Менск: «Марш справядлівасьці» ідзе па Нямізе
Галава маршу дайшла да скрыжаваньня Раманаўскай Слабады і Нямігі. З калёны відаць, як на Гарадзкі Вал выбягаюць сілавікі са шчытамі і блякуюць вуліцу, каб пратэстоўцы не падышлі да будынку МУС. Калёна павярнула налева па Нямізе.
Уся Няміга запоўненая «Маршам справядлівасьці». Частка калёны яшчэ ідзе па Раманаўскай Слабадзе. Вуліцы, якія вядуць да праспэкту Незалежнасьці, перакрытыя сілавікамі.
Як праходзіць «Марш справядлівасьці» ў Менску. ШМАТ ФОТА
У Гомлі «Марш справядлівасьці» прайшоў з затрыманьнямі. ФОТА
У Горадні Марш справядлівасьці працягнуўся менш за гадзіну і скончыўся жорсткімі затрыманьнямі. ФОТА
Горадня: у затрыманьнях прымаў удзел начальнік горадзенскага АМАПу
Стала вядома, што начальнік горадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч уласнаручна затрымліваў пратэстоўца на Віленскім завулку.
У Берасьці супраць пратэстоўцаў прымянілі сьлезацечны газ
Менск: пратэстоўцы ідуць у бок Нямігі
Галава калёны ідзе па Раманаўскай слабадзе ў бок Нямігі. Хвост яшчэ вельмі далёка.
У Кіеве адбылася акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю. ФОТА
У Кіеве падтрымалі марш у Менску акцыяй салідарнасьці на майдане Незалежнасьці і каля беларускай амбасады.
У акцыі ўзялі ўдзел блізка 100 украінскіх і беларускіх актывістаў, якія патрабавалі вызваленьня палітвязьняў і спыненьня гвалту сілавых органаў супраць мірных пратэстоўцаў.
Актывісты прайшлі маршам з Майдану Незалежнасьці, па вуліцах Крашчацік і Багдана Хмяльніцкага, да вуліцы Кацюбінскага, дзе амбасада Беларусі ва Ўкраіне. Яны традыцыйна трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і несьлі адзін вялікі, даўжынёю больш за 10 мэтраў.
Адзін сьцяг павесілі на помнік Уладзіміру Караткевічу, што побач з дыппрадстаўніцтвам.
Актывісты выгуквалі «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам» і засьпявалі разам песьню Brutto «Грай». Напрыканцы акцыі ўдзельнікі навязалі на дрэвы побач з амбасадай бел-чырвона-белыя стужкі.
Гомель: АМАП пачаў адціскаць пратэстоўцаў з пляцоўкі ля цырку
У Гомлі АМАП пачаў адціскаць людзей з пляцоўкі ля цырку. Людзі скандуюць «Придет ООН — прогонит омон», І «Пошел вон ты и твой ОМОН!»
«Марш справядлівасьці» і затрыманьні ў Берасьці
Менск: праспэкт ля Палаца Незалежнасьці перакрыты сілавікамі
Праспэкт Пераможцаў каля Палаца Незалежнасьці перагароджаны сыстэмай Рубеж і сілавікамі. Гэтаксама, як у папярэднія нядзелі. Галава калёны яшчэ да гэтага месца на праспэкце не дайшла.
Перад Палацам Незалежнасьці калёна маршу павярнула на вуліцу Ігнаценкі.
З вуліцы Ігнаценкі марш павярнуў на Ціміразева ў бок цэнтру, бо рух па Ціміразева ў бок Менск-Арэны перакрыты сілавікамі.
Гомель: амапаўцы заблякавалі пратэстоўцаў з абодвух бакоў
Марш у Гомлі працягваецца на адрэзку ад скверу Грамыкі да плошчы Паўстаньня. З абодвух бакоў стаіць ачапленьне АМАПу, людзі ходзяць туды-сюды.
Частка людзей стаіць на ганку мясцовага цырку. Людзі скандуюць амапаўцам: «Касманаўтаў – у космас!»
Менск: калёна рушыла ў бок рэзыдэнцыі Лукашэнкі
Асноўная калёна рушыла ў бок Палаца Незалежнасьці. Пратэстоўцы нясуць вялізны бел-чырвона-белы сьцяг.
Праспэктм Машэрава, заняўшы ўвесь праспэкт, да стэлы рухаецца шматтысячная калёна пратэстоўцаў. Колькасьцю ўдзельнікаў марш ужо нагадвае папярэднія шэсьці.
Адметнасьць гэтага маршу — вялікая колькасьць новаствораных сьцягоў раёнаў. Лошыца, Маліноўка, Аўтазавод і іншыя — так людзі пазначаюць сябе ў калёне.
Як затрымлівалі людзей у Горадні
Ціханоўская зьвярнулася да тых, хто не адважыўся выйсьці на вуліцы
Экс-кандыдатка на прэзыдэнта падтрымала пратэстоўцаў і тых, хто ня змог выйсьці на вуліцу.
«Зараз тысячы чалавек выйшлі сьмела адстойваць сваю волю на вуліцы сваіх гарадоў. Я ж хачу зьвярнуцца да тых, хто не адважыўся гэта зрабіць. Я разумею гэта. І я веру ў кожнага беларуса і падтрымліваю ўсіх вас. Калі вы ня можаце ісьці на вуліцы — вы ўсё роўна можаце быць карысныя. Вы можаце прыдумляць ідэі для плякатаў, шыць сьцягі, дапамагаць вызваляць блізкіх, падтрымліваць інфармацыйна», — перадае словы Ціханоўскай яе тэлеграм-канал Пул Першай.
Менск: пратэстоўцы зьбіраюцца на скрыжаваньні ля Стэлы
У Менску пратэстоўцы зьбіраюцца на скрыжаваньні каля Стэлы. Значная частка ўдзельнікаў маршу пайшла ў бок Палаца Незалежнасьці.
У Магілёве затрымалі журналістаў «Белсату»
У Магілёве затрымалі дваіх журналістаў тэлеканалу «Белсат» – Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага. Яны ў Ленінскім аддзеле міліцыі.
Тым часам колькасьць удзельнікаў Маршу справядлівасьці вырасла да 1 тысячы.
Менск: калёна з 32 аўтазакаў і бусаў рухаецца па Нямізе
Калёна з 32 аўтазакаў і мікрааўтобусаў, якая знаходзілася на праспэкце Пераможцаў каля Палаца Спорту, ад'ехала і рухаецца цяпер па Нямізе. Затрыманьняў няма.
У гэтых аўтазакаў журналісты бачылі затрыманых раней людзей.
Гомель: АМАП блякуе людзей на праспэкце Перамогі
Менск: каля Стэлы ўжо каля 5 тысяч удзельнікаў Маршу
Марш заняў палову праспэкта Пераможцаў у раёне Стэлы. Да яго далучаюцца калёны зь іншых вуліц. Частка дарогі па праспэкце вышэй за Стэлы ў бок Палаца Незалежнасьці ўжо заблякаваная ДАІ.
Праспэкт Машэрава таксама заняты ўдзельнікамі Маршу. На скрыжаваньні каля Стэлы каля 5 тысяч удзельнікаў.
Пад Стэлай, як звычайна, зьявіліся вайскоўцы. Да Маршу далучаюцца людзі з розных вуліц. Вялікая калёна рухаецца з боку Камсамольскага возера.
«Марш справядлівасьці» ў Магілёве
У Магілёве блізу 100 чалавек выйшлі на плошчу перад гандлёвым цэнтрам «Стрыюм» на «Марш справядлівасьці». Прыхільнікі пераменаў стаяць у шчэпцы.
Іх папярэдзілі, што іхнае мерапрыемства несанкцыянаванае. Патрабуюць разысьціся. Людзі ігнаруюць патрабаваньне. Выгукваюць «не забудзем не даруем», «мы гуляем». Сьпяваюць разам беларускія песьні. Некаторыя прыйшлі з нацыянальнай атрыбутыкай. Пляцоўка ачэпленая міліцыяй.
Незадоўга да таго, як людзі пачалі зьбірацца, міліцыянты прыбралі прыпынак. У цэнтры шмат міліцыі. Пратэстоўы пайшлі калёнай па вуліцы Першамайскай. У шэсьці ўжо блізу 300 чалавек. Спробаў разагнаць міліцыя ня робіць.
Менск. Сілавікі выціскаюць людзей, калёна сабралася на пр. Пераможцаў
Сілавікі разганяюць людзей, якія сабраліся каля ГЦ «На Нямізе». Перасьледуюць людзей на мосьце цераз Нямігу, паміж двума гандлёвымі цэнтрамі і на верхняй пляцоўцы ГЦ «На Нямізе». Ёсьць затрыманыя
Да KFC на Нямізе пад'ехала чарговая вялікая група сілавікоў. Некалькі дзясяткаў выйшлі з аўтобусаў. Падыходзяць нават да тых, хто сядзіць на лавах. Людзі ад іх сыходзяць ці ўцякаюць. Затрыманьняў пакуль няма.
Вялікая калёна ўдзельнікаў Маршу сабралася на праспекце Пераможцаў пад будынкамі з надпісам «Менск — горад герой».