«Сьледчы камітэт запускае свой канвэер. На наступны тыдзень выклікаюць на допыты ўсіх 20 супрацоўнікаў „Нашай Нівы“», — напісаў Марціновіч.
Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» зьяўляецца падазраваным па арт. 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп). Пацярпелым праходзіць былы намесьнік міністра МУС (цяпер памочнік прэзыдэнта па Менску) Аляксандар Барсукоў.
У артыкуле «Нашай Нiвы» «дыджэй пераменаў» Улад Сакалоўскі сказаў, што Барсукоў зьбіваў яго на Акрэсьціна. Ён расказаў, што палову тэрміну правёў у карцары, а на нарах спаў усяго дзьве ночы — тры астатнія драмаў на зэдліку.
Пазьней даведаўся, што яго асабіста зьбіваў намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў. Баючыся далейшага перасьледу, Улад Сакалоўскі і Кірыл Галанаў зьехалі ў Літву.
Арт. 188 прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу, або папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышту, або абмежаваньня волі на тэрмін да трох гадоў.