Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі «Марш справядлівасьці» праходзіць праз Нямігу
Менскі «Марш справядлівасьці» праходзіць праз Нямігу

«Маршы справядлівасьці» ў Беларусі. Што адбываецца на 43-і дзень пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 43-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. У Менску і іншых гарадах заклікалі да правядзеньня «Маршаў справядлівасьці».

18:48 20.9.2020

Менск: затрыманьні на вуліцы Зьмітрака Бядулі

18:29 20.9.2020

Менск: на праспэкце Незалежнасьці пачаліся затрыманьні

На праспэкце Незалежнасьці пачаліся затрыманьні каля гімназіі № 23. Пад'ехалі міліцэйскія мікрааўтобусы.

Марш падзяліўся на розныя калёны. Людзі стараюцца сыходзіць вялікімі групамі.

18:21 20.9.2020

Менск: на скрыжаваньні Казлова-Незалежнасьці да тысячы сілавікоў

Калёна спынілася за 30-40 мэтраў да сілавікоў. Крычаць «Трыбунал», «Ганьба». Колькасьць сілавікоў значна павялічылася. Наш карэспандэнт кажа, што ў блёку на скрыжаваньні Казлова-Незалежнасьці можа знаходзіцца да тысячы сілавікоў.

Калёна арганізавана разьвярнулася і ідзе назад па праспэкце ў бок плошчы Якуба Коласа.

18:18 20.9.2020

18:15 20.9.2020

Менск: сілавікі білі ў шчыты, выцясьняючы людзей

Частка Маршу, якая павярнула на вуліцу Казлова, адрэзаная ад асноўнай калёны, што на праспэкце Незалежнасьці. Сілавікі білі ў шчыты, выцясьняючы людзей. Частка пайшла па праспэкце Незалежнасьці назад у бок Якуба Коласа.

Калёна згуртавалася і зноў рушыць у бок блёку сілавікоў і сыстэмы «Рубеж». У першым шэрагу плякат «Народ – чэмпіён». Крычаць «Верым, можам, пераможам».

18:07 20.9.2020

У Горадні затрымалі гісторыка Алеся Смаленчука

У Горадні быў затрыманы доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук. Пра гэта паведамілі на старонцы ў фэйсбуку Беларускага архіву вуснай гісторыі. Пазьней стала вядома, што Смаленчука выпусьцілі да суду па адміністрацыйнай справе.

18:04 20.9.2020

Менск: Сілавікі пачалі расьсякаць калёну, людзі ўцякаюць

Людзі ўпрытык падыходзяць да блёку сілавікоў, адлегласьць паміж імі 5–10 мэтраў. Крычаць «Пошел вон, ты и твой ОМОН». Сілавікі ўключаюць сырэны на спэцтэхніцы. Скрыжаваньне Незалежнасьці-Казлова напаўняецца пратэстоўцамі.

«Марш cалідарнасьці» павяртае з праспэкта Незалежнасьці на вуліцу Казлова.

Сілавікі пачалі расьсякаць калёну, высунуўшы сыстэму «Рубеж». Людзі ўцякаюць у розныя бакі. Выхады ў двары таксама заблякаваныя.

Хвост калёны тым часам яшчэ выходзіць зь Веры Харужай на плошчу Якуба Коласа. Каб зразумець маштаб маршу ў Менску: шчыльная калёна дэманстрантаў амаль несупынна выходзіла з вуліцы Веры Харужай на плошчу Якуба Коласа цягам 40 хвілін.

17:56 20.9.2020

Менск: дарогу пратэстоўцам перакрылі сілавікі са спэцтэхнікай

Людзі падышлі да блёку сілавікоў, выстаўленага за скрыжаваньнем праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Казлова, бліжэй да плошчы Перамогі. Праспэкт перакрыты сыстэмай «Рубеж», іншай спэцтэхнікай, некалькімі шэрагамі сілавікоў.

На плошчы Перамогі затрымалі раварыста.

17:49 20.9.2020

Менск: марш рушыць праспэктам Незалежнасьці, каля Опэрнага тэатру — затрыманьні

«Марш справядлівасьці» ў Менску рушыць праспэктам Незалежнасьці ў бок плошчы Перамогі.

Там часам у сквэры каля Опэрнага тэатру АМАП кінуўся на дэманстрантаў, паведамляе «Наша Ніва». Мікрааўтобусы сілавікоў прыпаркаваныя на вуліцах Купалы і Багдановіча. Тактыка сілавікоў аналягічная той, што выкарыстоўвалася тыдзень таму. Сілавікі «зачышчаюць хвасты» калёны.

17:44 20.9.2020

Менск: калёна пратэстоўцаў перакрыла рух на праспэкце Незалежнасьці

«Марш салідарнасьці» перакрыў праспэкт Незалежнасьці ў раёне плошчы Якуба Коласа. Людзі працягваюць рух па вуліцы Веры Харужай. Плошча Якуба Коласа цалкам запоўненая ўдзельнікамі Маршу.

17:41 20.9.2020

Горадня: людзі зноў сабраліся ля кінатэатру «Кастрычнік»

Некалькі дзясяткаў чалавек у Горадні сабраліся наноў каля кінатэатра «Кастрычнік». Прыехалі міліцэйскія аўтобусы. Затрымалі непаўналетняга хлопца.

17:37 20.9.2020

Менск: пратэстоўцы ідуць у бок плошчы Якуба Коласа

Галава «Маршу справядлівасьці» дайшла да Камароўскага рынку. Асноўная частка людзей павярнула на вуліцу Веры Харужай і рушыла ў бок плошчы Якуба Коласа.

Празь некалькі хвілін першыя ўдзельнікі маршу выйшлі на плошчу Якуба Коласа.

17:24 20.9.2020

Менск: пратэстоўцы рухаюцца па Багдановіча

Калёна падышла да комплексу будынкаў заводу «Гарызонт», людзі рухаюцца далей па вуліцы Багдановіча.

17:19 20.9.2020

У менскім Маршы ўдзельнічаюць спартоўцы

У менскім «Маршы справядлівасьці» ідзе таксама калёна спартоўцаў.

Славутая баскетбалістка Алена Леўчанка
Славутая баскетбалістка Алена Леўчанка

17:06 20.9.2020

Менск: у калёне пратэстоўцаў былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў

Калёна пратэстоўцаў павярнула на вуліцу Куйбышава. Выхад на праспэкт перагароджаны сілавікамі і вадамётамі.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў таксама ідзе ў Маршы Справядлівасьці. Ён кажа, што ганарыцца беларусамі. «Глядзеў БТ, і там кажуць, што хваля пратэстаў выдыхаецца, але мы бачым, што гэта ня так. Людзі не пагаджаюцца з хлусьнёй. Калі ўлада не прыслухаецца да закліку «Сыходзь», то па законе хвалі яе проста накрые гэтым пратэстам».

17:04 20.9.2020

Берасьце: у міліцыю паляцелі бутэлькі, пачаліся жорсткія затрыманьні

У Берасьці ў міліцыю паляцелі бутэлькі. Міліцыя са стрэльбамі. Пачаліся жорсткія затрыманьні, натоўп спрабуе бараніць людзей. Міліцыя зрабіла папераджальны стрэл у паветра, паведамляе мясцовае выданьне «Бінокль».

Адбываюцца жорсткія сутычкі пратэстоўцаў з амапаўцамі.

17:01 20.9.2020

Менск: ля Палаца Незалежнасьці затрымалі журналіста

У раёне Палаца Незалежнасьці ў Менску затрыманы журналіст Дзяніс Боршч, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

17:00 20.9.2020

Менск: праспэкт Незалежнасьці пусты

Тым часам праспэкт Незалежнасьці ў Менску пустуе, толькі сілавікі стаяць у шэрагу.

А да вуліцы Валадарскага падагналі вадамёты.

16:53 20.9.2020

Менск: пратэстоўцы падыходзяць да Траецкага прадмесьця

Галава калёны прайшла мост празь Сьвіслач. Падыходзіць да Траецкага прадмесьця па вуліцы Багдановіча.

16:46 20.9.2020

Праваабаронцы сабралі прозьвішчы больш як 30 затрыманых у Менску і рэгіёнах. Сьпіс «Вясны»

Праваабаронцам «Вясны» вядома сама менш пра два дзясяткі затрыманых падчас Маршу справядлівасьці ў розных месцах Беларусі. Сьпіс дапаўняецца.

Акцыі пратэсту праходзяць у шэрагу гарадоў краіны — Менску, Берасьці, Горадні, Гомлі, Магілёве. Усюды тут адбыліся кропкавыя затрыманьні дэманстрантаў. Вядома, што сярод дастаўленых у пастарункі — вядомы горадзенскі гісторык, доктар навук Алесь Смалянчук, магілёўскія журналісты Аліна Скрабунова і Аляксандар Сідарэўскі, а таксама Алег Маісееў, давераная асоба кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.

Таксама ў Горадні зь невядомых прычын быў спынены аўтамабіль, экіпаваныя сілавікі выбілі шкло, выцягнулі і брутальна затрымалі кіроўцу. Машына так і засталася з адчыненымі дзьвярыма на дарозе.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG