшчэ жніўні.

«Мне вельмі хацелася зрабіць нешта сымбалічнае на памяць. Але парадак дня зьмяняўся больш важнымі рэчамі, і я проста вырашыла, што, калі будзе час, я ўдзялю ўвагу гэтаму, прыдумаю ідэі, як я гэта бачу. Але я дакладна ведала, што хачу зрабіць, таму што няпросты час, шмат розных падзей адбывалася за апошнія паўгода», — кажа Алеся.

Гісторыя з рысункам зьвязаная з затрыманьнем дзяўчыны 12 верасьня на плошчы Свабоды.

«Мне прысудзілі 11 дзён адміністрацыйнага арышту. 23 верасьня я выйшла з Жодзінскага ІЧУ, і мяне сустракалі мае сябры, блізкія і адна сяброўка ўручыла мне перадачку, дзе быў рысунак майго брата, — расказвае Алеся. — Яго завуць Міша, яму 10 гадоў, ён жыве ў Ізраілі. Брат ведае, што адбываецца ў Беларусі, хоць я яго ня надта пасьвячаю ў гэтыя падзеі, але ў цэлым ён разумее, наколькі гэта магчыма, і ўяўляе маю пазыцыю. Ён ведаў, што я была пад вартай, і зрабіў гэты малюнак у знак захапленьня, знак увагі да мяне».

Алеся ходзіць з гэтай тату каля месяца і прывыкла да яе. Дзяўчына кажа, што выява ўжо стала часткай яе і заўжды выклікае толькі станоўчыя эмоцыі.

«Я заўсёды ўсьміхаюся, калі гляджу на гэтага мілага чалавечка са сьцягам, такое адлюстраваньне свабоды, пазытыву, тое, з чым людзі выходзяць на вуліцы. Для мяне гэта такі вобраз».

Алеся прызнаецца, што ня думала пра магчымае затрыманьне і праблемы, якія могуць узьнікнуць пра тату, а калі пачынае ўяўляць гэтую сытуацыю, то вельмі злуецца.

«Для мяне гэта проста нейкі сюр. Я разумею, што ў нашай рэчаіснасьці, на жаль, я асабіста практычна нічому не зьдзіўляюся, той жорсткасьці і несправядлівасьці, якая адбываецца. Але мне зусім ня страшна, і я гатовая адстойваць сваю пазыцыю да канца сваіх дзён! Вось так гучна скажу пра гэта! Ня дай Бог, калі такое адбудзецца, я не змагу стрымліваць свае эмоцыі».

«Сябры ўсе мяне падтрымалі, сказалі, што гэта вельмі міла, кранальна. Брату спадабалася, але ўсе былі зьдзіўлены, што я гэта зрабіла, дакладней, ніхто не чакаў. Сям’я ж паставіліся да гэтага дастаткова спакойна, сказалі: «Забаўна», — сьмяецца дзяўчына.

«Жаданьне ўвекавечыць на сваім целе такія важныя падзеі мяне супакойвае і натхняе»

Майстрыха Алесі Beda пачала рабіць пратэставыя тату з канца жніўня.

«Ува мне было шмат злосьці, і я ня ведала, як гэта сублімаваць. Мне хацелася дапамагаць. Намалявала сэт эскізаў, яны атрымаліся даволі мілымі і нават дзіцячымі, запосьціла і стала чакаць рэакцыі людзей. Вельмі рада, што мне ні разу не напісалі „Ты хайпуеш на горы“, а вельмі падтрымалі і дзякавалі, што я хаця б так магу дапамагаць пацярпелым», — кажа Beda.

Beda зазначае, што ня б’е карцінкі з інтэрнэту і стараецца зрабіць эскіз індывідуальным. Часта людзі апісваюць сваю ідэю, а яна стараецца ўвасобіць яе. Іншая сытуацыя з пратэставымі тату.

«Толькі пратэставыя эскізы я раблю ўсім ахвотным, таму што гэта, як па мне, мастацтва, якое абʼядноўвае. І ўявіце сытуацыю: ты ідзеш на марш і бачыш пратэставую тату, як у цябе! Гэта ж выдатна!»

Таксама ёсьць выключэньні, калі кліенты прыходзяць са сваімі эскізамі ці з рысункамі сяброў. Так сталася і з тату Алесі.

«Алеся напісала мне і сьцісла апісала гісторыю, скінула арыгінал рысунка, і мяне гэта вельмі расчуліла! Вядома, я пагадзілася. На сэансе мы размаўлялі, дзяліліся перажываньнямі, і я была рада, што Алеся даверыла мне ўвекавечыць на сваім целе такую важную частку яе гісторыі».

Нэгатыўных гісторый з пратэставымі тату дзяўчына ня чула ад сваіх кліентаў, толькі пазытыўныя.

«Напрыклад, хлопец прыйшоў на сваю першую тату „With love from Belarus“ і расказаў, што бацькі былі катэгарычна супраць, але пасьля таго, як ён патлумачыў задуму, што ён хоча і чаму менавіта гэта, яны самі аплацілі яму сэанс», — сьмяецца майстарка.

Beda прызнаецца, што моцна перажывае за бясьпеку сваіх кліентаў з пратэставымі тату і ў нейкі момант нават думала перастаць іх рабіць.

«Усё цяпер неспакойна, але жаданьне ўвекавечыць на сваім целе такія важныя падзеі мяне супакойвае і натхняе. Людзі, выдатныя беларусы, якія прыходзяць да мяне па пратэставыя тату, маюць сваю гісторыю. Няхай яна застанецца зь імі і нагадвае не пра дрэннае, а пра тое, як выдатна быць зь людзьмі, зь якімі мы жывём у адной краіне, бачыць сяброў, падтрымку і такое суперажываньне!»

Мастачка расказвае, што сярод ейных малюнкаў ёсьць і аўтазак: «Мілы, зусім не пагрозьлівы», — кажа яна.

«Ён прыцягнуў шмат увагі, і на яго шмат запісваліся», — кажа Beda. — Але ўжо падчас сэансу казалі: «Ой, слухай, давай сёньня мы набʼем тры сэрцайкі, а калі пераможам — і аўтазак можна!». Вядома, я згаджалася, таму што я разумею — небясьпечна мець такую тату цяпер», — распавядае дзяўчына.

«Ня стану біць што заўгодна, зьвязанае з дыскрымінацыяй»

Майстар Яўген пачаў рабіць тату больш за восем гадоў таму. Ён кажа, што сам пратэст у Беларусі існуе, колькі ён сябе памятае, таму заўжды даводзілася біць тату на адпаведную тэматыку.

«Безумоўна, зь лета 2020-га назіраецца ўсплёск такіх зваротаў. Часьцей людзі зьвяртаюцца са сваімі ідэямі. Я, у сваю чаргу, стылізую іхныя думкі для тату і ўвасабляю на скуры. Не скажу, што адчуваю нешта асаблівае падчас выкананьня такіх работ. Гэта проста чарговая рыса, якая яшчэ болей збліжае, аб’ядноўвае нас з кліентам. Тату і без таго неардынарная, сакральная зьява».

На працу, кажа Яўген, натхняюць людзі побач, блізкія, сябры, усеагульны нязломны дух і рашучасьць дзеяньняў. Таксама майстар адзначае, што некаторыя тату рабіць ня будзе прынцыпова.

«Дакладна ня стану біць што заўгодна, зьвязанае з дыскрымінацыяй у любых яе праявах. Мару ствараць работы, якія б апэлявалі да культурных, чалавечых каштоўнасьцяў. Гэтыя рэчы апрыёры абвяргаюць дапушчальнасьць тых жахаў, на якіх мы зараз завастраем увагу. Гэтыя рэчы заўсёды актуальныя, незалежна ад абставінаў, месца і часу».

«Калі бачу татуіроўку, ведаю, што мы сапраўды пераможам, бо любоў перамагае гвалт!»

Ульляна ўбачыла падобны эскіз у сваёй тату-майстрыхі і папрасіла яе зрабіць яшчэ адзін пад сябе.

«Ён адразу мне спадабаўся, таму што ўвасабляе наш мірны пратэст. Калі бачу татуіроўку, ведаю, што мы сапраўды пераможам, бо любоў перамагае гвалт! У мяне ўзьнікалі думкі, што ў выпадку затрыманьня яе могуць заўважыць і ставіцца да мяне горш. Але гэта не паўплывала на маё рашэньне зрабіць і дакладна не зьмяншае любоў да яе, ды і яна не на вельмі бачным месцы».

Зь сямʼі пра тату ведае толькі стрыечная сястра, кажа Ўльляна, ёй спадабалася. Дзяўчына ўпэўнена, што і бацькі таксама ацэняць, калі яна вырашыць паказаць.

«Сябрам падабаецца, адмоўных водгукаў не было. Некаторыя пыталіся значэньне тату, а тыя, хто разумелі, казалі, што крута, — сьмяецца дзяўчына. — Я б зрабіла сабе яшчэ пратэставыя тату, і ўжо ёсьць ідэі!»

«На Акрэсьціна я старалася яе хаваць, каб наглядчыкі ня ўбачылі»

Гісторыя тату Басі пачалася з твіту, яшчэ летам, да рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. Неўзабаве пасьля таго, як пасадзілі Віктара Бабарыку, дзяўчына вырашыла набіць сымбаль яго каманды — сэрца.

«Гэта быў напалову жартоўны, напалову сур’ёзны твіт, але, убачыўшы, колькі ён атрымаў падабаек, я так пачала думаць: калі не зарэгіструюць, то ўсё адно наб’ю сэрцайка, таму што яно ў мяне асацыявалася з такой аб’яднанасьцю, з салідарнасьцю, яно было менавіта сымбалем любові да Беларусі і жаданьня штосьці зрабіць для нашай краіны».

Дзяўчына ўжо дамовілася з майстрыхай і заплянавала сэанс, але на наступны дзень штабы аб’ядналіся.

«Гэтае аб’яднаньне — вельмі моцны крок. Я вырашыла, што хачу набіць тры сымбалі: сэрца, кулак, перамога. Яны сапраўды сталі сымбалямі нашага змаганьня, жыцьця, гэтага году і я хацела, каб падзеі, якія адбываюцца зараз, засталіся са мной назаўжды, каб я памятала гэтую аб’яднанасьць, ганарылася тым, што я беларуска, што вакол мяне клясныя людзі і навокал такія моцныя прыклады людзей, жанчын».

Гэта ня першая тату. У дзяўчыны ёсьць, напрыклад, тату з арнамэнтам на іншай руцэ. Бася прызнаецца, што раней да кожнай тату трэба было прывыкнуць.

«Гэтая ж тату настолькі здаецца мне натуральнай, настолькі маёй, шчыра, я нават не заўжды памятаю, што яна ў мяне ёсьць, а гэта значыць што яна частка мяне».

У верасьні Басю затрымалі, і ёй давялося хаваць тату на Акрэсьціна і ў Жодзіне.

«Былі выпадкі ў жніўні, калі зь людзьмі за іхныя нейкія тэматычныя тату горш абыходзіліся. І сябры вельмі хваляваліся, што са мной такое будзе. Сапраўды, на Акрэсьціна я старалася яе хаваць, каб наглядчыкі ня ўбачылі, таму што я таксама непакоілася наконт гэтага і ня ведала, якая будзе іх рэакцыя. Таму я заўжды пры іх на майку накідвала кофту, каб не было відаць, — кажа Бася. — І яшчэ быў выпадак, калі 9 жніўня, пасьля галасаваньня, я ехала ў аўтобусе. Тады хадзіла шмат чутак, што абшукваюць аўтобусы, глядзяць, я схавала белую стужку ў заплечнік і накінула на плечы нейкую кофту, каб ня ўзьнікла пытаньняў».

Больш дзяўчына не хавала сваёй тату і не сустракалася з нэгатывам. Зь сяброў, кажа Бася, ніхто моцна не зьдзівіўся, ад яе падобнага чакалі, а маме спадабалася карцінка.

Таксама дзяўчына адзначае, што ў выпадку з пратэставай тату ня быў важны крытэр унікальнасьці.

«Я бачыла яшчэ некалькіх чалавек, у якіх таксама набітыя гэтыя тры сымбалі, прычым выглядаюць падобна, бо яны ўзятыя з афіцыйнага лягатыпу. І тут як раз той выпадак, калі, убачыўшы падобную тату, я, наадварот, вельмі радуюся і адчуваю яшчэ большую еднасьць і тое, што я не адна, што камусьці таксама блізкія ўсе гэтыя падзеі. І папраўдзе, пасьля падзеяў жнівеньскіх і ўсяго, што адбывалася далей, я зразумела, што такую тату пасьля выбараў я б не набіла. Для мяне гэта ўсё адно асацыяцыя з падзеямі перад выбарамі, з тым натхненьнем, з той верай, з надзеяй».

Бася кажа, што «пасьля перамогі» хоча набіць яшчэ адну тату, прысьвечаную моцным жанчынам, якія паказваюць прыклад усяму сьвету.

«Для мяне тату — гэта знакі для самой сябе, і хацелася б неяк завершыць нашу агульную гісторыю яшчэ адной памятнай карцінай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG