Улады Літвы прыпынілі вылучэньне фінансаваньня Беларусі ў рамках праграмы Эўразьвязу па трансгранічным супрацоўніцтве, гэтак жа зрабіла і Латвія. Пра гэта ў сераду на пасяджэньні ўраду паведаміла кіраўніца літоўскага МУС Рыта Тамашунене.
«Нашы краіны пакуль працягнуць ажыцьцяўленьне праектаў у рамках гэтай праграмы ЭЗ безь Беларусі, вылучэньне сродкаў па іх беларускім партнэрам прыпыненае», — сказала яна.
Гэта зроблена, паводле кіраўніцы ведамства, «з улікам палітычнай сытуацыі ў Беларусі». МУС Літвы, як адзначыла Тамашунене, зьвярнулася ў Эўракамісію з просьбай выпрацаваць рэкамэндацыі наконт далейшых дзеяньняў. «Канкрэтных рэкамэндацый не паступіла, было толькі выказанае пажаданьне аб больш жорсткім кантролі над праектамі», — удакладніла міністарка.
Яна паведаміла, што ў справе лёсу супольных праектаў у МУС неаднаразова зьвярталіся іх літоўскія ўдзельнікі. «Ім вылучэньне сродкаў прыпынена не было», — сказала Тамашунене.
Праграма трансгранічнага супрацоўніцтва з удзелам Літвы, Латвіі і Беларусі была ўхваленая ЭЗ у лістападзе 2015 году. На яе рэалізацыю (прынята 80 праектаў) прадугледжвалася 74 млн эўра. Было зацьверджана каля 50 праектаў з авансавым фінансаваньнем, якое накіроўваецца выканаўцам ва ўсіх трох краінах-удзельніцах. Праекты ахопліваюць разьвіцьцё памежнай інфраструктуры, тэлекамунікацыйнай сыстэмы, ініцыятывы ў сфэрах культуры, адукацыі, аховы прыроды і іншых. Сродкі беларускім удзельнікам пераводзяць партнэры зь ліку краінаў ЭЗ.