Спыненьне АЭС, рост даўгоў і іншыя «посьпехі» ўладаў пасьля выбараў.
Зьнешні гандаль прасеў на 8 мільярдаў даляраў
За восем месяцаў гэтага году зьнешнегандлёвы таваразварот скараціўся на 17,7% і склаў 44,7 мільярда рублёў. Зьмяншэньне — амаль на 8 мільярдаў даляраў. Экспарт зь Беларусі зьнізіўся на 16,2% і склаў 22,9 мільярда. Зьмяншэньне — на 3,7 мільярда.
Са жніўня даўгі арганізацый вырасьлі на 2,6%
Адна з праблем беларускай эканомікі — закрэдытаванасьць прадпрыемстваў. На сёньня даўгі арганізацый складаюць 59,8 мільярда рублёў. З пачатку году даўгі вырасьлі амаль на 10%, а з жніўня — на 2,6%.
Мінус 447 мільёнаў даляраў укладаў
Пасьля жніўня беларусы пачалі масава забіраць грошы з банкаў. На верасень, па статыстыцы Нацбанку, на ўкладах было 4,9 мільярда даляраў. У параўнаньні з жніўнем гэтая лічба скарацілася на 447 мільёнаў даляраў. То бок беларусы забралі з укладаў амаль паўмільярда.
Скараціліся і рублёвыя дэпазыты — на 215 мільёнаў са жніўня па верасень.
Прыбытак прамысловых гігантаў падае
Са студзеня па верасень прамысловы гігант БелАЗ зарабіў 15,9 мільёна рублёў. Гэта ў 13 разоў меней, чым за такі ж пэрыяд у мінулым годзе.
15,5 мільёна рублёў са студзеня па верасень зарабіў МТЗ, або ўтрая меней, чым за такі ж пэрыяд летась.
34 тысячы рублёў са студзеня па верасень зарабіў Беларускі мэталюргічны завод. Летась прыбытак за такі самы пэрыяд быў яшчэ меншы — 17 тысяч рублёў.
Курс даляра вырас на 4%
9 жніўня, у дзень выбараў, курс даляра быў 2,44. А цяпер, паводле Нацбанку, курс 2,55. Даляр падаражэў за гэты час на 11 капеек, або на 4%. І гэта з улікам таго, што ўжо некалькі дзён курс даляра зьніжаецца.
Дзярждоўг вырас на 3,7 мільярда ад часу выбараў
На 1 жніўня гэтага году дзяржаўны доўг Беларусі складаў 53,1 мільярда рублёў, а па інфармацыі на 1 кастрычніка — ужо 56,9 мільярда. То бок вырас на 3,7 мільярда з часу выбараў.
З пачатку ж году дзярждоўг вырас на 12,2 мільярда рублёў.
19% арганізацый — стратныя
Паводле Белстату, у Беларусі цяпер 19,1% арганізацый стратныя. У мінулым годзе такіх было толькі 15%. Стратнымі за гэты час зрабіліся 275 арганізацый.
І тут яшчэ АЭС
Беларуская АЭС пасьля ўрачыстага адкрыцьця папрацавала 2 дні. Пасьля яна спынілася, бо зьявіліся «праблемы з электратэхнічным вымяральным абсталяваньнем». Калі запусьціцца — пакуль не вядома. Што праўда, экспэрты кажуць: «Фінансавых стратаў такое спыненьне не нясе».