Жанчыны сабраліся каля 15-ай гадзіны ў раёне Камароўскага рынку і пайшлі шэсьцем па вуліцах Харужай і Багдановіча да плошчы Бангалор, а потым павярнулі на вуліцу Сурганава. Калёну віталі аўтамабілісты і байкеры.
Каля гандлёвага цэнтру «Эўропа» побач з плошчай Бангалор людзі ў цывільным і ў масках паспрабавалі затрымаць дваіх байкераў — хлопца і яго дзяўчыну. Зьявіліся сілавікі ў зялёнай форме без апазнавальных знакаў. Жанчыны акружылі байкераў, каб ня даць іх затрымаць. Мяркуецца, пазьней аднаго з байкераў усё ж затрымалі.
На скрыжаваньні вуліц Сурганава і Якуба Коласа да шэсьця пад’ехалі некалькі аўтазакаў, аўтобусаў і мікрааўтобусаў, зь выйшлі амапаўцы і сілавікі ў зялёнай форме і балаклавах і пачалі затрымліваць жанчын. Затрыманых было вельмі шмат, таму яны стаялі ў чарзе, каб зайсьці ў аўтазак. На месца затрыманьняў прыехалі дзве машыны «хуткай дапамогі», мэдыкі забралі дзьвюх жанчын, якім стала дрэнна.
Пасьля адʼезду аўтазакаў удзельніцы маршу сталі на супрацьлеглым баку вуліцы ў ланцуг салідарнасьці. Празь нейкі час у ланцугу салідарнасьці таксама сталі затрымліваць людзей.
Праваабаронцам вядомыя прозьвішчы ўжо больш за трохсот затрыманых, сьпіс папаўняецца. Сярод затрыманых была 73-гадовая актывістка Ніна Багінская, але яе адпусьцілі каля будынку Савецкага РУУС.