У краіне з пачатку пандэміі выяўлена 15 мільёнаў выпадкаў заражэньня. Колькасьць памерлых набліжаецца да 300 тысячаў.
За мінулыя суткі Злучаныя Штаты паставілі новы рэкорд — зафіксавана больш як 255 тысяч выпадкаў інфікаваньня. Абраны прэзыдэнт ЗША Джон Байдэн заявіў, што аднаўленьне эканомікі запавольваецца, і заклікаў Кангрэс прыняць другі закон па барацьбе з каранавірусам.
Time таксама адзначае, што 2020 год забраў жыцьці значных для ЗША людзей. У верасьні памерла чалец Вярхоўнага суду Рут Бэйдэр Гінзбург. Пры яе ўдзеле былі прынятыя рашэньні, якія пацьвярджаюць права жанчын на аборты, канстытуцыйнасьць аднаполых шлюбаў, правы расавых меншасьцяў, яна была сярод судзьдзяў, якія пацьвердзілі законнасьць рэформы сыстэмы мэдычнага страхаваньня.
Летам пайшоў з жыцьця Джон Люіс, адзін зь лідэраў барацьбы за забарону сэгрэгацыі і арганізатар Маршу на Вашынгтон 1963 году. Ад 200 да 300 тысяч чалавек тады прайшлі маршам да мэмарыяла Лінкальна ў цэнтры гораду, дзе Марцін Лютар Кінг выступіў з прамовай, якая атрымала назву «У мяне ёсьць мара».
У траўні Злучаныя Штаты ўзрушыла забойства паліцэйскімі пры затрыманьні афраамэрыканца Джорджа Флойда, піша Time. Яго западозрылі ў выкарыстаньні фальшывай банкноты. Паліцэйскі, спрабуючы абясшкодзіць афраамэрыканца, націснуў яму каленам на шыю і ігнараваў скаргі на недахоп паветра. Флойд памёр у бальніцы Мінэапаліса. Відэазапісы інцыдэнту імкліва распаўсюдзіліся па сацыяльных сетках. Гібель Флойда стала прычынай масавых акцый у ЗША з патрабаваньнем расьсьледаваць гэтае здарэньне і спыніць паліцэйскі гвалт у краіне. Дэманстрацыі перарасьлі ў беспарадкі і сутыкненьні з паліцыяй.
«Аптымізм — наша самая недарэчная і найвялікшая рыса. У Амэрыцы не заўсёды бывае раніца. Часам перад ёю нам трэба перажыць самы цёмны час», — піша Time.