Расейскі палітоляг і экспэрт Цэнтру Карнэгі Андрэй Калесьнікаў расказаў тэлеканалу «Настоящее время», чаму ўсё больш людзей кпяць з Лукашэнкі.
— Як вы ацэньваеце тое, што ў пратэстоўцаў у Беларусі атрымалася і атрымліваецца?
— Атрымалася загнаць у кут Лукашэнку, нягледзячы на тое, што сытуацыя сапраўды патавая і Лукашэнка не здаецца і не зьбіраецца сыходзіць. Ён выбраў гэтую опцыю, нягледзячы на тое, што яна пазбаўляе яго абсалютна будучыні, будучыня ягоная дзесьці паміж Гаагай і закрытай дзяржаўнай дачай на Рублёва-Ўсьпенскай шашы пад Масквой. Тым ня менш гэта яго выбар. Яго выбар біць, катаваць, караць, любой цаной утрымліваць сваю ўласную ўладу. Яна ўжо ня мае ніякага дачыненьня да беларускага народу, натуральна.
Гэты месяц паказаў, што ў Беларусі ёсьць грамадзянская супольнасьць, што ў Беларусі ёсьць людзі, якія гатовыя і могуць узначаліць гэтую краіну, у Беларусі ёсьць найвышэйшая палітычная культура, пра якую ніхто нічога не падазраваў усе гэтыя доўгія-доўгія гады. Краіна гатовая да вельмі сур’ёзных пераменаў, краіна гатовая сыходзіць з Усходу на Захад да нармальнага цывілізаванага жыцьця. Краіна не гатовая прымаць Пуціна, чаго, магчыма, ён яшчэ не зразумеў, паколькі таксама зрабіў свой выбар, цалкам відавочны для яго, і падтрымлівае свайго то апанэнта, то калегу па дыктатарскіх адносінах спадара Лукашэнку.
Словам, я б надзвычай пазытыўна ацаніў вынікі і ня стаў бы іх вымяраць тым, што Лукашэнка ня здаў сваю пасаду. Не, гэта цяпер нікуды не падзенецца, нават калі сыдуць пратэсты зь нейкіх кліматычных прычынаў. Яны вернуцца. Усё ўжо, цяпер Беларусь — гэта зусім іншая краіна.
— З чым яшчэ можна параўнаць тое, што адбываецца ў Беларусі? Гэта Армэнія, Вэнэсуэла, што гэта?
— Я б ня стаў наўпрост параўноўваць з рэвалюцыямі апошняга часу. Гэта не падобна да клясычнай або «каляровай» рэвалюцыі. Гэта падобна да аксамітнай рэвалюцыі канца 1980-х гадоў. Гэта ўнікальная зусім сытуацыя. Гэта не Армэнія, не Вэнэсуэла, не Майдан. Тут няма ніякага гвалту. Гвалт вельмі люты, зь пераходам усіх межаў легітымнага гвалту, мы бачым з боку ўладаў лукашэнкаўскіх.
Таму ў гэтым сэнсе ёсьць такі тэрмін «рэвалюцыя наўздагон» — тое, чаго не здарылася ў Беларусі шмат гадоў таму назад, адбываецца цяпер. Грамадзтва вырасла з таго нацыянальнага касьцюма, у які яго апрануў Лукашэнка і любаваўся ўвесь час гэтым уяўным грамадзтвам. Грамадзтва пасталела, яно стала значна разумнейшым і сталейшым, чым дзяржава. І гэта ўсё мы бачым на вуліцах. Роўна таму я кажу пра тое, што будзе, хутчэй, пэрманэнтная рэвалюцыя да таго часу, пакуль яна не дасягне посьпеху.
— Я чытаў на днях вашу калёнку, вы там пісалі, што разьвіцьцё пратэстаў могуць прадказаць працы аб Сярэднявеччы і аб карнавальнай культуры. Можаце расказаць падрабязьней, як зьвязаны той пэрыяд і цяперашнія пратэсты ў Беларусі, на ваш погляд?
— Любая рэвалюцыя — гэта збольшага вясёлы працэс, таму што ўсё перакульваецца дагары нагамі. І вось гэтая афіцыйная сурʼёзнасьць, сакральная ўлада раптам робіцца недарэчнай, карыкатурнай і сьмешнай. Усё гэта апісана ў працах Міхаіла Бахціна — клясіка айчыннай філялёгіі, літаратуразнаўства. У прыватнасьці, у працы пра творчасьць Франсуа Рабле, яго вельмі займала тэорыя карнавалу, калі ўсе сувязі, характэрныя для ўстойлівых, якія валодаюць зьвярынай сурʼёзнасьцю, дзяржаў, усе тыя сувязі разбураліся падчас карнавалу, калі высьмейваецца ў тым ліку ўлада.
Калі мы паглядзім на плякаты, касьцюмы, на пэрформансы, якія суправаджаюць беларускую рэвалюцыю, мы ўбачым нястрымную весялосьць і зьдзек з вось гэтых людзей у масках. Дарэчы, вельмі важная вось гэтая демаскіфікацыя, калі зь іх зрываюць маскі, каб ператварыць вось гэтую безаблічную масу ў людзей зь імёнамі, з тымі імёнамі, якія вартыя крымінальнага перасьледу, імёнамі, якія вартыя таго, каб быць публічнымі і вядомымі вялікай аўдыторыі. Гэта людзі, якія парушаюць закон.
Вось гэты карнавал, нягледзячы на тое, што ўсё вельмі сурʼёзна, усё вельмі жорстка з боку ўлады — катаваньні, зьбіцьцё, — рэвалюцыя ўсё роўна вясёлая. І ўсё роўна тут каралём для сьмеху аказваецца дыктатар. Ён сам па сабе сьмешны, ён сам выглядае як блазан, ён сам выглядае як пэрсанаж мультыплікацыйнага фільму — такі парадыйны дыктатар з розных мультыплікацыйных стужак. А тут яшчэ ён дадае падстаў для таго, каб зь яго зьдзекаваліся. І зьдзекуюцца зь яго ўсё больш і больш жорстка, дасьціпна і бескампрамісна. Гэта ўжо ня гумар, гэта ўжо сатыра, і гэтая сатыра ведае, чаго яна хоча. Яна хоча абсалютных пераменаў, яна хоча, каб гэты карнавал ператварыўся ў нешта новае, і нешта старое, сурʼёзнае, маналітнае сышло.