Лідэр ультраправай парлямэнцкай партыі «Наша Славаччына», абвінавачаны ў незаконным выкарыстаньні нэанацысцкай сымболікі, асуджаны 12 кастрычніка на чатыры гады турэмнага зьняволеньня.
Марыян Котлеба паўстаў перад судом за тое, што ў 2017 годзе падарыў тром бедным сем’ям банкаўскія чэкі на суму 1488 эўраў. Лічба 1488 мае сымбалічны сэнс для нэанацыстаў і расістаў з руху «Перавага белых».
Прысуд не канчатковы. Котлеба не прызнаў сваёй віны і можа абскардзіць у Вярхоўным судзе свой прысуд, вынесены яму Спэцыяльным крымінальным судом у горадзе Пэзінак на паўднёвым захадзе Славаччыны.
Ультраправая Народная партыя «Наша Славаччына», чальцы якой ужываюць нацысцкае вітаньне і дамагаюцца выхаду Славаччыны з Эўрапейскага Зьвязу і NATO, на апошніх парлямэнцкіх выбарах заваявала чацьвёртае месца, атрымаўшы 8% галасоў выбарнікаў. Дэпутаты ад гэтай партыі маюць 17 месцаў у 150-мясцовым парлямэнце Славаччыны і два месцы ў Эўрапейскім парлямэнце. Котлеба і яго аднапартыйцы адкрыта падтрымліваюць ідэалягічную спадчыну марыянэткавай Славацкай рэспублікі пэрыяду Другой усясьветнай вайны.
Інцыдэнт, за які асуджаны Котлеба, адбыўся ў 2017 годзе, 14 сакавіка — у чарговую гадавіну ўтварэньня Славацкай рэспублікі (1939–1945). Летась Вярхоўны суд адмовіўся выконваць просьбу генэральнага пракурора аб забароне партыі Котлебы. У сваёй просьбе пракурор Ярамір Тызнар паказаў, што Народная партыя «Наша Славаччына» — гэта экстрэмісцкая групоўка, якая падрывае Канстытуцыю і мерыцца разбурыць дэмакратычную сыстэму. Вярхоўны суд адхіліў просьбу генэральнага пракурора, які ня змог забясьпечыць сваю просьбу дастатковай колькасьцю доказаў.