Amnesty International заклікае ўлады Беларусі пакласьці канец міліцэйскаму гвалту
«Мы з шокам і трывогай бачым, як гэты рэжым, які на працягу некалькіх тыдняў практыкаваў гвалт у дачыненьні да дэманстрантаў на вуліцах і ў месцах утрыманьня пад вартай, сёньня накіраваў АМАП у масках для зьбіцьця і арышту працоўных, якія страйкуюць, наўпрост на іх працоўных месцах, — сказана ў заяве Amnesty International. — Улады праяўляюць адкрытую пагарду да самых асноўных правоў чалавека, і права на страйк стала яшчэ адным, якое было бязьлітасна патаптанае пры дапамозе міліцэйскіх ботаў і дубінак».
Акцыя пратэсту ў Менску працягнулася на плошчы Якуба Коласа, адбыліся новыя затрыманьні
У цэнтры Менску ўвечары працягвалася акцыя ў падтрымку агульнанацыянальнай забастоўкі. Яе ўдзельнікі дайшлі да плошчы Якуба Коласа, дзе сталі ў ланцуг. Каля 20.00, калі на плошчы сабралася каля 100 пратэстуючых, у асноўным каля філярмоніі, туды прыехалі сілавікі.
Людзі пабеглі ад іх за філярмонію ўверх па бульвары Мулявіна. За імі па сустрэчнай паласе паехалі тры мікрааўтобусы ў суправаджэньні аўтамабіля ДАІ са уключаным пробліскавым маячком. З боку вуліцы Якуба Коласа прыехаў аўтазак, зь якога выгрузіліся сілавікі ў абмундзіраваньні.
«Агульнанацыянальны страйк толькі распачаўся і будзе ўзмацняцца», — Ціханоўская пра першыя вынікі
Лідэрка Сьвятлана Ціханоўская падсумоўвае першыя вынікі страйкаў, якія распачаліся ў Беларусі пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка праігнараваў ультыматум, выстаўлены яму Ціханоўскай ад імя апазыцыйных сілаў.
Хто бастуе 26 кастрычніка
26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнага страйку з патрабаваньнем сыходу Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў. Вось хто далучыўся да страйку ў гэты дзень.
Сілавікі не далі пратэстоўцам сабрацца ў цэнтры Менску
Каля 18.00 на плошчы Незалежнасьці пачалі зьбірацца людзі. Супрацоўнікі АМАП заклікалі іх сысьці «ў мэтах вашай бясьпекі». Людзей — некалькі дзясяткаў чалавек — паступова адціснулі да гатэля «Менск». На самой плошчы зьявіўся ланцуг АМАПу ў касках са шчытамі.
Урэшце плошча Незалежнасьці была ачэпленая ланцугамі АМАП, на вуліцы Савецкай, як падчас ранейшых акцый, стаяла мноства спэцтэхнікі. Але людзі групамі пайшлі ад плошчы ў цэнтар, у бок Кастрычніцкай плошчы. Аўтамабілісты падтрымлівалі іх гудкамі.
Да калёны пратэстоўцаў каля «Макдональдса» пад'ехалі бусы, частка ўдзельнікаў шэсьця разьбеглася.
Пачаўся жорсткі хапун каля Дома прафсаюзаў. Некаторых пры затрыманьні зьбівалі. Людзі хаваліся ў дварах. Аднаго чалавека зьбілі так моцна, што ён застаўся ляжаць на зямлі. Яго паднялі амапаўцы і зацягнулі па зямлі ў бус. Магчыма, затрыманыя дзясяткі чалавек.
Праваабаронцы сабралі прозьвішчы 210 затрыманых у першы дзень страйку
Працаўнікі шэрагу дзяржаўных і камэрцыйных прадпрыемстваў і навучальных установаў ад раніцы распачалі пратэсты, мітынгі, на прадпрыемствах і ў ВНУ заяўляюць пра страйкі.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», па стане на 18.30 ужо вядома пра 210 затрыманых у Менску, Барысаве, Горадні, Магілёве, Наваполацку.
Сярод затрыманых генэральны дырэктар Onliner Ільля Жукавец і распрацоўшчык Аляксандар Махораў, паведаміў рэдактар сайта Мікалай Казловіч. Затрыманы таксама паэт Эдуард Акулін, паведамляе «Вясна».
Прадстаўнік КДБ: экстрэмісцкія дзеяньні пратэстоўцаў можна кваліфікаваць як акт тэрарызму
«Апошнімі днямі ў Беларусі сталі частымі выпадкі экстрэмісцкіх праяваў з боку пратэстна настроеных асобаў», заявіў начальнік аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак.
Паводле яго, гэтыя дзеяньні «сплянаваныя і рэалізаваныя арганізаванымі злачыннымі групамі» і спалучаныя з «учыненьнем выбухаў, падпалаў, іншых дзеяньняў, якія ствараюць небясьпеку гібелі людзей, нанясеньня ім цялесных пашкоджаньняў», таму іх можна кваліфікаваць «як акт тэрарызму».
Пры разгоне акцыі ля ПВТ адзін з амапаўцаў зламаў нагу
Пры разгоне пратэстоўцаў ля Парку высокіх тэхналёгій адзін з супрацоўнікаў АМАП атрымаў траўму, паведамілі Tut.by чытачы.
Інфармацыю пацьвердзілі ў ГУУС Менгарвыканкаму: «Супрацоўнік АМАП атрымаў траўму, ён шпіталізаваны. Паводле папярэдняй інфармацыі, у яго пералом галёнкі са ссоўваньнем»
Горадня. ЦЭЦ-2
Супрацоўнікі ЦЭЦ-2 выйшлі на акцыю супраць гвалту.
Менск. Супрацоўнікі БелОМА выйшлі на акцыю супраць гвалту
Бараўляны. Ланцуг салідарнасьці ля абласной бальніцы
«Больш не дазволім ператварыць школу ў абслугу рэжыму», — менскія настаўнікі
Настаўнікі менскай гімназіі № 50 запісалі зварот да калегаў і падтрымалі пратэстоўцаў.
«Мы, настаўнікі, у гэты пераломны момант у жыцьці нашай краіны ня можам заставацца ўбаку і маўчаць. Мы хочам дакладна і гучна выказаць ня толькі сваё меркаваньне, а і свае патрабаваньні», — адзначаюць яны ў супольнай заяве.
Як сёньня пратэставалі менскія студэнты. ВІДЭА
«Што, с***, працаваць ня хочаш?». «Азотаўцы» расказалі, што іх зьбівалі
Супрацоўнікі «Гродна Азот», якія падтрымалі забастоўку, расказалі, што ранкам іх затрымлівалі сілавікі ў чорнай і аліўкавай форме, у балаклавах. Аднаго з хлопцаў ударылі нагой у сьпіну, дзяўчыне пры затрыманьні пашкодзілі нагу, яна кульгала, калі выйшла з РАУС.
У аўтобусе мужчын білі дручкамі і рукамі па твары. Адзін зь сілавікоў пры гэтым сказаў: «Што, с***, працаваць ня хочаце?». Большасьць выйшла з РАУС без адміністрацыйных пратаколаў.
У цэхах аміяк-3 і кармамід-4 працягвае працаваць начная зьмена ўжо больш за 20 гадзін, а таксама кіраўніцтва. Работнікі, якія прыйшлі ранкам, адмаўляюцца пераймаць зьмену і чакаюць распараджэння пачаць спыненьне вытворчасьці. Начальства прапануе ім узяцца за працу.
Менск. МАЗ
На МАЗе каля 100 працаўнікоў удзельнічаюць у «італьянскай» забастоўцы, паведамляюць са страйкаму прадпрыемства.
«Раніцай у сходзе з намесьнікам гендырэктара бралі удзел каля 100 працаўнікоў, паслухалі і разышліся па працоўных месцах, але працуюць не па-сапраўднаму, а „па- італьянску“. А цяпер у курылках абмяркоўваюць, калі пачнуць страйк і як: на асобных месцах ці па цэхах», — паведаміла крыніца на МАЗе.
Міністар адукацыі: «Нягледзячы на шматлікія заклікі да забастовак, сёньня навучальны працэс ва ўсіх установах адукацыі ідзе ў штатным рэжыме»
Карпенка кажа, што толькі ў «некаторых» ВНУ назіраюцца «спробы зрыву навучальнага працэсу асобнымі студэнтамі», «абрáзы выкладчыкаў і кіраўнікоў ВНУ»
Менск. Марш дайшоў да плошчы Якуба Коласа
Маршы пэнсіянэраў праходзяць у Берасьці і Горадні
Менск.
Галава калёны пэнсіянэраў і студэнтаў ужо на плошчы Перамогі.