У судзе Фрунзэнскага раёну Менску адбыўся працэс над журналістам Алегам Грузьдзіловічам. 61-гадовага рэпартэра асудзілі на 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту, якую ён асьвятляў. Судзьдзя — Марына Ярохіна.
Сьцісла
- Алега Грузьдзіловіча абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным мерапрыемстве» (артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу) 25 кастрычніка каля 16:40 побач з домам 36 на вуліцы Сурганава ў Менску (гэта нядзельны марш).
- Ён казаў, што працаваў там як журналіст па заданьні газэты «Народная воля», меў на сабе камізэльку з надпісам «Прэса» і журналісцкае пасьведчаньне.
- Адміністрацыйныя арышты за кратамі цяпер адбываюць 16 журналістаў.
14.19 Прысуд Алегу Грузьдзіловічу — 15 сутак арышту.
11.54 У судзе паказалі апэратыўную відэаздымку, дзе ёсьць Алег Грузьдзіловіч. Адвакат Інэса Аленская зьвяртае ўвагу, што на відэа час 18:58, а ў пратаколе час фіксацыі Груздзіловіча на акцыі — 16:40.
На відэа шмат людзей. Адвакат рэагуе на пытаньне судзьдзі да Алега, чаму ён не адышоў на «бясьпечную адлегласьць». — «Не адышоў, бо людзі паўсюль». Судзьдзя камэнтуе: «Дык навошта яму там быць». Адвакат кажа: «Таму што ў гарачыя пункты едуць журналісты, рызыкуюць жыцьцём. А цяпер і свабодай».
«Гэта абсурд, — працягвае адвакат. — Відаць, што чалавек ня ўдзельнічае ў мітынгу. Чалавек выконвае свае прафэсійныя абавязкі, зарабляе сабе на пэнсію, а яго забіраюць. Так і кіроўцу тралейбуса можна прыцягнуць, які там апынуўся».
Інэса Аленская зьвяртае ўвагу на шматлікія недакладнасьці пры афармленьні дакумэнтаў, некаторыя значныя зь іх ня маюць, на думку адваката, юрыдычнай сілы. Адвакат лічыць, няма падставаў прыцягваць Грузьдзіловіча да адказнасьці.
11.26 «Столькі гадоў пішаш пра тое, што адбываецца ў такіх установах, дык трэба ж і самому адчуць», — кажа Алег. Скардзіцца на кепскае сьвятло ў камэры.
11.22 У перапынку Алег кажа, што спачатку іх было 8 чалавек у камэры на шасьцёх. Спалі па чарзе, дзяліліся рэчамі. Сукамэрнікі вельмі цікавыя. Пасьля хлопцам падавалі па 14 сутак і адвезьлі ў Жодзіна, яны засталіся ўтрох. Пра ежу кажа, што кормяць «ніяк». Ён нагадаў жонцы Мар'яне, што 24 лістапада ў іх 41 год шлюбу, а жонка сказала, што сёньня ўжо павіншавала ўнучку, якой споўнілася 7 месяцаў. У Алега і Марʼяны чацьвёра ўнукаў.
11.08 Сьведка Наравец сьцьвярджае ў рапарце, што была выяўленая група грамадзян, якая паводзілася з выклікам, выкрыквала лёзунгі. Пазьней было вызначана, што ў гэтым месцы знаходзіўся грамадзянін Грузьдзіловіч.
11.05 У адказ на пытаньне адваката Груздзіловіч тлумачыць, што журналістыка — адзіная крыніца яго прыбыткаў, і калі яго пазбаўляюць магчымасьці працаваць журналістам, ён страчвае сродкі для існаваньня.
11.02 Грузьдзіловіч кажа, што працаваў на акцыі як журналіст «Народнай волі». Меў пры сабе камізэльку «Прэса», пасьведчаньне журналіста і рэдакцыйнае заданьне.
Алег расказвае, што мітынгу ў той час не было. Людзі ішлі па ходніках, лёзунгаў не выкрыквалі.
Алег сьцьвярджае, што на пачатку акцыі на ягоных вачах затрымалі групу журналістаў у камізэльках «Прэса». Ён кажа, што зразумеў, што яго затрымаюць, і зьняў зь сябе камізэльку, каб працягваць асьвятляць акцыю як журналіст «Народнай волі». Кажа, што не знаходзіўся ў калёне, ішоў побач.
«Гэта мая праца як журналіста. Я лічу, што няправільна прыцягваць журналістаў да адказнасьці за сваю працу, — кажа Алег. — Не журналісты вінаватыя ў тым, што ў Беларусі адбываюцца такія падзеі. Наша задача — атрымліваць інфармацыю зь першых рук».
Алег таксама тлумачыць, што быў пазбаўлены акрэдытацыі як журналіст Радыё Свабода.
Увечары 10 лістапада міліцыянты затрымалі дома 61-гадовага журналіста Алега Грузьдзіловіча. З таго часу ён знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна.
Алег Грузьдзіловіч — вядомы беларускі журналіст, спэцыялізуецца ў праваабарончай тэматыцы, 25 гадоў адпрацаваў карэспандэнтам Радыё Свабода, меў акрэдытацыю МЗС да 29 жніўня 2020 году, калі ўлады пазбавілі права на працу чатырох карэспандэнтаў Свабоды. Алег працягнуў супрацу зь незалежнымі беларускімі СМІ. Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро».