Пасьля 15 сутак арышту з Жодзінскай турмы выйшаў спартовы журналіст Сяргей Шчурко.
Яго сустракалі калегі з газэты «Прессбол», карэспандэнты незалежных выданьняў, а таксама вядомыя спартоўцы — чэмпіён Эўропы ў баскетболе сярод моладзевых зборных Ягор Мешчаракоў, пераможца этапу Кубку сьвету ў парашутным спорце Аляксандра Садоўнікава, удзельніца паўмаратонскіх забегаў Вольга Хіжынкова ды іншыя.
Сяргей Шчурко перастаў выходзіць на сувязь 14 верасьня каля 13-й гадзіны. Перад гэтым ён пасьпеў напісаць сябрам, што да яго едуць «на размову» супрацоўнікі Першамайскага РУУС.
У другой палове таго ж дня адбыўся таемны працэс у Першамайскім судзе, на які не дапусьцілі нават адваката. Судзьдзя Максім Трусевіч абвінаваціў журналіста ў парушэньні артыкула 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і прызначыў 15 сутак арышту. Адтуль яго даставілі спачатку ў ізалятар на Акрэсьціна, а празь нейкі час перавезьлі ў Жодзіна.
Сяргей Шчурко востра скрытыкаваў міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука.
«Міністар не сапраўдны. Ціха прызначылі нікому невядомага, ціха сыдзе, і ніхто ня ўспомніць. Застануцца толькі акуратна ўстаноўленыя камэры на спартыўных аб’ектах. Пераблытаў спорт з зонай. Зрэшты, ахоўнік па прафэсіі — рабіў, як умеў», — выказаўся ён на адрас міністра.
Сяргей Шчурко — адзін зь яркіх прадстаўнікоў спартовай журналістыкі Беларусі. Арганізаваў дапамогу дзясяткам інвалідаў-заўзятараў і траўмаваных атлетаў, прыдумаў і правёў МоваCup і праект «Мары збываюцца». Прасоўваў дабрачынныя паўмаратоны і сам у іх удзельнічаў. У свой час сур’ёзна займаўся гандболам, прапагандаваў любімы від спорту праз аматарскія турніры журналістаў і вэтэранаў.
Некалькі гадоў таму ініцыяваў разам з Аляксандрай Герасіменяй мэмарыяльную дошку на доме паэта і дыплямата Генадзя Бураўкіна, якую ўлады так і не дазволілі павесіць.
Сяргей Шчурко — аўтар кнігі «Каханьне і спорт».