Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве за Марш адзінства асудзілі жанчыну, якая для родзічаў у Расеі стала «бандэраўкай»


Вольга Серакова ў судзе
Вольга Серакова ў судзе

63-гадовая прыхільніца пераменаў Вольга Серакова ў судзе заявіла, што ўдзельнічала ў Маршы, бо ў афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ня верыць. Такую выснову яна зрабіла з таго, што калі яна была назіральніцай, ёй не далі працаваць на ўчастку для галасаваньня, а на яе скаргі прыйшлі адпіскі.

У судзе жанчына даводзіла: удзел у шэсьці гарантуецца ёй канстытуцыйнаю нормаю на свабоднае выказваньне сваёй думкі. Паводле яе, удзельнікі Маршу не парушалі грамадзкага парадку і не нанесьлі шкоды дзяржаве. Справу разглядала судзьдзя Ленінскага суду Вікторыя Палякова. Яна пакарала пратэстоўку штрафам у 135 рублёў (5 базавых велічыняў). Паводле пратаколу, тая ішла ў калёне людзей, якія выгуквалі лёзунгі, мелі апазыцыйную сымболіку, чым выказвалі незадаволенасьць вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў. Сама ж абвінавачаная размахвала рукамі. Для складаньня пратаколу міліцыя забрала яе з дому. У судзе яна была першы раз у жыцьці. Яе чакае яшчэ адзін адміністрацыйны працэс.

Вольга Серакова нарадзілася ў Расеі, дзе жыве амаль уся яе сям’я. У інтэрвію Свабодзе жанчына кажа: пасьля таго як выказала ім незадаволенасьць акупацыяй Крыму, стала для родных і знаёмых «бандэраўкай» ды «здрадніцай Расеі». А калі яны даведаліся, што яна ўдзельнічае ў Беларусі ў акцыях пратэсту, стасункі ахаладзелі зусім. Суразмоўніца кажа, што радня ў Расеі не разумее, чаму беларусы пратэстуюць. Паводле іх, неўзабаве ў Беларусі стане гэтак жа, «як ва Ўкраіне»: надыдзе разруха ды карупцыя.

Вольга Серакова ў Беларусі жыве ад 1985 году. Яна сябра Таварыства беларускай мовы і клюбу аматараў падарожжаў «Чароўны ўспамін». З мужам выгадавала траіх дзяцей. Сын за ўдзел у пратэсьце адседзеў у ізалятары 5 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG