Белстат апублікаваў статыстыку дзейнасьці дзяржаўных арганізацыяў і арганізацыяў з часткай дзяржаўнай долі ўласнасьці за 8 месяцаў сёлета. Чыстыя страты ўсіх прадпрыемстваў склалі 725 мільёнаў рублёў. Летась за такі ж пэрыяд быў чысты прыбытак на 5,7 мільярдаў рублёў. Такім чынам, за год прыбытак упаў на 6,4 мільярда.
Найбольшыя страты ў арганізацыяў Горадзенскай вобласьці — мінус 2,3 мільярда, у Магілёўскай — мінус 189 мільёнаў. Астатнія вобласьці выйшлі за 8 месяцаў у плюс. Найбольшы прыбытак у арганізацыяў Віцебскай вобласьці — 751 мільён рублёў.
Чым меншая доля дзяржавы — тым большы прыбытак
У прадпрыемстваў з цалкам дзяржаўнай формай уласнасьці найбольшыя страты — мінус 2,1 мільярда рублёў. А на прадпрыемствах, дзе доля дзяржавы меншая за палову, — прыбытак у 913 мільёнаў. Там, дзе доля дзяржавы большая за палову, — прыбытак 200 мільёнаў.
Дзе найбольшыя страты і даходы
Самай рэнтабэльнай сфэрай за 8 месяцаў году стала вытворчасьць харчовых прадуктаў, напояў і тытунёвых вырабаў. Арганізацыі гэтай сфэры зарабілі 924 мільёны. На другім месцы сельская гаспадарка — плюс 604 мільёны, на трэцім апрацоўчая прамысловасьць — плюс 479 мільёнаў рублёў.
Самая стратная сфэра — будаўніцтва — за 8 месяцаў сёлета напрацавала на мінус 2,3 мільярда рублёў. На другім месцы ў стратах транспарт — мінус 311 мільёнаў, а на трэцім вытворчасьць гумавых і плястмасавых вырабаў — мінус 214 мільёнаў.
Летась за такі ж пэрыяд усе сфэры эканомікі дзяржаўнага сэктару прынесьлі прыбытак. На 1 кастрычніка агульная запазычанасьць дзяржаўных арганізацыяў зь любой доляй уласнасьці дзяржавы склала 5,2 мільярда рублёў.
«Некаторыя прадпрыемствы проста зьядаюць грошы»
Паводле фінансавага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, дзяржаўныя арганізацыі можна падзяліць на тры катэгорыі: прадпрыемствы з часовымі цяжкасьцямі, арганізацыі з патрэбай у сур’ёзнай дапамозе і арганізацыі, якія проста ня могуць гасіць крэдыты.
«У апошніх праблема не ў недахопе грошай, а ў тым, што яны ня могуць проста самі зарабляць. Ёсьць такія арганізацыі, якім дзесяцігодзьдзямі то даюць грошы, то сьпісваюць даўгі. Такія арганізацыі могуць бясконца праглынаць грошы», — нагадвае Вадзім Іосуб.