Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы праводзіць сьледзтва па факце катаваньняў палякаў беларускімі сілавікамі


Сілавікі на вуліцах Менска.
Сілавікі на вуліцах Менска.

Агенцтва ўнутранай бясьпекі заслухала сьведак у сувязі са справай аб арышце, зьбіваньні і катаваньні трох палякаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Як паведамляе польскі рэсурс RMF 24, сярод апытаных таксама былі супрацоўнікі беларускіх сілавых ведамстваў, якія вырашылі не падпарадкоўвацца рэжыму. Яны былі сьведкамі катаваньняў.

«Мая мэта — прад’явіць абвінавачваньні супрацоўнікам беларускіх праваахоўных органаў і тым, хто аддаваў загады, — кажа адвакат пацярпелых палякаў Томаш Вілінскі. — Даказаць, што службовыя асобы зрабілі злачынства, якое палягае ў кіраваньні арганізаванай узброенай групоўкай, куды ўваходзілі супрацоўнікі МУС, КДБ, АМАП і міліцыі».

Расьсьледаваньне па факце арышту, зьбіваньня і катаваньня трох польскіх студэнтаў у Беларусі распачала Нацыянальная пракуратура ў верасьні. Справай аб жорсткасьці беларускіх сілавікоў займаецца Мазавецкае аддзяленьне пракуратуры. Аднак сьледчыя даручылі весьці працу Агенцтву ўнутранай бясьпекі.

Маладыя людзі пасьля вяртаньня зь Беларусі прайшлі дэталёвую судова-мэдычную экспэртызу, іхныя траўмы пацьвердзілі спэцыялісты-крыміналісты. Вітольд Дабравольскі і Касьпер Сеніцкі 14 жніўня вярнуліся дадому дзякуючы ўмяшаньню Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Дабравольскі і Сеніцкі расказалі, што іх у цэнтры Менску схапілі амапаўцы і моцна пабілі. Затым адвезьлі ў пастарунак і трымалі ў спартовай залі, дзе таксама ўвесь час білі.

«Мы можам назваць гэта адкрытым катаваньнем, якое доўжылася больш за 15 гадзін. Акрамя нас, там было некалькі соцень чалавек, кагосьці ўвесь час заводзілі і выводзілі. Я думаю, дзесьці тысяча чалавек прайшла праз гэтае месца», — сказаў Касьпер Сеніцкі.

Абодва адзначылі, што іх польскае паходжаньне спрычынілася да дадатковых зьдзекаў. Просьба выклікаць консула вылікала толькі сьмех.

Адразу пасьля прыбыцьця ў пастарунак іх паклалі тварам уніз і пагражалі, што «выб’юць усе зубы». Наступная зьмена прымусіла стаць на калені і ўперціся лбамі ў зямлю. Пры гэтым на руках былі кайданкі, утрыманьне ў такіх позах было катаваньнем, працягваюць палякі. Калі прасілі вады, у адказ білі дубінкамі. Таксама білі на кожным допыце і калі быў падрыхтаваны пратакол.

Больш чым праз суткі іх адвезьлі ў турму. Да таго часу яны ня спалі і цярпелі ад псыхічных катаваньняў: ня ведалі, якія іх правы, а ўсе просьбы падымаліся на сьмех. Камэры былі перапоўненыя: на шасьці ложках спалі 24 чалавекі. Пры гэтым была салідарнасьць, бо ўсе сядзелі з аднолькавай праблемай, успамінаюць яны.

На пытаньне, ці зазналі яны прапагандысцкую індактрынацыю, студэнты адказалі станоўча. У спартовай залі і ў пастарунку міліцыянты пыталіся, хто сапраўдны і найлепшы прэзыдэнт Беларусі. На абодва пытаньні трэба было адказаць адназначна — толькі Лукашэнка.

Цягам усяго гэтага часу палякі ня мелі інфармацыі, ці будуць яны бачыцца з консулам. Урэшце іх вызвалілі праз 72 гадзіны, бо скончыўся тэрмін утрыманьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG