Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страсбурскі суд вывучае сытуацыю віцяблян, якія папрасілі палітычнага прытулку ў амбасадзе Швэцыі


Міліцыянты бʼюць удзельніка акцыі пратэсту Віталя Кузьнечыка, 6 верасьня. Фота Tut.by
Міліцыянты бʼюць удзельніка акцыі пратэсту Віталя Кузьнечыка, 6 верасьня. Фота Tut.by

Эўрапейскі суд па правах чалавека (ЭСПЧ) разглядае хадайніцтва на прадастаўленьне забесьпячальніцкіх мераў у дачыненьні да Віталя і Ўладзіслава Кузьнечыкаў, якія шосты дзень знаходзяцца на тэрыторыі амбасады Швэцыі ў Менску, паведаміў Tut.by юрыст Вадзім Драздоў, які дапамагае віцяблянам атрымаць абарону.

«Рана раніцай 14 верасьня мы накіравалі ў ЭСПЧ запыт на прадастаўленьне забесьпячальніцкіх мераў. У запыце мы ўказалі, што ў выпадку, калі заяўнікаў затрымаюць беларускія сілавікі, будзе існаваць рэальная рызыка, што яны зазнаюць катаваньні або бесчалавечнае ці зьневажальнае абыходжаньне. Сёньня раніцай ЭСПЧ зьвярнуўся да ўраду Швэцыі з пытаньнямі аб тым, якая цяпер сытуацыя заяўнікаў і што ўлады Швэцыі плянуюць рабіць зь імі», — сказаў Вадзім Драздоў.

Улады Швэцыі павінны даць адказ да 17.00 заўтрашняга дня (17 верасьня), вынікае з адказу Страсбурскага суду заяўніку. У залежнасьці ад адказу ў ЭСПЧ прымуць далейшае рашэньне.

На думку адваката, у выпадку, калі ўлады Швэцыі паведамяць, што маюць намер папрасіць Кузьнечыкаў пакінуць тэрыторыю амбасады, то ня выключана, што ЭСПЧ прыменіць забесьпячальныя меры, то бок абавяжа ўлады Швэцыі не перадаваць іх уладам Беларусі. Рашэньні ЭСПЧ маюць абавязковы характар для краінаў, якія падпісалі Эўрапейскую канвэнцыю па правах чалавека.

«Важна падкрэсьліць, што мы „скардзіліся“ не на Беларусь, а на Швэцыю: амбасада Швэцыі, разьмешчаная на тэрыторыі Беларусі, знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Швэцыі. Таму ў нас была такая магчымасьць. Сама Беларусь не падпісала Эўрапейскую канвэнцыю па правах чалавека, таму грамадзяне Беларусі ня маюць магчымасьці зьвяртацца ў ЭСПЧ. У той жа час беларусы, якія, напрыклад, папрасілі прытулку ў краінах, якія ўваходзяць у Раду Эўропы, могуць зьвяртацца ў гэты суд», — кажа адвакат.

Бацька і сын, 47-гадовы Віталь і 29-гадовы Ўладзіслаў Кузьнечыкі зь Віцебску 11 верасьня папрасілі палітычнага прытулку ў швэдзкай амбасадзе ў Менску, асьцерагаючыся перасьледу сілавікоў за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасьня ў Віцебску. Некалькі дзён яны хаваліся, ведаючы, што іх шукаюць сілавікі. З 11 верасьня яны знаходзяцца на тэрыторыі амбасады Швэцыі, там іх забясьпечылі спальнымі месцамі і харчаваньнем.

Пасьля таго як Уладзіслаў Кузьнечык правёў з тэрыторыі амбасады Швэцыі стрым і сказаў, што баіцца перасьледу з боку праваахоўных органаў, стала вядома, што ў дачыненьні да віцяблян вядзецца праверка па факце нападу на супрацоўнікаў міліцыі.

Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі
Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG