Ніна Багінская ўжо выйшла на шпацыр па Менску
Тым часам на скрыжаваньні Гарадзкога валу і Нямігі сотні людзей вялікімі групамі ідуць са сьцягамі ў бок праспэкта Пераможцаў, гукаюць «Жыве Беларусь». Сілавікоў там не відаць. ДАІ перакрыла праезд у бок цэнтру па Гарадзкім вале.
Людзі пачалі зьбірацца і на плошчы Свабоды, дзе і быў анансаваны пачатак маршу.
Сілавікі ў цэнтры Менску. Фота
У Горадні ўжо пачалася акцыя
Улады перакрылі пешаходную Савецкую вуліцу. На Савецкую ў Горадні можна зайсьці, але міліцыянты паставілі турнікеты на выхадзе на плошчу Леніна і Віленскі завулак. Побач з ЗАГСам стаяць аўтазакі, каля помніка Сакалоўскаму — машына міліцыі і аўтобус без азнакаў, за гарвыканкамам — вадамёт. Па Савецкай вуліцы проста шпацыруюць людзі, ёсьць «людзі ў цывільным».
Людзі скандуюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам». Міліцыянты папярэджваюць, што мітынг недазволены. Людзі крычаць «Ганьба». Марш пайшоў у канец вуліцы Савецкай. Усяго 100–200 чалавек.
У Менску затрыманьні пачаліся з журналістаў
Затрыманыя фатографы Дзьмітры Дзьмітрыеў (газэта «Новы час» і Сьвятаслаў Зоркі («„Комсомольская правда“ в Беларуси»), паведамляе БАЖ.
Кардоны АМАПу каля цырку паабапал праспэкту Незалежнасьці
Людзей не пускаюць у цэнтар Менску.
Сьвятлана Ціханоўская падтрымала тых, хто сёньня зьбіраецца на маршы
Блогер Максім Кац зрабіў «трыб’ют рэвалюцыі» ў Беларусі
«Усяго за некалькі месяцаў беларусы загналі Лукашэнку ў патавае становішча, зь якога яму ня выбрацца пераможцам. Сёньня ўспомнім, як народ Беларусі хістаў дыктатара ўвесь гэты час і працягвае пракладаць шлях да свабоды», — адзначыў ён у анатацыі да відэа.
Невядомыя граюць на бубнах у розных раёнах Менску
Акцыі пратэсту пачаліся ў рэгіёнах
У Менску закрылі 12 станцый мэтро
У менскім мэтро паведамілі, што з 12.30 закрываюць 13 станцый «у мэтах бясьпекі»:
«Плошчу Леніна», «Кастрычніцкую/Купалаўскую», «Плошчу Перамогі», «Плошчу Якуба Коласа», «Акадэмію навук», «Парк Чалюскінцаў», «Першамайскую», «Нямігу», «Фрунзэнскую», «Маладзёжную» і «Пушкінскую».
Бел-чырвона-белыя сьцягі зьявіліся на высокіх будынках у розных гарадах Беларусі
У розных гарадах Беларусі перад абвешчаным нядзельным маршам пратэсту людзі вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі. У жылым комплексе «Менск-Сьвет» на фасадах шматпавярховікаў зьявіліся гіганцкія палотнішчы і вялізная расьцяжка з заклікам страйкаваць.
Акрамя Менску, гістарычнай сымболікай выказваюць салідарнасьць з пратэстоўцамі ў Ваўкавыску, Лагойску, Наваградку, Маладэчне ды іншых гарадах краіны.
Ад раніцы 25 кастрычніка ў розных частках Менска заўважаная вайсковая тэхніка
Жыхары Менску кажуць пра канцэнтрацыю сілавікоў ля стэлы «Менск — горад-герой», на Партызанскім праспэкце, у раёне плошчы Незалежнасьці і ў іншых месцах.
У бок цэнтру рушаць вялікія калёны спэцтэхнікі і аўтобусаў з байцамі АМАП і невядомымі ў балаклавах.
У Менску зноў пачаліся праблемы з мабільным інтэрнэтам — на загад дзяржаўных органаў
У кампаніі МТС з гэтай нагоды заявілі: «Сёньня ў Менску ў рамках мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі па забесьпячэньню нацыянальнай бясьпекі, быў абмежаваны доступ да сеткі інтэрнэт, што прывяло да зьніжэньня якасьці працы сэрвісаў у абанэнтаў. Шкадуем аб сытуацыі, якая склалася».
У кампаніі А1 паведамілі: «Паважаныя абанэнты! У адпаведнасьці з распараджэньнем упаўнаважаных дзяржаўных органаў 25 кастрычніка на тэрыторыі Менска зьніжаная прапускная здольнасьць мабільнага інтэрнэту. Выкананьне гэтага патрабаваньня вядзе да істотнага пагаршэньня якасьці сэрвісу перадачы дадзеных або часовай недаступнасьці паслугі. Аб аднаўленьні карэктнага доступу будзе паведамлена, як толькі гэта стане магчымым. Спадзяемся на хуткае аднаўленьне абслугоўваньня».
Падобныя праблемы з мабільным інтэрнэтам у Менску ня новыя. Падчас пратэстных акцый па нядзелях у жніўні, верасьні і першай палове кастрычніка абанэнты распавядалі пра такія ж цяжкасьці.