У краінах Эўропы расьце індэкс рэпрадукцыі каранавірусу.
Індэкс вызначаецца як колькасьць людзей, якія будуць заражаныя тыповым захварэлым, які трапіў у цалкам неімунізаванае асяродзьдзе пры адсутнасьці спэцыяльных эпідэміялягічных мераў. Індэкс характарызуе заразнасьць захворваньня.
У Беларусі — чацьвёрты дзень колькасьць новых захворваньняў перавышае 200.
У Нямеччыне індэкс рэпрадукцыі каранавірусу вырас за апошнія дні з 1,16 да 1,27. Паводле дадзеных Інстытуту Робэрта Коха на 19 верасьня, у краіне за суткі было зарэгістравана 2297 новых выпадкаў заражэньня.
Рост колькасьці заражэньняў адзначаецца па ўсёй Эўропе.
Індэкс рэпрадукцыі COVID-19 у Расеі — 1,08, у Маскве — 1,14. Абодва каэфіцыенты — самыя неспрыяльныя з 8 траўня.
За мінулыя суткі ў Расеі выяўлена 6148 новых выпадкаў інфэкцыі. Такі паказчык рэгістраваўся два месяцы таму, 18 ліпеня.
Колькасьць зарэгістраваных выпадкаў інфікаваньня каранавірусам ва ўсім сьвеце перавысіла 31 мільён, памерлі 962 032 чалавекі.
У ЗША колькасьць інфікаваных ушчыльную наблізіліся да сямі мільёнаў (6 969 000 чалавек). Гэта самы высокі паказчык сярод дзяржаваў сьвету. Ад ускладненьняў, выкліканых каранавіруснай інфэкцыяй, у ЗША памерлі 204 тысячы чалавек.