Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лішняя» Раманоўская: чэмпіёнку сьвету за грамадзянскую пазыцыю перавялі ў аматары


Аляксандра Раманоўская падчас прэсавай канфэрэнцыі 6 кастрычніка
Аляксандра Раманоўская падчас прэсавай канфэрэнцыі 6 кастрычніка

Чэмпіёнку сьвету ў фрыстайле, найлепшую спартоўку Беларусі 2019 году Аляксандру Раманоўскую кіраўніцтва Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі вывела з нацыянальнай зборнай. Фармальнай падставай сталі «прагулы».

Загад, які набудзе сілу 16 кастрычніка, галоўны трэнэр каманды Мікалай Казека назваў «ангажаваным» і заявіў, што дакумэнт будзе аспрэчаны. Аляксандра Раманоўская таксама ня стала чакаць дня вымушанага сыходу і публічна адрэагавала на радыкальны крок спартовых функцыянэраў.

Дзейныя і былыя чальцы зборнай у фрыстайле: Дзьмітры Дашчынскі, Ганна Гуськова, Станіслаў Гладчанка, Павал Дзік, Вячаслаў Цімерцаў.
Дзейныя і былыя чальцы зборнай у фрыстайле: Дзьмітры Дашчынскі, Ганна Гуськова, Станіслаў Гладчанка, Павал Дзік, Вячаслаў Цімерцаў.

Падтрымаць сяброўку на прэс-канфэрэнцыі сабралася большая частка дзейных і былых чальцоў зборнай — алімпійскі прызэр Дзьмітры Дашчынскі, алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова, а таксама Станіслаў Гладчанка, Павал Дзік, Вячаслаў Цімерцаў ды іншыя. Мадэраваў сустрэчу Сяргей Шчурко — журналіст «Прессбола», які нядаўна адседзеў 15 сутак за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі». Ніводзін з прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ імпрэзу не наведаў.

Раманоўская: Кіраўнік цэнтру прызначаны, каб «навесьці парадак»

Аляксандра Раманоўская — фрыстайлістка, якая спэцыялізуецца ў «лыжнай акрабатыцы». Чэмпіёнка сьвету 2019 году, двухразовая чэмпіёнка Ўнівэрсыяды, шматразовая пераможца і прызэрка этапаў Кубку сьвету.

Удзельніца Алімпійскіх гульняў-2018. Майстар спорту міжнароднай клясы. Пра тое, што яна лішняя ў зорным калектыве, 24-гадовай Сашы Раманоўскай канстатавалі як факт. Маўляў, з «такой колькасьцю» прагулаў у галоўнай зборнай няма чаго рабіць. Пры тым, што трэнэрскаму штабу вядомы толькі адзін такі дзень: у бацькі спартоўкі здарыўся інсульт і яна засталася дома чакаць лекараў.

Трэнэр Мікалай Казека, фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская, журналіст Сяргей Шчурко (зьлева направа) падчас прэсавай канфэрэнцыі
Трэнэр Мікалай Казека, фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская, журналіст Сяргей Шчурко (зьлева направа) падчас прэсавай канфэрэнцыі

Хоць нацыянальная каманда адносіцца да Міністэрства спорту, кадравыя паўнамоцтвы дэлегаваныя Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі. На загадзе аб звальненьні значыцца подпіс дырэктара Сяргея Марчанкі — да нядаўняга часу ён узначальваў аналягічную структуру вадналыжнікаў, а раней быў на пасадзе начальніка аддзелу спорту і турызму Наваполацкага гарвыканкаму.

Папярэдняга кіраўніка цэнтру Вадзіма Крывашэева звольнілі за «кепскую ідэалягічную працу» — падставай стала акурат грамадзянская пазыцыя трэнэрскага штабу і выхаванцаў. Акрамя Мікалая Казекі і Аляксандры Раманоўскай, на тэму гвалту і палітычных рэпрэсій выказаліся алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова і шматразовы прызэр гульняў Дзьмітры Дашчынскі. Вадзім Крывашэеў ня толькі адмовіўся лезьці з ідэалягічнымі парадамі, а цалкам падзяліў пазыцыю калегаў.

З вострай крытыкай неадэкватных дзеяньняў праваахоўных органаў Аляксандра пачала выступаць яшчэ на этапе перадвыбарнай гонкі, калі ў аўтазакі брутальна зацягвалі нязгодных з затрыманьнем прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і пазьнейшай адмовай яго рэгістрацыі Цэнтравыбаркамам. Вынікі галасаваньня выклікалі ў яе ня меншае абурэньне. Пра што і напісала ў сацсетках.

Аляксандра Раманоўская
Аляксандра Раманоўская

«Гэты быў пост у Фэйсбуку з маімі ўражаньнямі ад выбараў — скарысталася канстытуцыйным правам выказаць уласнае меркаваньне, — расказала на прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Раманоўская. — Спачатку ціск быў не наўпрост на мяне, пацярпелі непасрэдныя кіраўнікі — трэнэры, былы дырэктар цэнтру. Ім казалі, што трэба праводзіць большую ідэалягічную працу з падначаленымі. Пасьля была нарада зь міністрам спорту, які казаў: няма ніводнай прычыны быць незадаволенымі, дзяржава ўсё для нас робіць. І новага кіраўніка прызначылі дзеля таго, каб „навёў парадак“. Хоць сам ён падчас сустрэчы з намі публічна заявіў: палітычнага перасьледу ня будзе, разам працуем на спорт».

Пасьля ціску на Вадзіма Кравашэева і Мікалая Казеку пэрспэктыва ўласнага звальненьня станавілася ўсё больш відавочнай, працягвае Аляксандра. Адступаць не было куды. Таму пасьля дня выбараў і гвалту сілавікоў Раманоўская сярод першых падпісалася пад адкрытым лістом з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў, далучылася да ініцыятывы «Свабоднае аб’яднаньне спартоўцаў».

А ў канцы верасьня апублікавала відэазварот да калегаў з заклікам не адмоўчвацца і супрацьстаяць аўтарытарнаму рэжыму.

Нагадала, што адна з самых важных якасьцяў любога спартоўца — здольнасьць пераадольваць страхі і няўпэўненасьць, рухацца наперад, нягледзячы ні на што. Час выкарыстаць гэтыя якасьці ў рэальным жыцьці, заявіла чэмпіёнка сьвету.

Спартоўка кажа, што пакуль не гатовая разглядаць варыянты ад’езду за мяжу. Але пры гэтым удакладніла — «час пакажа». Яна не зьбіраецца мяняць сваю грамадзянскую пазыцыю і выказала шкадаваньне, што многія людзі на чале спорту кіруюць галіной, у якой зусім слаба разумеюць. Адзінае, што навучыліся, — шчоўкаць абцасамі па камандзе.

Казека: Рашэньне несправядлівае, жорсткае і неаб’ектыўнае

Галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Мікалай Казека — адзін з самых пасьпяховых спэцыялістаў незалежнай Беларусі. Ягоныя выхаванцы вось ужо больш за 20 гадоў прывозяць з топ-спаборніцтваў узнагароды найвышэйшай вартасьці: сем мэдалёў на шасьці зімовых Алімпійскіх гульнях. Гэта ня лічачы п’едэсталаў чэмпіянатаў сьвету і Эўропы, кубкавых этапаў, унівэрсыядаў.

Раней за грамадзянскую пазыцыю яго пазбавілі імянной прэзыдэнцкай стыпэндыі — таксама заклікаў Аляксандра Лукашэнку годна сысьці і спыніць трымацца за ўладу сілавымі мэтадамі, падпісаўся пад калектыўным лістом з палітычнымі патрабаваньнямі. Цяпер зь яго хочуць спаганаць сродкі, атрыманыя ад сярэдзіны мінулага году. Грошы патрабуюць вярнуць добраахвотна ў «дасудовым парадку».

Мікалай Казека
Мікалай Казека

Мікалая Казеку абурае, што новапрызначанае і гэтым разам ідэалягічна выверанае кіраўніцтва цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі нават не заклапацілася жыцьцёвай сытуацыяй, у якую трапіла Аляксандра Раманоўская. Мала за тое, што яна праходзіць рэабілітацыю пасьля цяжкай траўмы калена, дык яшчэ ў складаным становішчы апынулася яе сям’я — разам з маці Саша апекуецца хворым бацькам. Гэта адміністрацыя не захацела нават абмяркоўваць.

Пра гісторыю з Раманоўскай сам ён даведаўся з традыцыйнай аўторкавай «пяціхвілінкі» ад намесьніцы дырэктара. Гэта стала вынікам ўзмацненьня працоўнай дысцыпліны, за якую пры новай адміністрацыі ўзяліся не на жарт. Увялі прапускную сыстэму на ўваход з «адбіваньнем» картак, заняліся падлікам пропускаў трэніровачных гадзінаў, абавязалі прыход «на працу» а 8.30. Як на заводзе, падсумоўвае Мікалай Казека.

«Натуральна, гэта быў шок для ўсёй каманды. За што такое пакараньне? За тое, што Саша ратавала свайго бацьку, адвезла ў лякарню? Ну як так — проста ўзяць і выкінуць чэмпіёнку сьвету за адзін прагул? Прабачце, ніяк не ўкладваецца ў галаве. Спадзяюся, што ўсё ж рашэньне спантаннае, ангажаванае і неўзабаве будзе перагледжанае. Ну і, зразумела, разьлічваем на ўдзел фэдэрацыі, створанай якраз для таго, каб абараняць інтарэсы спартоўцаў. Вось і паглядзім».

«Сашка — гэта аголены нэрв каманды»

Мікалай Казека заявіў, што каманда фрыстайлістаў зьбіраецца апэляваць да Нацыянальнага алімпійскага камітэту, Міністэрства спорту і турызму, каб там паспрыялі зь пераглядам беспадстаўнага рашэньня. Калі рэакцыі ня будзе, наступным крокам стане зварот у Міжнародны алімпійскі камітэт. Раней там ужо пацьвердзілі, што «палітычным атакам» на беларускіх спартоўцаў будуць дадзеныя адпаведныя ацэнкі.

Мікалай Казека і Аляксандра Раманоўская
Мікалай Казека і Аляксандра Раманоўская

Сам ён не зьбіраецца адклікаць подпіс пад калектыўным зваротам спартоўцаў, каб дагадзіць кіраўніцтву галіны ці краіны. І заклікаў чыноўнікаў прызнаць адкрыта: перасьлед яго, Раманоўскай і, магчыма, у будучым іншых атлетаў распачаты не за фармальную зачэпку з парушаным парадкам дня, а за асабістыя грамадзянскія перакананьні.

Паводле спэцыяліста, ніхто ня можа сілком прыбраць спартоўку з нацыянальнай каманды. Аднак заробку, фінансаваньня паездак, рыштунку ў выпадку рэалізацыі загаду цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі яна пазбавіцца — гэта факт.

«Сашка — гэта аголены нэрв каманды. Яна лепш за ўсіх адчувае боль тых людзей, якія трапілі ў жудасныя сытуацыі. Чужы боль яна ўспрымае, як свой. Гэта пачуцьцё дадзена кожнаму нармальнаму чалавеку, але ў яе гэта праяўлена асабліва. Сапраўдная, разумная, правільная, сумленная дзяўчына. І патрыёт да мозгу касьцей. Мне як пэдагогу і галоўнаму трэнэру гэта ў ёй вельмі падабаецца. За такімі, як яна, будучыня», — так характарызаваў сваю вучаніцу Мікалай Казека.

Ці працягнуцца рэпрэсіі ў адносінах да іншых чальцоў каманды? Паводле крыніц Мікалая Казекі, кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму ўжо разглядае варыянты ягонай замены на пасадзе галоўнага трэнэра. Ёсьць зьвесткі, што выклікалі патэнцыйных кандыдатаў, вялі зь імі размовы. А на пытаньне, хто будзе выступаць, калі ўсіх звольняць, новы кіраўнік цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі Сяргей Марчанка толькі ўсьміхнуўся: «Нехта ды застанецца».

Ня выключана, што на рэабілітацыю і вяртаньне Аляксандры Раманоўскай запатрабуецца збор сродкаў. За апошні час такую салідарнасьць беларусы дэманстравалі ўжо неаднойчы.

Беларускі фонд салідарнасьці спартоўцаў, адмыслова створаны за мяжой для спрыяньня рэпрэсаваным атлетам, ужо заявіў, што гатовы дапамагчы звольненай фрыстайлістцы фінансава ці з арганізацыяй трэніровачнага працэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG