Падзеі 20 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
20 лістапада 1901 году нарадзіўся Міхась Зарэцкі, беларускі празаік, драматург, перакладчык і крытык. Зарэцкі рэагаваў часопіс «Маладняк» (1926–1927), быў адным з ініцыятараў стварэньня літаратурнага аб’яднаньня «Полымя». У 1929-м пісьменьнік быў выключаны з камуністычнай партыі за «праявы нацыянал-дэмакратызму». У 1936-м арыштаваны. 29 кастрычніка 1937 году расстраляны.
Таксама ў гэты дзень
1648 — вялікім князем ВКЛ і польскім каралём абралі Яна Казімера (сына караля Жыгімонта III Вазы).
1930 — Янка Купала спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.
1945 — распачаўся судовы працэс у Нюрнбэргу над 24 ваеннымі кіраўнікамі нацысцкай Нямеччыны
1985 — выйшла апэрацыйная сыстэма Microsoft Windows 1.0
1995 — у Воршы паставілі помнік Уладзімеру Караткевічу
У гэты дзень нарадзіліся
1899 — беларускі пісьменьнік, перакладчык і крытык Міхась Клімковіч, першы старшыня Саюзу пісьменьнікаў БССР (1934-1939), аўтар тэксту Дзяржаўнага гімну БССР.
Як арнамэнт з сям’і «ворагаў народу» трапіў на дзяржаўны сьцяг
1948 — беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. Загінула ў 1988 годзе, выкінуўшыся з акна сваёй менскай кватэры.
У памяці
1910 — памёр расейскі пісьменьнік Леў Талстой.
1925 — памёр польскі пісьменьнік і публіцыст Стэфан Жаромскі.
1950 — памёр расейскі і беларускі публіцыст, крытык, журналіст і літаратар Леў Клейнбарт. Дасьледнік тэндэнцыяў і кірункаў беларускага літаратурнага руху. Першы біёграф Янкі Купалы.
1985 – у Беластоку памёр Юрка Геніюш, беларускі пісьменьнік і публіцыст, сын Ларысы і Янкі Геніюшаў. Нараджэнец Зэльвы.