Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандбаліст Дзяніс Рутэнка: «Дзякуй уладам: абудзілі ўва мне грамадзяніна з пазыцыяй, падштурхнулі ў палітыку» 


Вядомы беларускі гандбаліст Дзяніс Рутэнка расказаў «Народнай волі» пра сваю грамадзянскую пазыцыю і чаму падпісаў адкрыты ліст спартоўцаў супраць гвалту і беззаконьня ў краіне.

«Як я мог не паставіць подпіс пад лістом, калі бачыў, што адбываецца ў краіне? — кажа Дзяніс. — Я падпісваўся супраць неапраўданай жорсткасьці, супраць падману. Не хачу, каб людзям адкрыта і нахабна хлусілі ў вочы. Як і многія іншыя людзі, да гэтых выбараў быў абсалютна апалітычным чалавекам. Больш за тое, падтрымліваў многія рашэньні ўладаў».

Унутраны надлом здарыўся яшчэ ў перадвыбарны пэрыяд, калі арыштавалі патэнцыйнага прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду Сяргея Ціханоўскага.

«Па БТ паказалі нейкія грошы, якія нібыта знайшлі ў яго... Пасьля гэтага глядзець нашы тэлеканалы, напэўна, не змагу. Арганізм не прыме карцінку пасьля той порцыі хлусьні. Былі і іншыя дзеяньні ўладаў, якія ня толькі не спадабаліся, а проста расчаравалі. І я вырашыў: наўрад ці буду цяпер галасаваць за Аляксандра Лукашэнку. А тое, што адбылося пасьля 9 жніўня, гэта наогул ні ў якія вароты! Так што дзякуй уладам — абудзілі ўва мне грамадзяніна з пазыцыяй, падштурхнулі ў палітыку».

Дзяніс гаворыць, што асабіста не пацярпеў, але знаёмыя «мелі шчасьце» пакантактаваць з амапаўцамі па дарозе з працы. Калі чалавек ідзе па вуліцы, а да яго падбягаюць і пачынаюць біць — гэта ненармальна? — пытае ён.

«Гэта жахліва, калі табе нахабна хлусяць у вочы! Калі ў савецкія часы ў былі толькі радыё і тэлевізар, у якім былі тры праграмы, вядома, маніпуляваць сьвядомасьцю людзей было прасьцей. А цяпер у кожнага тэлефон, практычна кожны чуе ад відавочцаў, што адбываецца на самой справе. І калі публічна заяўляюць, што людзі, прабачце, попы мазалі сіняй фарбай, а затым паказвалі як вынік зьбіцьця, то гэта ўжо верх цынізму».

Адрэагаваў Дзяніс Рутэнка і на затрыманьне аднаго з найбольш вядомых спартовых журналістаў краіны Сяргея Шчурко. Ён сам на сур’ёзным узроўні займаўся гандболам, усяляк прапагандаваў і прасоўваў гэты гульнявы від.

«Ну дык Сяргей жа не працуе на Russia Today. Чалавек ён актыўны, мае сваю пазыцыю, навошта такі на волі? У нас ужо наогул даходзіць да таго, што ў сваім двары забараняюць зьбірацца. Я жыву ў квартале „Каскад“, разам з суседзямі выходзілі на вуліцу, размаўлялі. Аказваецца, нельга, калі больш за 50 чалавек у адным месцы! Мне што, трэба заяўку ў Менгарвыканкам падаваць, каб з суседзямі пакантактаваць? Гэта ж маразм!»

Самае жудаснае, падсумоўвае Дзяніс, — гэта разуменьне, што з «маразмам» пакуль нічога немагчыма зрабіць. Подпіс пад зваротам спартовай грамадзкасьці — пакуль усё, чым ён можна супрацьстаяць гвалту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG