Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26-гадовай біёлягу і 60-гадовай мэдсястры — па 12 сутак. Як судзяць мэдыкаў, затрыманых 7 лістапада за марш пратэсту


Аўтазакі каля 1 гарадзкога клінічнага шпіталя, праспэкт Незалежнасьці, Менск, 7 лістапада.
Аўтазакі каля 1 гарадзкога клінічнага шпіталя, праспэкт Незалежнасьці, Менск, 7 лістапада.

У Менску судзяць лекараў, затрыманых 7 лістапада пры спробе арганізацыі маршу пратэсту.

Аксана Кавалёва працуе ў лябараторыі генэтычнага аналізу. У першую хвалю каранавірусу працавала ў «бруднай» зоне, кажа яе муж.

Аксану затрымалі 7 лістапада ў Менску каля 12-й гадзіны побач зь Першым клінічным шпіталём. Яе абвінавачвалі ва ўдзеле ў мітынгу, не дазволеным Менскім гарвыканкамам.

«Я знаходзілася каля 1-й бальніцы, сустракалася з калегамі, зь якімі мы хацелі абмеркаваць сытуацыю. Я не зразумела, што гэта мітынг. Хтосьці апранаў халаты. Лёзунгаў і плякатаў не было. Супрацоўнік АМАПу папрасіў прайсьці для праверкі дакумэнтаў. Я добраахвотна прайшла ў мікрааўтобус», — расказала Аксана праз скайп з турмы на Акрэсьціна.

Пратакол і рапарты на Аксану Кавалёву склалі ўчастковыя інспэктары Тонкавіч і Сяляўка. Да гэтага яны фігуравалі яшчэ ў 5 судовых працэсах. Судзьдзя цягам 5 хвілін вынесла рашэньне — 12 сутак арышту.

Пасьля Аксаны Кавалёвай судзілі 60-гадовую мэдсястру з 10-га клінічнага шпіталя Людмілу Таболіну. Адвакат прынёс хадайніцтва з працы — шпіталь працуе з ковіднымі хворымі, патрэбны працоўныя рукі. Да таго ж у мэдсястры муж — інвалід.

Адвакат адзначыў, што рапарты напісаныя пад капірку тымі ж Сяляўкам і Тонкавічам, з тымі ж граматычнымі памылкамі і абаротамі, што і ў папярэдніх асуджаных.

Прысуд абедзьвюм мэдработніцам — па 12 сутак арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG