Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рака людзей на вуліцы Машэрава ў Менску
Рака людзей на вуліцы Машэрава ў Менску

Маршы ў падтрымку «Народнага ўльтыматуму». Што адбываецца ў Менску і іншых гарадах Беларусі

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская выставіла ўльтыматум уладам: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, вызваленьне палітычных вязьняў, спыненьне гвалту на вуліцах. Нязгодныя з абвешчанымі вынікамі выбараў і масавымі рэпрэсіямі, якія выліліся ў сьмерць, раненьні і арышты дэманстрантаў, заклікалі 25 кастрычніка правесьці ў цэнтры Менску і іншых гарадоў Беларусі масавыя дэманстрацыі ў падтрымку «Народнага ўльтыматуму».

15:51 25.10.2020

Затрыманьні ў Магілёве

У Магілёве на пешаходнай вуліцы Ленінскай затрымліваюць людзей. Як паведамляюць відавочцы, каля трох дзясяткаў мінакоў паспрабавалі арганізаваць калёну. Да яе хутка накіраваліся сілавікі, пад'ехалі аўтазакі. Колькасьць затрыманых пакуль не вядомая. Кажуць, што зь людзьмі абыходзіліся жорстка.

Міліцыянты рыхтуюцца ўварвацца на Ленінскую
Міліцыянты рыхтуюцца ўварвацца на Ленінскую

Паводле «Белсату», у цэнтры таксама затрымалі некалькі жанчын. Людзі гуляюць па пешаходнай вуліцы Ленінскай, там жа дзяжураць сілавікі.

15:45 25.10.2020

Горадня: на Савецкай застаюцца каля сотні пратэстоўцаў

Каля сотні чалавек працягваюць стаяць на Савецкай вуліцы ў Горадні. Скандуюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам».

Падчас маршу на Савецкай вуліцы зьнік доктар гістарычных навук, прафэсар Алесь Краўцэвіч. Ён не выходзіць на сувязь. Імаверна, яго затрымалі.

15:44 25.10.2020

Менск: калёна з Багдановіча ідзе на Нямігу

Калёна пратэстоўцаў дайшла да вуліцы Багдановіча і павярнула ў бок Нямігі. У пратэстоўцаў зьявілася новая крычалка: «Лучшая поправка — Сашина отставка».

Празь нейкі час пратэстоўцы зноў вырашылі разьвярнуцца і пайсьці на плошчу Бангалор.

15:38 25.10.2020

Менск: у бок Машэрава едуць вадамёты і спэцтэхніка

Па вуліцы Казлова ў бок праспэкту Машэрава едзе спэцтэхніка і вадамёты.

Тым часам у раёне стэлы міліцыя праз мэгафон папярэджвае ўдзельнікаў шэсьця пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

15:37 25.10.2020

Менск: калёна на праспэкце Незалежнасьці

15:34 25.10.2020

Горадня: пасьля затрыманьняў на Савецкай гарадзенцы гуляюць у цэнтры

Гарадзенцы пайшлі гуляць па цэнтры гораду.

Тым часам каля вуліцы і плошчы Савецкай і каля моладзевага цэнтру зноў пачаліся затрыманьні.

15:27 25.10.2020

Менск: частка пратэстоўцаў ідзе па Зыбіцкай

З бубначамі, пад воклічы «Забастоўка» яшчэ адна калёна крочыць па вуліцы Зыбіцкай у Менску.

15:19 25.10.2020

У Магілёве сілавікі зноў блякавалі цэнтар гораду

Ля пляцовак, на якіх заклікалі сабрацца прыхільнікаў перамен, стаяць мікрааўтобусы з амапаўцамі.

Свабодзе паведамілі пра двух затрыманых у сквэры на праспэкце Міру, каля філярмоніі — у адным зь месцаў збору. Па затрыманьні група зь дзясятка чалавек разышлася. Як і ў мінулыя нядзелі, транспарт не спыняецца на прыпынку насупраць гарвыканкаму. Там паставілі пост ДАІ і эвакуатар.

Прыпынак ля магілёўскага гарвыканкаму
Прыпынак ля магілёўскага гарвыканкаму

Патрулі на пешаходнай вуліцы Ленінскай асаблівую ўвагу зьвяртаюць на бел-чырвона-белыя колеры ў мінакоў. Тым, хто ідзе зь бел-чырвона-белымі парасонамі, прапануюць іх згарнуць. Падобная абстаноўка — у Кастрычніцкім раёне гораду. Пляцоўка каля Лядовага палаца, дзе праводзілі агітацыйныя мітынгі прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта, цяпер пад «аховаю» амапаўцаў. Зь імі стаіць мікраааўтобус.

15:18 25.10.2020

Менск: пратэстоўцы павярнулі на Машэрава

Перад стэлай Марш павярнуў на праспэкт Машэрава. У калёне дзясяткі тысяч чалавек.

15:10 25.10.2020

У Лідзе сілавікі ўжылі сьлезацечны газ

15:07 25.10.2020

У Горадні — адзінкавыя затрыманьні

У Горадні сілавікі ў чорным і ў вайсковай форме расчысьцілі Савецкую вуліцу ад людзей: адбыліся адзінкавыя затрыманьні, некаторых зьбівалі. Большасьць людзей схавалася ў дварах, сышлі і сілавікі.

Хутка каля сотні чалавек вярнуліся на Савецкую вуліцу, яны стаяць на плошчы пляскаюць у ладкі і скандуюць «Жыве Беларусь».

Аднаго гарадзенца з Савецкай забрала «хуткая дапамога». Што зь ім дакладна здарылася, пакуль не вядома.

15:04 25.10.2020

Менск. Дзясяткі тысяч чалавек каля стэлы

На праспэкце Пераможцаў ужо каля 50 тысяч удзельнікаў. Падыходзіць усё больш людзей. Часьцей за ўсё выгукваюць «Трыбунал», «Забастоўка».

Тым часам людзі ідуць па праспэкце Незалежнасьці.

14:59 25.10.2020

У Лідзе, Горадні, Ваўкавыску разганяюць пратэсты

У Лідзе сілавікі жорстка разагналі людзей у горадзе. Мужчын білі дубінкамі, ёсьць затрыманыя.

14:55 25.10.2020

Менск. Галава калёны дайшла да стэлы

Звыклага па іншых акцыях ачапленьня з вайскоўцаў сёньня там няма. Але вайскоўцы стаяць вакол лесьвіцы, якая вядзе да помніка. Праз гукаўзмацняльнікі людзей папярэджваюць, што акцыя несанкцыянаваная.

14:53 25.10.2020

Гомель. Новыя затрыманьні і дагляд людзей

Каля цырку затрымалі былога ўдзельніка прэзыдэнцкай кампаніі актывіста Ўладзімера Няпомняшчых. Таксама затрымалі маладога хлопца Алега Германовіча, які проста ішоў па вуліцы.

На пляцоўцы каля плошчы Леніна міліцыя перапісвае дадзеныя пэнсіянэрак. На пляцоўцы ля цырку ля сямі пенсіянерак стаіць сем супрацоўнікаў МУС.

14:47 25.10.2020

Менск. Марш рушыць па праспэкце Пераможцаў

14:40 25.10.2020

Менск. Тысячы людзей ідуць у бок стэлы

Дзесяцітысячная калёна рушыць па праспэкце Пераможцаў у бок стэлы. Галава калёны ўжо на скрыжаваньні з вуліцай Мельнікайтэ.

14:37 25.10.2020

Каля тысячы чалавек сабраліся ў цэнтры Горадні

На Савецкай вуліцы каля тысячы чалавек. Каля сотні байцоў АМАП стаіць шчыльным шэрагам пасярод вуліцы. Людзі скандуюць «Гэта наш горад», «Выпускай». Перакрываюць рух каля драмтэатру.

14:29 25.10.2020

Менск. Людзей не прапускаюць на праспэкт Незалежнасьці

На вуліцы Леніна паміж гатэлем «Эўропа» і «Гранд кафэ» ўсталёўваюць сыстэмы «Рубеж», ёсьць 2 вадамёты. 1 вадамёт на вуліцы Інтэрнацыянальнай. З цэнтра можна прайсьці да плошчы Свабоды. Каля будынку Кансэрваторыі стаяць ланцугі вайскоўцаў.

Удзельнікі Маршу ўжо рухаюцца ад плошчы Свабоды ў бок Нямігі.

14:27 25.10.2020

Гомель. Пачаліся затрыманьні

Ля цырку затрымалі дзьвюх жанчын з кветкамі і актывіста Ўладзімера Няпомняшчых, правяраюць дакумэнты ў пэнсіянэрак на лаўках.

На кожным скрыжаваньні вуліцы Савецкай стаяць міліцыянты і ДАІ, у дварах — «сінія бусы», на лошчы Леніна — аўтобус зь сілавікамі і міліцэйскія «Газэлі» і аўтобус зь сілавікамі, за ўнівэрмагам «Гомель» — аўтазак і вайсковы грузавік, на скрыжаваньні з вуліцай Пушкіна — аўтазак.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG