Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плякат падчас студэнцкага пратэсту 26 кастрычніка
Плякат падчас студэнцкага пратэсту 26 кастрычніка

Страйкі і пратэсты. Што адбываецца на другі дзень пасьля ўльтыматуму Ціханоўскай

26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнага страйку з патрабаваньнем сыходу Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў. Што адывалася ўчора: каротка,

10:20 27.10.2020

Страйк на «Гродна Азот». Яшчэ адна зьмена не прыступае да працы

У цэху працуюць людзі, якія заступілі на працу а 20-й гадзіне 25 кастрычніка, ужо 36 гадзін запар. Пасьля іх тры зьмены бастуюць. «Аміяк-3» — адзін з ключавых цэхаў прадпрыемства.

Калі рабочыя кажуць пра спыненьне прадпрыемства, яны маюць на ўвазе менавіта самыя значныя цэхі «Аміяк-3» і «Карбамід-4», а таксама «Аміяк-4» і «Карбамід-3». Яны зьвязаныя па парах: калі спыняецца аміячны цэх, вымушаны спыніцца і карбамідны. Па словах аднаго ў работнікаў прадпрыемства, толькі «Аміяк-3» прыносіць штомесячны прыбытак мінімум 1 мільён эўра.

Яшчэ два значныя цэхі, «Аміяк-4» і «Карбамід-3», пакуль не страйкуюць.

Страйкоўцаў «Азоту» кіраўніцтва пачало забіраць паасобку на гутаркі. Учора генэральны дырэктар Ігар Бабыр, па словах работнікаў, пагражаў звольніць усіх работнікаў, якія засталіся на прахадной. Тыя маюць намер «стаяць да канца».

10:22 27.10.2020

«Заблякаваная праца аддзяленьня, дзе дапамагаюць пры інфарктах». На акцыі затрымалі сем мэдыкаў РНПЦ «Кардыялёгія»

27 кастрычніка раніцай у ланцугу салідарнасьці на праспэкце Дзяржынскага ў Менску затрымалі сем мэдыкаў РНПЦ «Кардыялёгія». Пра гэта Tut.by паведамілі самі супрацоўнікі клінікі. Сёньня раніцай перад працай мэдыкі РНПЦ «Кардыялёгія» выйшлі на ланцуг салідарнасьці на праспэкце Дзяржынскага — гэта недалёка ад самога РНПЦ. Па словах лекараў, іх там было 20-25 чалавек.

У нейкі момант да прысутных пад’ехалі мікрааўтобусы, частка мэдыкаў пасьпелі ўцячы і схавацца ў пераходзе. Затрымалі загадчыка рэнтгенаапэрацыйнай РНПЦ «Кардыялёгія» Алега Паланецкага, якога называюць унікальным доктарам. Таксама затрымалі кардыёхірурга РНПЦ Уладзіміра Андрушчука, загадчыцу аддзяленьня кампутарнай тамаграфіі Ірыну Гайдэль, хірурга Максіма Цыбульскага, анэстэзіёлагаў-рэаніматолягаў Андрэя Бурага, Дзьмітрыя Чуклая і Яўгена Палойку.

10:23 27.10.2020

ГУУС Менску: кардыёлягаў даставілі ў міліцыю «для разбору»

27 кастрычніка раніцай на праспэкце Дзяржынскага затрымалі семярых мэдыкаў РНЦП «Кардыялёгія», якія стаялі ў «ланцугу салідарнасьці» перад пачаткам працоўнага дня.

Дактароў даставілі ў РУУС «для разбору», паведаміла Свабодзе прэс-сакратарка гарадзкой міліцыі.

Уздоўж праспэкту Дзяржынскага перад пачаткам працоўнага дня стаялі прыкладна 20-25 мэдыкаў. Да «ланцуга» пад’ехалі бусікі. Частка людзей схавалася ў падземным пераходзе.

Затрымалі загадчыка рэнтгенапэрацыйнай Алега Паланецкага, кардыяхірурга Ўладзімера Андрашчука, загадчыцу аддзяленьня кампутарнай тамаграфіі Ірыну Гайдэль, хірурга Максіма Цыбульскага, анэстэзіёлягаў Андрэя Бурага, Дзьмітрыя Чуклая, Яўгена Палойку, паведамілі супрацоўнікі РНПЦ «Кардыялёгія» парталу Tut.by.

Пад пагрозай праца аддзяленьня, дзе аказваюць дапамогу экстраным пацыентам з інфарктамі, пасьляапэрацыйным хворым.

10:24 27.10.2020

Адпусьцілі выканаўцу адной з галоўных роляў у фільме «Янка Купала», схопленую на акцыі пратэсту

Актрысу Алену Гіранок затрымалі на акцыі пратэсту ўвечары 26 кастрычніка, яна правяла ноч у Маскоўскім РУУС Менску. Раніцай 27 кастрычніка стала вядома, што яна выйшла на волю, піша тэлеграм-канал Беларускага фонду культурнай салідарнасьці.

Гіранок — актрыса Тэатра-студыі кінаактора, здымаецца ў кіно. Адна з апошніх яе работ — роля Ўладзіславы, жонкі Янкі Купалы, у аднайменным фільме Ўладзіміра Янкоўскага.

10:25 27.10.2020

Канцэрн «Белнафтахім» адрэагаваў на страйк на «Гродна Азоце»

ААТ «Гродна Азот» працуе ў штатным рэжыме, усе тэхналягічныя працэсы ў норме, паведаміў сёньня прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Аляксандар Цішчанка, перадае БелТА.

«Гродна Азот» працуе ў штатным рэжыме. Новыя змены прыбылі на працу. Усе тэхпрацэсы ў норме», — паведаміў Аляксандр Цішчанка. Ён заявіў, што інфармацыя ў Telegram-каналах аб прыпынку печаў на прадпрыемстве зьяўляецца правакацыяй.

10:39 27.10.2020

На «Гродна Азот» пачалі выклікаць страйкоўцаў паасобку на гутаркі з кіраўніцтвам

Адзін зь іх расказаў, што на сустрэчы прысутнічалі таксама не супрацоўнікі заводу, пагражалі крымінальнай адказнасьцю за страйк. Ім прапануюць пісаць заявы на звальненьне па ўласным жаданьні, аднак «азотаўцы» адмаўляюцца.

10:41 27.10.2020

У Наваградку за пратэст аштрафавалі былога дырэктара школы

У Наваградку 72-гадовага былога дырэктара школы №5 Аляксандра Быстрыка аштрафавалі на 1350 рублёў. Прычына — удзел у недазволеным масавым мерапрыемстве. Раней аштрафавалі ягоную жонку Валянціну Быстрык.

10:47 27.10.2020

«Гэта катаваньне». У Менску судзяць Зьмітра Дашкевіча

Зьміцер Дашкевіч на акцыі Ноч расстраляных паэтаў у 2019 годзе.
Зьміцер Дашкевіч на акцыі Ноч расстраляных паэтаў у 2019 годзе.

У Маскоўскім раённым судзе Менска 27 кастрычніка працягваецца суд над былым старшынём «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. Судзьдзя Тацяна Матыль адмовілася разглядаць яго хадайніцтва аб умовах утрымання ў ізалятары на Акрэсьціна.

«Знаходжуся ў карцары, тут на ноч не падымаюць ложка, не выдаюць бялізны. У суседніх камэрах тое самае. Гэта катаваньне», – заявіў Зьміцер Дашкевіч. Суд ідзе праз Skype.
Зьміцер Дашкевіч быў затрыманы 25 кастрычніка падчас нядзельнага маршу. Ён адзін з арганізатараў акцыі «Ноч расстраляных паэтаў», якая традыцыйна ладзіцца ў Курапатах 29 кастрычніка.

10:49 27.10.2020

На кардыёлягаў склалі пратаколы на акцыю пратэсту

Мэдыкі РНПЦ Паланецкі Алег і Андрушчук Уладзімер, якіх затрымалі каля станцыі мэтро «Грушаўка» за ўдзел у акцыі пратэсту, выйшлі з РУУС. На іх склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34.

11:18 27.10.2020

Два рэжысэры горадзенскага тэатру далучыліся да страйку

Пратэст у Горадзенскім тэатры. Архіўнае фота.
Пратэст у Горадзенскім тэатры. Архіўнае фота.

Рэжысэры Горадзенскага драматычнага тэатру Генадзь Мушпэрт і Сяргей Курыленка заявілі пра ўдзел у нацыянальным страйку. Іншых рэжысэраў у тэатры няма. Дырэктар тэатру Ігар Гедзіч прапанаваў ім напісаць заяву на звальненьне па ўласным жаданьні, але тыя адмовіліся. Яны чакаюць звальненьня паводле артыкулу. Абодва рэжысэры пэнсійнага ўзросту. У тэатры адмянілі рэпэтыцыі і спэктаклі.

11:29 27.10.2020

Мэдыкі выходзяць на акцыі салідарнасьці з затрыманымі кардыёлягамі

Паведамляюць пра акцыі супрацоўнікаў РНПЦ траўматалёгіі і Цэнтру дзіцячай анкалёгіі ў Бараўлянах.

11:53 27.10.2020

Што адбываецца ў гімназіі № 50, дзе настаўнікі запісалі зварот да народу

У менскай гімназіі № 50 абверглі зьвесткі з чатаў пра тое, што дырэктарку гімназіі звальняюць, а настаўнікаў выклікаюць у Міністэрства адукацыі за ўдзел у відэазвароце.

Настаўнікі гімназіі запісалі відэазварот, у якім запатрабавалі спыненьня гвалту, вызваленьня палітзьняволеных, аднаўленьня на працы звольненых з палітычных матываў выкладчыкаў і адлічаных студэнтаў на вучобе.

Дырэктарка гімназіі Элеанора Кітуновіч сказала, што не зьбіраецца даваць ніякіх камэнтароў.

«Але магу сказаць, што ніякіх рэпрэсій супраць настаўнікаў, калектыву і мяне асабіста няма», — сказала яна.

Выпускнікі гімназіі апублікавалі адкрыты ліст у падтрымку настаўнікаў гімназіі № 50.

11:58 27.10.2020

Паслухаць аркестар Фінбэрга на Купалаўскай сцэне прыйшлі... 10 чалавек

На фота налічылі 8. Адзін з супрацоўнікаў Купалаўскага тэатру назваў іншую лічбу — 11 чалавек. Сёньня плянуецца даць другі з заплянаваных там 10 канцэртаў.

12:15 27.10.2020

Зь «Беларусьнафты» звольнілі супрацоўнікаў, якія далучыліся да страйку

26 кастрычніка да ўсебеларускай забастоўкі далучыліся шэсьць супрацоўнікаў упраўленьня прамыслова-геадэзічных работ «Беларусьнафты». Яны запісалі відэазварот, а ўвечары даведаліся, што іх звольнілі.

«Ведаю, што кіраўніцтва вельмі не задаволена. З намі размаўлялі ну проста „зь пенай ля рота“. Нас папікалі, што мы маем добры заробак і сацыяльны пакет (гэта сапраўды так): „Ну чаго вам не хапае?“. Але ня ўсё ў сьвеце вымяраецца грашамі. Сумленьне даражэйшае, грошы ня вартыя таго, каб забыць пра гвалт, забойствы, катаваньні людзей. Ідэалы і праўда даражэйшыя, чым добры заробак», — расказаў Свабодзе Сяргей Палякоў, якія працаваў начальнікам партыі прамысловай геафізыкі.

12:24 27.10.2020

Вызвалілі апошніх затрыманых мэдыкаў РНПЦ «Кардыялёгія»

Тым часам пад самім РНПЦ сабралася акцыя ў падтрымку мэдыкаў.

12:25 27.10.2020

Менск. МТС

Супрацоўнікі МТС другі дзень запар выходзяць на «ланцуг салідарнасьці» каля парку Чалюскінцаў у Менску.

12:41 27.10.2020

Менск. БДМУ

Студэнты-мэдыкі ладзяць вялікую акцыю салідарнасьці проста ва ўнівэрсытэце.

12:42 27.10.2020

Менск. БДУіР

Студэнты-праграмісты выйшлі на пратэст.

14:00 27.10.2020

Горадня. Звольнілі абодвух рэжысэраў драмтэатру

Абодвух рэжысэраў Горадзенскага драмтэатру, Генадзя Мушпэрта і Сяргея Курыленку, звольнілі паводле артыкулу за невыкананьне працоўных абавязкаў. Галоўны рэжысэр Мушпэрт тут працаваў 26 гадоў (усяго ў тэатры 48), Курыленка — 40 гадоў. Раней рэжысэры далучыліся да нацыянальнай забастоўкі.

14:02 27.10.2020

Лукашэнка заявіў пра «тэрарыстычныя пагрозы» ў сувязі з масавымі пратэстамі

Лукашэнка лічыць, што супраць Беларусі разгорнутая ня толькі інфармацыйная, а і «тэрарыстычная вайна».

«Ну як можна ацэньваць тое, што ўжо выйшлі на чыгунку і пачынаюць блякаваць аўтаматыку, рабіць замыканьне рэек? Гэта можа прывесьці да сур’ёзных аварый на чыгунцы, катастрофы, да гібелі мноства людзей. Гэта дзеяньні арганізаваных злачынных груповак з прыкметамі тэрарызму. Мы пачынаем сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі», — сказаў ён, падкрэсьліўшы, што ўлада тады чагосьці вартая, калі ўмее абараняць сябе і свой народ.

Па яго словах, арганізатары пратэстаў у Беларусі «паводле мэтадычкі каляровых рэвалюцый» прайшлі 7-8 этапаў.

«Засталося зусім няшмат. Наступны этап — радыкалізацыя. Яна адбываецца. Мы гэта павінны спыніць», — заявіў Лукашэнка.

Чытаць далей.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG