Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» патрабуе вызваленьня Марфы Рабковай, якая дакумэнтавала выпадкі катаваньняў


Марфа Рабкова, Каардынатарка Валянтэрскай службы "Вясны".
Марфа Рабкова, Каардынатарка Валянтэрскай службы "Вясны".

Затрыманая ўчора каардынатарка валянтэраў «Вясны» Марфа Рабкова зьмешчаная ў ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску. Крымінальную справу супраць яе вядзе Ўпраўленьне сьледчага камітэту па Менску.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступіў з заявай з нагоды затрыманьня актывісткі арганізацыі Марфы Рабковай.

Арганізацыя паведамляе, што Марфа Рабкова зьяўляецца сябрам праваабарончага цэнтру «Вясна», каардынатаркай валантэрскай службы арганізацыі.

«У межах сваёй праваабарончай дзейнасьці Марфа, разам з валянтэрамі «Вясны», ажыцьцяўляла назіраньне за правядзеньнем мірных сходаў, брала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары», удзельнічала ў дакумэнтаваньні сьведчаньняў катаваньняў і іншых жорсткіх відаў абыходжаньня з затрыманымі ўдзельнікамі акцый пратэсту.

Спробы абвінаваціць Марфу Рабкову ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў зьяўляюцца неабгрантаванымі, надуманымі і палітычна матыванымі», — заявіла «Вясна».

У арганізацыі зазначаюць, што на працягу ўсёй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі і пасля выбараў сябры рэгіянальных аддзяленняў ПЦ «Вясна» сутыкаліся зь ціскам і перасьледам з боку дзейнай улады: спробам крымінальнага перасьледу, адміністрацыйным арыштам і затрыманьням.

«Пасьля трагічных падзеяў 9 жніўня і небывалага ўзроўню масавых рэпрэсій у краіне мы неаднаразова чулі пагрозы ў адрас ПЦ «Вясна» ад прадстаўнікоў ГУБАЗіК, якія пагражалі нам хуткай расправай і перасьледам. Мы, сябры ПЦ «Вясна», пратэстуем супраць непрыхаванага перасьледу і ўціску сяброў нашай арганізацыі за ажыцьцяўленьне імі легітымнай праваабарончай дзейнасьці».

Перасьлед Марфы Рабковай у сувязі зь яе легітымнай праваабарончай дзейнасьцю арганізацыя расцэньвае як нічым не прыхаваную кампанію запалохваньня і ціску на ўсю арганізацыю ў цэлым.

«Мы заяўляем, што нягледзячы на ўсе перашкоды і ціск, мы будзем працягваць сваю праваабрончую дзейнасць на карысьць усяго беларускага грамадзтва. Мы патрабуем ад уладаў Рэспублікі Беларусь: неадкладна вызваліць з-пад варты праваабаронцу ПЦ «Вясна» Марфу Рабкову і спыніць крымінальны перасьлед яе; спыніць усялякія спробы ціску і перасьледу ў дачыненьні да сяброў ПЦ «Вясна» ды іншых беларускіх праваабаронцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG