Рабочыя Менскага трактарнага заводу, якія падтрымалі страйк, заявілі пра звальненьні задняй датай і з парушэньнямі закону. Відэазварот апублікаваны на тэлеграм-канале страйкаму МТЗ.
У відэазвароце рабочыя (некаторых зь іх ужо звольнілі) кажуць, што звальненьні страйкоўцаў на заводзе адбыліся з падлогам дакумэнтаў. Вінаваты ў гэтым, па іх словах, намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалягічнай працы Андрэй Сусьлянкоў.
«Ён пайшоў на настолькі адкрыты падлог, што юрысты МТЗ і шэраг кіраўнікоў падразьдзяленьняў адмовіліся падпісваць дакумэнты», — кажа на відэа адзін з рабочых.
Яны прыгадалі таксама словы генэральнага дырэктара заводу Віталя Воўка, які абяцаў, што ня звольніць ніводнага супрацоўніка за погляды.
«Так трымае слова колішні міністар прамысловасьці?» — задалі рытарычнае пытаньне страйкамаўцы.
Удзел у запісе відэа ўзяў і кіраўнік Незалежнага прафсаюзу на МТЗ Міхаіл Громаў. Амаль усе звольненыя з прадпрыемства — сябры гэтай арганізацыі.
Аўтары звароту паабяцалі сваю падтрымку ўсім, хто зазнаў рэпрэсіі ад кіраўніцтва, а таксама выказалі салідарнасьць са звольненымі рабочымі «Белкамунмаша», Менскага электратэхнічнага заводу (МЭТЗ), «Беларуськалію», «Гродна Азоту».
У звароце выказваецца сумнеў, што ўладам удасца замяніць спэцыялістаў высокага ўзроўню штрэйкбрэхерамі, многія зь якіх ня маюць належных уменьняў і стажу.
Частка рабочых МТЗ далучылася да Агульнанацыянальнага страйку 26 кастрычніка, які абвясьціла Сьвятлана Ціханоўская. Аднак пасьля некалькіх звальненьняў і жорсткіх рэпрэсій на самім МТЗ і на іншых прадпрыемствах праца заводу аднавілася.