Ганна Комар:
Каштоўнасьцям мы ня можам навучыцца — каштоўнасьці мы мусім зьведаць.
(Віктар Франкль)
Яшчэ ў жніўні, у памежных сытуацыях, калі мы стаялі ў счэпках і сьпявалі «Купалінку», пакуль вакол нас кружлялі крумкачы, калі крычалі проста ў твар сілавікам падчас жаночых маршаў, калі былі, як вада, — калі ты ня маеш часу раздумваць і разважаць, узважваць, бо мусіш групавацца і дзейнічаць хутка, рабіць свой экзыстэнцыйны выбар, я зразумела, што мне ня так складана рабіць той выбар, за які перад сабой не сорамна, бо ў мяне ёсьць пазыцыя. Каштоўнасьці. Яны высьпявалі ў тэорыі і цяпер правяраюцца дзеяньнем. Я «зьведала» іх. І ад гэтага разуменьня стала спакайней, бо ў мяне ёсьць стрыжань і зламаць мяне цяжэй.
Пара парадаў пра тое, як перажыць рэжым. Паважай сябе і гавары за іншых. Штодня рабі адну маленькую рэч, якая б пацьвярджала існаваньне справядлівасьці.
(Ай Вэйвэй, мастак)
Я магу падпісацца пад цэлым сьпісам цытатаў гэтага мастака, можна раніцамі чытаць па адной і жыць згодна зь ёй, паўтараючы яе ў галаве, каб не здавацца, нават у дробязях. Каб перамагчы несправядлівасьць, не здавацца важна штодня — нават думкай, ня толькі дзеяньнем.
Я лічу, што гаварыць за іншых — значыць памятаць, што ня ўсе людзі здольныя выказаць тое, з чым яны нязгодныя, і адкрыта выступіць за справядлівасьць. Але калі ты робіш гэта — ім лягчэй далучыцца. Можа быць, пакуль ты не агучыш нешта, людзі могуць нават не ўсьведамляць, што займаюць такую самую пазыцыю. У кагосьці ў Фэйсбуку я чытала гісторыю, як падчас маршу на Партызанскім праспэкце ў Менску прадавачка з крамы выйшла папаліць на гаўбец, паглядзела на марш, а пасьля сказала грузчыку: «Ведаеш, а я згодная з тым, што яны там крычаць. Хадзем хоць трошкі пройдземся зь імі».
Днямі ішла па Нямізе і сустрэла валянтэраў, якія зьбіраюць грошы для Бабруйскага фонду. Столькі людзей праходзіць міма, цураючыся, нібыта гэтыя валянтэры — пракажоныя. Між тым як кінуць рубель — нескладана, усьміхнуцца, перакінуцца парай словаў — не патрабуе шмат намаганьняў. І гэта таксама справядлівасьць. Налепка з патрабаваньнямі пратэстоўцаў — таксама дзеяньне дзеля справядлівасьці. Час, які выдаткоўваеш на тое, каб разабрацца ў плюсах і мінусах адключэньня Swift — таксама.
беларусы думаюць
кажа Хрыстос
што яны зьбіраюць свой край
а насамрэч
сабой загойваюць сьвет
(Дзьмітры Строцаў)
У нас такая велізарная падтрымка — усясьветная! Салідарнасьць у маштабах плянэты. Я ведаю, што многія людзі ў іншых краінах хварэюць за нас усёй душой, і што наша перамога будзе азначаць для многіх, што перамога сьвятла і любові магчымая, што гэты сьвет не безнадзейны, і для многіх гэта будзе натхненьнем ды імпульсам.
Ганна Комар — паэтка і перакладчыца, у верасьні 2020 адседзела 9 сутак за ўдзел у пратэстах.
Выбар рэдакцыі:
The three great essentials to achieve anything worth while are, first, hard work; second, stick-to-itiveness; third, common sense.
Тры важныя рэчы, неабходныя для дасягненьня нечага вартага, гэта: па-першае, цяжкая праца; па-другое, упартасьць; па-трэцяе, здаровы сэнс.
(Thomas Edison)
Томас Эдысан (1847–1931) — славуты амэрыканскі вынаходнік.
Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.