Трохразовая алімпійская мэдалістка і кіраўніца Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя зьвярнулася ў НАК. Нагодай стаў ліст спартоўцаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Пасьля таго, як больш чым тысяча (на гэты момант 1132) спартоўцаў падпісаліся пад лістом за новыя свабодныя выбары і вызваленьне палітвязьняў, зьявіўся ліст у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Спачатку ён быў ананімны, потым пачалі зьяўляцца прозьвішчы.
Трохразовая алімпійская мэдалістка і кіраўніца Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя выступіла з адкрытым відэазваротам, у якім ахарактэрызавала апошні ліст як пазбаўлены «глыбокага сэнсу» і «няўклюдную спробу» адказаць на адкрыты ліст спартоўцаў пра грубыя парушэньні правоў спартоўцаў.
«Псэўдаспартовымі структурамі выступаюць міністэрства спорту і Нацыянальны алімпійскі камітэт, — заявіла Герасіменя. — НАК маўчыць, пакуль нашых атлетаў зьбіваюць, затрымліваюць, звальняюць і нават не спрабуе абараніць правы пацярпелых спартоўцаў, што з’яўляецца яго прамым абавязкам. А мінспорту ўвогуле аддае адкрытыя загады аб звальненьні спартоўцаў»
«Робіцца відавочным, што рэпрэсіі супраць нашых спартоўцаў цалкам былі зьвязаныя зь іх грамадзянскай пазыцыяй і іх грамадзкімі поглядамі» — лічыць алімпійская мэдалістка.
Герасіменя зьвярнулася і да спартовай супольнасьці:
«Вас будуць прымушаць падпісваць гэты ліст. Будуць пагражаць звальненьнямі, выключэньнямі са зборных, зьняцьцем са спаборніцтваў. Ня бойцеся! Усе тыя, хто будзе прымушаць падпісаць гэты ліст, будуць унесеныя ў санкцыйныя сьпісы і публічна абвешчаныя. Ніводзін выпадак ціску не застанецца беспакараным. Калі вам патрэбная юрыдычная падтрымка, калі вас звольняць, пакінуць бяз сродкаў да існаваньня, калі ваша бясьпека апынецца пад пагрозай, — пішыце нам у Беларускі Фонд спартовай салідарнасьці».