Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я б ня меў ніякіх ілюзіяў наконт ролі Пуціна ў беларускім крызісе, — Радзіхоўскі


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020 году

Расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі ставіць пад сумнеў тактыку мірных пратэстаў, заяўляе, што Лукашэнка ня пойдзе ні на якую канстытуцыйную рэформу, і тлумачыць, чаму Пуцін не паслухаецца Макрона і Мэркель.

  • Сьцісла:
  • Лукашэнка ў міжнароднай ізаляцыі. Але яго гэта вельмі мала турбуе.
  • Для мяне відавочна, што тактыка беларускай апазыцыі — па-добраму, па-мірнаму яго выжыць — не працуе.
  • Расея ня дасьць Лукашэнку грошай ні пры якіх умовах. Грошай у Расеі проста няма.
  • Лукашэнка выдатна разумее, што для яго сытуацыя простая — усё альбо нічога.
  • Галоўнае для Пуціна — паказаць народу Расеі, што дыктатар нікуды не сыходзіць, бо дыктатары ніколі не сыходзяць.

— Сьвятлана Ціханоўская праводзіць перамовы з прэзыдэнтам Францыі Макронам, абвешчана пра яе будучую сустрэчу з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель. У гэтыя ж дні Аляксандар Лукашэнка сустракаецца ў Менску зь некаторымі расейскімі губэрнатарамі, беларуская прапаганда прадстаўляе гэта ледзь не як прарыў. Якія пачуцьці выклікаюць у вас гэтыя факты?

— Зразумела, што Лукашэнка ў міжнароднай ізаляцыі. Але яго гэта вельмі мала турбуе.

Мы бачым прыклад вэнэсуэльскага дыктатара Мадура і ягонага апанэнта Гуайдо, якога афіцыйна прызналі прэзыдэнтам у дзясятках краін. А Мадуру прызнаюць прэзыдэнтам у тых самых краінах, у якіх прызнаюць кіраўніком Беларусі Лукашэнку — у Расеі і Кітаі. І тым ня менш ужо паўтара года Мадура сядзіць у сваім прэзыдэнцкім палацы, бо паліцыя выконвае ягоныя загады.

Леанід Радзіхоўскі
Леанід Радзіхоўскі

У гэтым сэнсе Лукашэнка канчаткова плюнуў на адносіны з Захадам. Захад яго не прызнае прэзыдэнтам і ўжо не прызнáе. Прэзыдэнт Францыі Макрон прапанаваў яму сысьці па-добраму. Лукашэнка яму адказаў у цалкам хамскай манеры, дазволіў сабе ідыёцкі жарт пра жонку Макрона, чаго Макрон яму дакладна не даруе. Лукашэнка стаў ягоным асабістым ворагам.

Але, паўтаруся, Лукашэнку ўсё гэта мала хвалюе. Ягоная ранейшая гульня, што я адной нагой паварочваюся на Захад, а другой на Расею, — гэтая гульня даўно скончылася. Да Захаду ён паварочвацца ня будзе, Захад яго ўжо ня прыме ні ў якай форме, ні ў якай якасьці. Таму ён з падвоенай сілай павернецца на Ўсход — да Расеі і Кітаю.

Але ўлады ён аддаваць не зьбіраецца. Для мяне відавочна, што тактыка беларускай апазыцыі — па-добраму, па-мірнаму яго выжыць — гэтая тактыка не спрацуе. Сыходзіць Лукашэнка не зьбіраецца, ён будзе кіраваць насуперак настроям нават пераважнай большасьці грамадзтва. Думаю, што ў момант выбараў ён меў каля 30 працэнтаў, але цяпер ён мае менш. Ягоныя паводзіны пасьля выбараў, зьбіваньне людзей, зьверствы сілавікоў — гэта падарвала давер да яго нават сярод ягоных прыхільнікаў.

Пераважная большасьць насельніцтва цяпер супраць яго, але Лукашэнка пляваць на гэта хацеў. Ён будзе кіраваць, абапіраючыся толькі на самую грубую паліцэйскую сілу.

Ягоныя зусім вар’яцкія адмазкі, што ён абараняе беларускі сувэрэнітэт ад літоўскага войска — гэта зьдзек і тролінг народу. Думаю, у Беларусі сапраўды няма ніводнага чалавека, які б гэтае зьдзеклівае трызьненьне ўсур’ёз успрымаў.

— Наконт мірных формаў пратэсту ідуць дыскусіі і ў Беларусі, і за яе межамі. Ёсьць міжнародная гістарычная статыстыка, паводле якой менавіта мірныя формы пашыраюць масавую базу пратэстаў. А зварот да гвалтоўных мэтадаў дасьць усе козыры тым, у каго ёсьць зброя, — сілавікам.

— Тое, што нармальным, мірным людзям не падабаецца гвалт і страляніна — гэта натуральна і відавочна. Калі людзі паводзяць сябе мірна, а за гэта іх б’юць і цягнуць у аўтазакі — гэта выклікае відавочнае пачуцьцё несправядлівасьці, тут няма пра што спрачацца.

Але праўда заключаецца і ў тым, што нездавальненьне і абурэньне людзей не канвэртуецца ні ў якія канкрэтныя перамогі. Нармальным людзям, вядома, страшна. Плюс яны разумеюць, што гвалтоўныя дзеяньні многіх адштурхнуць.

Але атрымліваецца нейкае замкнёнае кола. Бо якая б ні была ваша маральная і колькасная перавага, гэтая перавага ні ўва што не канвэртуецца. І рэалізаваць яе немагчыма, пакуль вы ня робіце нічога, што разбурае гэтую раўнавагу.

— Вы лічыце, што нейкія больш радыкальныя крокі пратэстоўцаў маглі б зрушыць гэтую сытуацыю зь мёртвага пункту?

— Мне цяжка тут нешта канкрэтнае казаць. Я думаю, што калі б былі негвалтоўныя, але больш энэргічныя дзеяньні, то яны б зрушылі сытуацыю. (Напрыклад, як украінскі Майдан, дзе людзі проста занялі цэнтральную плошчу ў горадзе і не сыходзілі адтуль.) Але, безумоўна, гэта вельмі рызыкоўны крок.

Міліцыя падпарадкоўваецца Лукашэнку. Замежны «дах» у яго ёсьць — гэта Расея. Расея цяпер, дарэчы, ня надта яму дапамагае, грошай яму не дае. І, наколькі я разумею, безь вялікіх расейскіх уліваньняў беларускую дзяржаву чакае сур’ёзны эканамічны крызіс. І ў такой сытуацыі пачнуцца новыя выступы, тых самых рабочых, і яны могуць быць ужо зусім не такімі мірнымі. Такія дзеяньні могуць расхістаць сытуацыю і зьмесьці Лукашэнку. Але грошай Расея яму ня дасьць ні пры якіх умовах, у гэтым можна не сумнявацца ні на сэкунду. Грошай у Расеі проста няма, у Расеі вельмі паганая эканамічная сытуацыя, скарачэньне бюджэту, падвышэньне падаткаў. Палітычная падтрымка — калі ласка, прапагандысцкая — колькі заўгодна. Але ніякай эканамічнай і вайсковай дапамогі. Лукашэнка можа прадаваць свае найлепшыя прадпрыемствы, за гэта яму грошы дадуць.

— Лічыцца, што Пуцін, ратуючы Лукашэнку ў жніўні-верасьні, у абмен запатрабаваў ад яго правесьці «канстытуцыйную рэформу». Маўляў, Пуцін можа сыграць ролю міратворца, галоўнага вырашальніка беларускага крызісу, бо, у адрозьненьне ад заходніх палітыкаў, ён мае рэальныя рычагі ўплыву на Лукашэнку.

— Я б ня меў ніякіх ілюзіяў наконт ролі Пуціна ў беларускім крызісе. Лукашэнка ні на якія рэальныя рэформы ісьці ня можа. Ён выдатна разумее, што ў яго сытуацыя простая — усё альбо нічога. Як толькі ён пачне хоць нават намінальна дзяліцца ўладай — адбудзецца тое, што было ў СССР у Гарбачова, «працэс пайшоў». А караблі свае ён даўно спаліў, у яго толькі адзін шлях — даваць драла ў Маскву. Калі б ён хацеў ганарова адысьці ад улады, у яго было шмат магчымасьцяў правесьці сумленныя выбары. Ён мог пайсьці на круглы стол і сысьці спакойна. Ніякіх рэформаў ад Лукашэнкі чакаць не выпадае, гэта не ягоны стыль і не ягоная псыхалёгія.

Што тычыцца Пуціна, то я б ня меў ніякіх ілюзіяў. Пуціну не патрэбны рэформы і зьмены ў Беларусі, сьмяротна небясьпечныя. Усім вядома, што ў яго з Лукашэнкам адносіны, як у ката з сабакам. Але Пуціну не да асабістых стасункаў, для яго страшны сам прэцэдэнт — ён баіцца паказаць народу Расеі, што дыктатары могуць сыходзіць пад ціскам вуліцы.

— Можа, гэта было актуальна ў жніўні-верасьні? А цяпер, напрыклад, Макрон ці Мэркель кажуць Пуціну: няхай Лукашэнка сыдзе не ад ціску вуліцы, а ў выніку вашай просьбы. І вам заслужаная павага ўсяго сьвету...

— Адносіны Пуціна з Макронам і Мэркель цяпер амаль такія, як у Лукашэнкі з Макронам і Мэркель. Але справа нават ня ў гэтым, гэта дробязі.

Галоўнае для Пуціна наступнае — паказаць народу Расеі адно з двух. Варыянт першы — ціснуць на ўладу мае сэнс, і пад ціскам народу дыктатар сышоў. Варыянт другі — ціснулі, пратэставалі, выходзілі, ня мае значэньня — дыктатар нікуды не сыходзіць, бо дыктатары ніколі не сыходзяць.

— Зараз ажывіліся размовы пра інтэграцыю, пра 30 дарожных мапаў. Лукашэнка максымальна аслабіў свае замежнапалітычныя пазыцыі, цяпер ён як ніколі залежны ад Расеі. Ці можа Крэмль выкарыстаць гэтую сытуацыю, ці дае гэта нейкія новыя шанцы для інтэграцыі, альбо, напрыклад, для эканамічнага паглынаньня некаторых беларускіх прадпрыемстваў?

— Поўная палітычная інтэграцыя цалкам выключаная. Поўная эканамічная інтэграцыя з увядзеньнем расейскага рубля вельмі малаімаверная, бо гэта вельмі дарагая прыемнасьць. Узровень ВУП Беларусі значна ніжэйшы, і дзеля такой інтэграцыі трэба ўкласьці з боку Расеі процьму грошай, гэта нікому не патрэбна. Што тычыцца піяру — «я аб’яднальнік рускіх земляў» — гэта нікога ў Расеі сёньня не прываблівае, апытаньні сьведчаць, што большасьць насельніцтва Расеі ня хоча гэтага. А тым больш гэтага не жадае беларускі народ.

А вось апошні варыянт — не зьядаць усю булку, а зьесьці толькі смачныя разынкі — гэта цалкам магчыма. Група набліжаных расейскіх капіталістаў з задавальненьнем зьела б самую прывабную частку беларускай эканомікі — ня ўсю эканоміку, а той адзін працэнт, які добра працуе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG