Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні-верасьні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
„Яны хочуць дэгуманізаваць нас“
Арцём Пронін, мастак, 39 гадоў, мае грамадзянства Беларусі і Ізраілю:
„11 жніўня я ехаў на ровары па Менску, каб сустрэцца зь сябрамі і, магчыма, папрысутнічаць на мітынгу. Раптам да мяне падышлі супрацоўнікі міліцыі ў масках і без апазнавальных знакаў. Яны сьцягнулі мяне з ровара, крычалі нешта, быццам я зьяўляюся небясьпечным для дзяржавы, завялі ў міліцэйскі мікрааўтобус, дзе былі ўжо некалькі затрыманых, і павезьлі.
Паколькі пасьля выбараў арыштавалі столькі тысяч людзей і дзяржаўныя турмы перапоўніліся зьняволенымі, мяне і іншых даставілі ў міліцэйскі пастарунак, дзе мы начавалі. Мяне і яшчэ каля 30 чалавек міліцыя біла дубінкамі. Нас прымусілі некалькі гадзін стаяць каля сьцяны, перш чым урэшце дазволілі легчы на бэтон.
Адзін вязень, які паведаміў міліцыі, што прыехаў у Менск, каб змагацца з рэжымам, быў настолькі жорстка пабіты, што я лічу, што, мабыць, ён памёр.
Пасьля мяне даставілі ў сумнавядомую турму на Акрэсьціна ў Менску, дзе зьмясьцілі ў камэру памерам пяць на пяць мэтраў разам зь яшчэ 120 зьняволенымі. Нас пратрымалі 12 гадзін без вады. За 48 гадзін, праведзеных у камэры, зьняволеныя атрымалі ежу толькі за дзьве гадзіны да вызваленьня. Нам не далі магчымасьці схадзіць у прыбіральню на працягу першых 12 гадзін, і адзіным спосабам было памачыцца ў некалькі пустых бутэлек.
Ніякага суду не было. Але перад вызваленьнем мяне і некалькіх іншых зьняволеных вывелі на двор турмы і прымусілі падпісаць дэклярацыі аб удзеле ў незаконных дэманстрацыях. Нас прымушалі да лжывых прызнаньняў, а потым жорстка білі дубінкамі супрацоўнікі турмы па сьпіне і нагах.
Мая група ўваходзіла ў «канвэер» з такіх самых груп, што адна за адной выводзілі на двор для падпісаньня прызнаньняў, а потым білі, каб тыя, хто знаходзіўся на стадыі падпісаньня, маглі чуць і бачыць тых, каго зьбівалі.
Пры арышце ў мяне былі і беларускі, і ізраільскі пашпарты, і я паведаміў сваім выкрадальнікам, што маю грамадзянства Ізраілю, у надзеі, што гэта дапаможа. Але па выніку гэта не зрабіла ніякай розьніцы зь іншымі.
Найгоршае катаваньне было ў тым, што яны абыходзіліся з намі горш, чым з жывёламі. Яны нас прынізілі. Калі мы папрасілі вады, яны адмовілі, сказаўшы, што мы будзем тады мачыцца па ўсёй камэры. Яны хацелі дэгуманізаваць нас. Вось так яны паводзілі сябе ў адносінах да нас увесь час, калі мы знаходзіліся ў турме.
Горш было, што мы ня ведалі, чым гэта скончыцца. Ці проста забілі б нас? Трымалі б у голадзе ці не давалі вады, пакуль мы не памром? Ім прамылі мазгі, думаюць, што мы самы вялікі вораг рэжыму. У іх велізарная нянавісьць да людзей.
Я быў праціўнікам улады Лукашэнкі яшчэ да выбараў і падчас нядаўняга галасаваньня прагаласаваў супраць яго, але я ніколі ня думаў, што рэжым будзе так жорстка абыходзіцца са сваім народам, як гэта было ў апошнія дні. Ня думаў, што ён сапраўды фашысцкі. Людзі ня будуць жыць пры гэтым рэжыме. Я думаю, што ў яго ёсьць месяц, магчыма, менш. Беларускі народ можа прызвычаіцца да многіх рэчаў, але гэта ўжо перабор“.
„У мяне станоўчы тэст на COVID-19 пасьля Акрэсьціна“
Terry Tegilken, Менск:
„Нас затрымалі каля поўначы з 11 на 12 жніўня каля ГЦ «Рыга». Там не было мітынгу і вялікай колькасьці людзей. Як у звычайны дзень, ну мо як у вечар пятніцы. Пару невялікіх кампаній.
Сяброўка (Дзея) жыве паблізу. Мы ўбачылі аўтазакі, якія едуць па вуліцы Куйбышава, і падумалі, што гэта ў бок Зялёнага Лугу, бо там нібыта праходзілі мітынгі. На ўсялякі выпадак вырашылі адысьці далей. У гэты момант з боку вуліцы Ўсходняй пад’ехаў характэрны сіні «мікрык» і зь яго выскачылі людзі ў чорным. Усе пабеглі. Чамусьці ў першую чаргу АМАП гнаўся за дзяўчатамі. Мы зь сяброўкай пабеглі да казіно ў «Рызе», якое працавала, але яны зачынілі дзьверы проста ў нас перад носам. Тут падбеглі амапаўцы і пачалі нас біць. Мяне павалілі на зямлю і крычалі, каб я ляжала. У гэты момант мне тэлефанавала Элі, і амапавец вырваў з рук тэлефон. Пазьней па званках сяброўкі ўдалося аднавіць, што гэта адбылося ў 00.01. Амапаўцы, штурхаючы, пагналі нас у бок аўтазакаў. Я ня памятаю дакладна, у які момант мяне ўдарылі па калене. Здаецца, мяне зьбілі з ног гэтым ударам, але і калі я ўжо ляжала на асфальце, мяне білі нагамі ў берцах. Памятаю рэзкі боль у калене, я не магла наступаць на нагу, калі мяне цягнулі ў аўтазак.
У сам аўтазак мяне зацягвалі за валасы. Сьпярша там былі толькі дзяўчаты, потым сталі кідаць яшчэ і хлопцаў. Хлопцаў кідалі проста на падлогу адзін на аднаго, штабэлямі. Прыцягваючы новых, амапаўцы білі іх нагамі і дубінкамі. Праўда, аднаму хлопцу, які крыкнуў, што ён астматык, пакінулі інгалятар і давалі падыхаць, бо рукі ў яго былі зьвязаныя за сьпінай.
Усё гэта суправаджалася няспыннымі мацюкамі, пагрозамі, абразамі і пытаньнямі, колькі нам за гэта плацяць. Вытрэсвалі сумкі. Тых, у каго знаходзілі, напрыклад, бінты і белыя стужачкі, зноў білі. Яшчэ ў кагосьці тэлефон зламалі. У аднаго хлопца адабралі тэлефон і кінулі ім жа ў галаву. Крычалі: «Вы ў нас камяні кідаеце, паскуды». Калі мы пыталіся, за што, нам крычалі, што мы парушылі камэнданцкі час, што пра яго было аб'яўлена па радыё і тэлевізары (дарэчы, камэнданцкага часу не было), што мы ўсе прадаліся, — і зноў білі нас, прыгаворваючы: “Гэта вам за Ціханоўскую, калі не падабаецца жыць пры Лукашэнку”.
У нейкі момант у аўтазаку было амаль 5 слаёў людзей адзін на адным. Дзяўчатам дазволілі застацца на сядзеньнях, але крычалі, каб мы ставілі ногі на мужчын, а калі адмаўляліся, пачыналі біць. Мы зь Дзеяй спляліся ў клубок і прыкрывалі адна адной рукамі галовы. АМАП пастаянна крычаў, каб мы не глядзелі ім у вочы. У нейкі момант Дзея падняла вочы — і ёй далі дубінкай па галаве. Потым аўтазак паехаў, нам загадалі сьпяваць гімн Беларусі і ў гэты час білі… З натхненьнем сьпявалі, што ўжо там: мірныя ж людзі.
Потым адзін амапавец схапіў хлопца з доўгімі валасамі, спытаў, чаму ён, як баба, і крычаў, што сапраўдны мужык павінен быць гладка паголены. Пасьля чаго дастаў нож і пачаў зразаць хлопцу валасы, некалькі разоў наўмысна парэзаўшы яго. Усё гэта я бачыла скрозь пальцы сяброўкі, якая прыкрывала мне твар. Амапавец рэзаў хлопцу твар і голасна сьмяяўся.
Потым мы кудысьці ехалі, і было адчуваньне, што нас па коле прывезьлі зноў да «Рыгі». Пачалі выганяць з аўтазакаў. Пры гэтым прымусілі ўсіх крычаць «я люблю ОМОН», інакш абяцалі «уе@ть». Я не магла наступаць на нагу, Дзея спрабавала падхапіць мяне, амапаўцы сьмяяліся і крычалі, каб я скакала далей сама, як чапелька. Тады Дзея падставіла плячо і пацягнула мяне да наступнага аўтазака. Там нас раскінулі па камэрах-перавозках. У адна-двухмесную нас запхнулі ўшасьцёх. Далі бутэльку з рэштай вады, якая была ў адной зь дзяўчат у торбе. У яе, дарэчы, у той дзень былі дзень нараджэньня. Нас доўга везьлі, было вельмі душна і горача, мала месца.
Кудысьці прывезьлі (як высьветлілася, на Акрэсьціна) і пачалі ставіць радамі. Хлопцаў білі моцна, дзяўчат паставілі ўздоўж сьценкі тварам да сьценкі. Адзін амапавец схапіў мяне за валасы і крычаў, што ў ніякай іншай краіне я не магла б хадзіць з такім колерам валасоў (яны ў мяне сінія). Пасьля таго, як я страціла прытомнасьць ад болю, мяне сьпярша паднялі (я ўпала зноў), пасьля чаго дазволілі сядзець на падлозе, але пару разоў, праходзячы міма, наўмысна штурхалі траўмаваную нагу. Седзячы я бачыла больш за астатніх. Дзяўчыну, якая абуралася, кінулі на падлогу і пачалі біць дубінкамі. Яна была ў кароткай летняй сукеначцы — яе схапілі за тое, што яна была зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Празь нейкі час нас адправілі на вобшук. Яго праводзілі жанчыны. Прымусілі разьдзявацца дагала і прысядаць. Мне дазволілі не здымаць джынсы цалкам, бо калена да таго часу распухла ўжо ў два разы. Жанчыны спыталі, ці гэта пры затрыманьні мяне так, і самі зьдзівіліся. Праўда, я не магу назваць гэта спагадай. Пасьля ператрусу перапісалі прозьвішчы. У мяне быў з сабой пашпарт — на прапанову яго паказаць, каб пацьвердзіць асобу, мне сказалі, што «я яго магу згарнуць трубачкай і...» Непаўналетніх (такіх было чалавек пяць дзяўчат) адвялі ўбок — магчыма, іх адправілі да бацькоў ці проста трымалі асобна. Нашы рэчы адабралі, паклалі ў сьмецьцевыя пакеты, кожны падпісалі. Пасьля чаго пагналі ў камэру. Праўда, камэрай гэта складана назваць — гэта быў прагулачны бокс 5 на 4 мэтры, бэтонныя сьцены, бэтонная падлога, дзірка ў падлозе, 2 відэакамэры і краты замест столі. Назіральная вышка з ахоўнікамі. Больш там не было нічога. На вуліцы ў гэты час было прыкладна +10 градусаў.
Нас прымушалі стаяць тварам да сьцяны, трымаючы рукі за сьпінай, але празь нейкі час дзяўчаты пераставалі так стаяць і разыходзіліся па кучках. Хлопцам было складаней: іх увесь час білі — да нас даносіліся іхныя крыкі. У гэты ж час там жа, на Акрэсьціна, знаходзіўся мой брат (Кенур), затрыманы на пару гадзін раней — ён проста ішоў дадому Партызанскім праспэктам. Мы вельмі баяліся, што там жа будзе і Кумехтар. Але яго, на шчасьце, не злавілі. Дзея проста з глузду ехала ад хваляваньня. Хлопцы крычалі страшна. Як потым расказалі ў «хуткай», іх разьдзявалі дагала, ставілі на калені і прымушалі так стаяць. Потым прымушалі класьціся на халодную бэтонную падлогу або гадзінамі стаяць каля сьцяны, падняўшы рукі над галавой — як толькі апускаеш, пачынаюць біць. Жанчыны затыкалі вушы, каб ня чуць крыкаў — у некаторых там таксама былі мужы або хлопцы.
Было вельмі холадна. На ўсе крыкі, просьбы даць вады ці паклікаць лекара нам адказвалі: «Здохніце, сукі», «Паскуды, я таксама трэці дзень ня сплю», «Так вам і трэба». Я некалькі разоў траціла прытомнасьць ад болю і не магла стаяць. Зьняла красоўкі і села на іх, зафіксаваўшы хоць неяк зламанае калена на вісу. Дзея стаяла побач і грэла сваім целам. Я была лёгка апранутая, як звычайна з працы: джынсы, футболка, кашуля. Ад болю и холаду пачаліся дрыжыкі, мяне трэсла, са словаў Дзеі, некалькі разоў я траціла прытомнасьць. Адна зь дзяўчат аддала сваю куртку. Калі камусьці трэба было ў прыбіральню (люк з кратамі ў падлозе, ззаду камэра, па дыяганалі камэра і вышка з амапаўцамі-ахоўнікамі), усе дзяўчаты станавіліся сьценкай і загароджвалі. Хоць спачатку ахоўнікі гразіліся прымусіць вылізваць, калі скарыстаемся. Пэрыядычна спрабавалі гаварыць з амапаўцамі, прасіць вады, мэдычнай дапамогі. Адказ быў у асноўным матам. У лепшым выпадку — «чакайце». Было незразумела, колькі мінула часу. Ахоўнікі зноў загадвалі стаць да сьценкі і так стаяць, пагражаючы то згвалтаваньнем, то расстрэлам. Ні пра якія правы чалавека, чалавекалюбства, Жэнэўскую канвэнцыю і г.д. гаворкі не ішло — яны так і казалі: «Вы сукі, жывёлы»...
Днела. Мы зь Дзеяй на чарговы вокрык “Стаяць!” падымаліся, абапіраючыся на сьценку і ціхенька, ледзь чутна, трымаючыся за рукі, сьпявалі разам знаёмую, напэўна, усім беларускім ралевікам песьню: «Сьпіна да сьпіны, плячо ў плячо. Жыцьцё кароткае, трымайся, прыяцель, сваёй крывёю заплачу за тое, каб вы змаглі застацца. Няхай сёньня дзень ня мой, пакуль сябры мае са мною, мы справімся зь любой бядой: чарцямі, богам, лёсам».
Гадзін з 9 раніцы мужчыны ў суседнім боксе сталі скандаваць: «Вады!» Пачалі зьбірацца валянтэры на Акрэсьціна. Яны хорам крычалі, колькі часу, гэта вельмі дапамагала. Яшчэ крычалі: «Трымайцеся!» Дзякуй вам. Пэрыядычна АМАП іх ганяў.
Вады нам так і не далі — першую ваду нам перадалі дзесьці ўжо каля гадзін трох дня. У гэты ж час сталі выклікаць на суд. Ніякіх пратаколаў мы ў вочы ня бачылі. Суд уяўляў сабой стол у калідоры Акрэсьцін, за ім сядзеў судзьдзя Маскоўскага раёну (на жаль, ня памятаю прозьвішча, але ў справе яно будзе фігураваць) зь дзяўчынай-сакратаркай. Яны абое былі ў масках. Нам зачыталі правы, артыкул 23.34 КаАП. Я папрасіла зачытаць абвінавачаньне цалкам. Мяне вінавацілі ў тым, што я ўдзельнічала ў мітынгу каля «Рыгі», які праходзіў каля 01:00-01:30 12 жніўня, і назвалі сьведак. Я сказала, што ня згодная з абвінавачаньнем, і агучыла сваю вэрсію падзей, прывёўшы ў сьведкі маю сяброўку, якая стаіць побач, і яе мужа, зь якім на той момант мы ня ведалі, што адбылося. Далей я папрасіла ўнесьці ў пратакол, што мне да гэтага часу не аказалі мэдычнай дапамогі і я патрабую яе аказаць. Судзьдзя сказаў, што гэтым ён не займаецца, але ў пратакол занёс. Падпісаць мне нічога не далі. У гэты час па калідоры ганялі хлопцаў у адной ніжняй бялізьне ў камэры. І нават разносілі ім ежу — яны там сядзелі ўжо трэція суткі. Асабліва цынічна глядзелася аб'ява, што харчаваньне на Акрэсьціна абыходзіцца ў 13 рублёў 50 капеек на суткі.
Пакуль ішоў суд і разглядалі справы астатніх дзяўчат, я, седзячы на падлозе, прасіла тых, хто праходзіў міма, выклікаць мне «хуткую» або аказаць мэдычную дапамогу. Дзяжурны супрацоўнік ЦІП ціхенька вачыма паказаў на высокага чалавека ў цывільным. Гэты чалавек у спартовым гарнітуры, мяркуючы па ўсім, галоўны, яхідна сказаў, што яе ўжо аказалі (з намі ў камэры знаходзіліся затрыманыя мэдыкі-валянтэры, але ўсе мэдычныя сродкі ў іх забралі пры затрыманьні). Я запярэчыла, што гэта няпраўда і я патрабую аказаць мэдычную дапамогу. Міма праходзіла жанчына ў чырвонай форме, падобнай на форму лекара, і са знакам мэдыкаў на грудзях. На маю просьбу аб дапамозе яна ў грубай форме сказала мне заткнуцца, пажадала здохнуць ад болю і сказала, што я сама гэтага хацела. Пасьля заканчэньня гэтага «суду» нас павялі назад у камэру. Там ужо давалі піць: паўлітровую бутэльку вады з-пад крана — адну на ўсіх. Потым некалькі разоў давалі яшчэ.
Празь некалькі гадзін да дзьвярэй прыйшлі людзі ў форме і зноў паставілі ўсіх тварам да сьцяны. Мужчына ў масцы назваў маё прозьвішча. Пасьля чаго мяне і яшчэ адну траўмаваную дзяўчыну кудысьці пацягнулі. У адрозьненьне ад АМАПу, цягнулі яны акуратна і нават давалі сэкундную перадышку, калі я траціла прытомнасьць. Цягнулі, як аказалася, у «хуткую». Я прасіла іх забраць і Дзейку, у якой было падазрэньне на страсеньне мозгу, але яны сказалі, што калі на яе імя і прозьвішча не было зафіксавана выкліку, то нічога ня змогуць зрабіць.
У гэты час у двор Акрэсьціна зноў прыцягнулі новых затрыманых і яны стаялі на каленях. Іх білі. У «хуткую» (экіпаж 512, дзякуй вам!) загрузілі 5 чалавек, у тым ліку мужчыну з пераломам хрыбетніка. Лекар укалоў мне абязбольвальныя і хацеў накласьці шыну, але ня выйшла, бо калена моцна распухла і я не магла ні сагнуць, ні разагнуць яго. Далі тэлефон пазваніць. Мяне адвезьлі ў лякарню (туды ўжо под’ехали мае бацькі, Гілтанас, Тарн, а пазьней і Кумехтар зь Ірбісам), зрабілі рэнтген і той жа ноччу зрабілі апэрацыю. Яна доўжылася 2 гадзіны, але я ня памятаю, бо мне ўкалолі сьпінальную анэстэзію, ільвіную дозу заспакойлівага і снатворнае. Улічваючы, што я мінімум суткі ня спала, я з радасьцю адключылася і ня бачыла таго, што адбываецца далей з маім каленам. Тое, што гэта пералом, я зразумела адразу і спрабавала хоць неяк фіксаваць калена ў патрэбным становішчы, што ўскладнялася тым, што амапаўцы гэтае калена штурхалі...
Мой прысуд не адразу знайшлі. Дзейку знайшлі ў сьпісах на Жодзіна з прысудам на 10 сутак (артыкул артыкул 23.34). Ігар і астатнія нашы сябры шукалі яе па ўсіх сьпісах і чакалі ў Жодзіне. Але яе яшчэ суткі трымалі на Акрэсьціна і толькі ўначы выпусьцілі. Валянтэры адвезьлі яе дадому. Тэлефон Дзеі не аддалі — толькі нашы торбы, якія былі з сабой у момант прыбыцьця ў ЦІП.
У лякарні мне давядзецца ляжаць мінімум 3 тыдні. У мяне станоўчы тэст на COVID-19 пасьля Акрэсьціна, гіпс на ўсю нагу. Але лекары абяцаюць, што хадзіць буду. А вось бегаць — як пашанцуе. Вельмі спадзяюся, што пашанцуе...
Майго брата (Кенура) выпусьцілі праз суткі без абвінавачаньня. У яго страшныя чорныя сінякі на нагах, вывіх абодвух плечавых суставаў, лёгкае страсеньне мозгу і гнойная ангіна. У шпіталі яму зафіксавалі траўмы. Мне прыслалі фота — выглядае страшна. Цяпер ён таксама знаходзіцца ў шпіталі.
У мяне, апроч траўмы, лекары зафіксавалі пабоі сярэдняй цяжкасьці. Клінічны дыягназ гучыць так: «Закрыты пералом рэпкі са зрушэньнем адломкаў, болевы. Множныя ўдары, ранкі, падскурныя кровазьліцьці абодвух локцевых, прамянёвазапясьцевых суставаў, абодвух перадплеччаў і кісьцяў. Пашкоджаньне зьвязачнага апарату правага і левага локцевых суставаў, левага і правага прамянёвазапясьцевых суставаў, дробных суставаў абедзьвюх кісьцяў сустава, выразны болевы сындром. Удары, падскурныя кровазьліцьці задне-ніжніх аддзелаў грудной клеткі з абодвух бакоў, выразны болевы сындром. Множныя ўдары, ранкі, падскурныя кровазьліцьці ў вобласьці абодвух сьцёгнаў, каленных суставаў, у абедзьвюх галёнках. Спадарожныя: каранавірусная інфэкцыя неўдакладненая (В34.2); каранавірусная інфэкцыя COVID-19\IgM + ад 2020/08/12 і ад 2020/08/13\».
Я не хачу гаварыць пра палітыку. Заклікаць галасаваць “за” ці “супраць”. Братацца з АМАПам і дарыць ім кветкі ці лінчаваць і вешаць на слупах. Я хачу сумленнага, справядлівага суду. Я веру, што людзі нават у АМАПе могуць быць розныя, і ведаю выпадак, калі чалавек звольніўся пасьля загаду ісьці біць натоўп. Але на свае вочы бачыла і тых, хто ўпіваўся сваёй сілай і беспакаранасьцю. Біў бяззбройных і гучна рагатаў, разьюшваючыся. Такія павінны быць пакараныя паводле закону. Я проста хачу жыць у сваім горадзе і мець магчымасьць спакойна схадзіць у “Рыгу” па хлеб, не рызыкуючы пракаціцца ў аўтазаку да Акрэсьціна. Мне страшна ўявіць, што перажылі нашы родныя і сябры. Цяпер мне абрываюць тэлефон, цягнуць ежу, прысмакі, ваду, кветкі, паштоўкі ў палату. Людзі, якія знаходзяцца ў лякарні на лячэньні, гавораць словы падтрымкі.
Я ня ведаю, чым я заслужыла такіх сяброў, якія з усяго сьвету пішуць мне і хвалююцца за мяне і маю краіну. Ня ведаю, чым заслужыла сяброў, якія дзяжурылі пад Акрэсьціна і ў Жодзіне, шукалі нас у сьпісах, кармілі маіх катоў дома, а потым цягалі перадачкі і тэлефанавалі, падтрымлівалі, плакалі ад шчасьця, пачуўшы мой голас і даведаўшыся хоць нейкія навіны пра нас і іншых. Я вас люблю.
Мы ўжо падалі скаргу на рашэньне суду, якое не набыло моц (яго можна абскардзіць на працягу 5 сутак, калі арышт, а калі штраф — да 10). І я пляную падаваць скаргу на перавышэньне паўнамоцтваў пры затрыманьні, на ўмовы ўтрыманьня і наўмыснае прычыненьне шкоды здароўю (пабоі сярэдняй цяжкасьці).
І яшчэ. Я схіляю калена (зламанае АМАПам, ага) перад нашымі мэдыкамі і лекарамі, якія ва ўмовах COVID-19 яшчэ і безупынна лечаць людзей, якія бесьперапынна паступаюць у аддзяленьні зь цяжкімі траўмамі. Лекары — сапраўдныя героі, якія ў гэты цяжкі час не забываюць пра свой абавязак. Дзякуй вам! Вы крутыя, як багі!“
„Хацелі зрабіць «каардынатарам», падкінулі схему расстаноўкі АМАПу“
Алесь Дзянісаў з Горадні, 45 гадоў, музыка, журналіст:
„На фоне соцень і тысяч зьбітых людзей мая гісторыя выглядае трохі, я б сказаў, трагікамічна. Мяне схапілі да акцыі, і артыкул у мяне іншы, не 23.34.
11 жніўня я ехаў на ровары па вуліцы Чырвонаармейскай дамоў. Убачыў здалёк людзей у чорным, каля 15 чалавек. Пад’ехаў бліжэй, бачу, што яны затрымалі жанчыну. Быццам ім здалося, што яна іх фатаграфавала. Гэта былі людзі без апазнавальных знакаў, у балаклавах: адны толькі вочы. Яны яе цягнулі да брамы, дзе знаходзіцца база АМАПу, пра што я сам ня ведаў тады.
Я спыніўся, каб запытацца, што яны робяць. Яны ўбачылі на мне майку з надпісам «Нізкі мастацкі ўзровень», затым Пагоню на ровары і пачалі крычаць, што іхны кліент (“Вось яшчэ адзін п…рас!”). Схапілі, пацягнулі за сабой на базу. Пачаліся ўдары. І яны сталі адразу ламаць чамусьці мой ровар. Заўважылі на руцэ пасак бела-чырвоны, парвалі. Пачалі трыбушыць мой заплечнік. Убачылі мэдыкамэнты (перакіс, бінт, таблеткі), газавы балёнчык. Пачалі лямантаваць, што я рыхтаваўся, пасыпаліся абразы: «П…рас, здраднік, сука!» Паставілі на каленкі, парвалі шорты. Начапілі на рукі, закруціўшы за сьпіну, «хамут». Размалявалі ўвесь твар флямастэрамі, прычым зь нейкім дзіцячым азартам.
Яны яшчэ былі без дубінак, яшчэ не выяжджалі, гэта было прыблізна за гадзіну да пачатку акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў. А мяне схапілі каля 17-й. Яны яшчэ не прыступалі. Ня ведаю, магчыма, мяне не захацелі моцна біць у прысутнасьці гэтай жанчыны (Вольгі, 55 гадоў).
У мяне з сабой было піва разьліўное, тры ці чатыры літровыя бутэлькі, мы дамовіліся зь сябрам сустрэцца. А тады пасьля 17-й не прадавалі. І яны пачалі крычаць: «Што гэта, кактэйль Молатава?! Панюхай!» Адкруцілі кожную бутэльку і панюхалі. І былі вельмі зьдзіўленыя, што не «кактэйль Молатава».
Нейкі зьвяруга выцяў мяне пару разоў у жывот, а нехта каленам — па яйцах. Гэта потым і адгукнулася. Засадзілі нас з жанчынай у бус, закінулі ровар мой. Яна прасіла ўзяць валідол, яны не дазвалялі. Там быў адзін больш-менш чалавечны, я сказаў яму: “У яе рукі трасуцца, яна кажа, што інфаркт нядаўна быў”. Усе астатнія былі проста зьвяры, не рэагавалі, крычалі. Я ляжаў на падлозе, а гэты сядзеў побач, быў больш спакойны. Ён дазволіў ёй валідол прыняць.
Даставілі ў Кастрычніцкі РАУС на вул. Гая. У «дзяжурку». Прыводзілі яшчэ людзей, усе былі з «хамутамі». Некаторым здымалі: у людзей пасінелі рукі. Мае парваліся яшчэ ў машыне, але я рукі так ззаду і трымаў, калі везьлі. Затым прыбегла шмат іхных, нехта быў у балаклавах. Пачалі крычаць, што я «каардынатар». Зноў палезьлі ў мой заплечнік і «знайшлі» там паперу, якую самі і падкінулі. Паперу з расстаноўкай АМАПу па горадзе. То бок, мне хацелі прышыць гэтае «каардынатарства». Сказалі, што пайду паводле крымінальнага артыкулу. Я кажу: “Я журналіст”, паказваю пасьведчаньні, якія ёсьць. Можа, гэта неяк паўплывала. Прыбег пазьней нейкі, магчыма старшы, у цывільным і сказаў: «Супакойцеся, супакойцеся, гэта ня ваша папера».
Мяне павялі наверх афармляць. Сядзелі двое ў форме. Яны зноў абшукалі мой заплечнік, паперы з расстаноўкай АМАПу там ужо не было. Разгледзелі, што мой газавы пярцовы балёнчык, якім я ніколі не карыстаўся, быў два гады як пратэрмінаваны. Прыбег чалавек у цывільным, магчыма сьледчы, ён пачаў крычаць на мяне, што я каардынатар, што ў каардынатара такая ж касічка, як у мяне. Ён мне тыкаў. Я пацікавіўся, чаму тыкае. Ён пачаў крычаць: «Заткніся!» і паставіў мяне на «расьцяжку».
Пазьней гэты ў цывільным, ён быў у сіняй майцы, вярнуўся, сеў і ўжо на “вы”: «Ну што вы такі сумны? Не перажывайце, “крыміналкі” ня будзе. Мы вас “прабілі”, вы ня той чалавек». І тут ён сказаў такое, што я зусім афігеў: «Мы вам прыносім свае прабачэньні”. І толькі тут я даведаўся, што мяне затрымалі амапаўцы, бо дагэтуль для мяне гэта былі проста людзі ў чорным.
Мяне аформілі паводле артыкулу 17.1 Адміністрацыйнага кодэксу, гэта «дробнае хуліганства». У паказаньнях было напісана наступнае: я ехаў на ровары, гучна лаяўся матам, пад’ехаў да брамы базы АМАПу і, працягваючы брудна лаяцца, пачаў грукаць, ламіцца ў браму. І падсумаваньне: «На шматлікія заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваў і быў затрыманы».
Нас сядзела 12 чалавек у камэры на чатырох. Чалавекі чатыры былі моцна зьбітыя. Калі мы сядзелі, увесь час прыяжджалі аўтазакі, і мы чулі, як білі людзей у дворыку, там у іх была «катоўня». Калі мяне афармлялі яшчэ, забягаў міліцыянт са словамі «Потым яго давай праз дворык». Але мяне праз дворык не павялі, пашанцавала: павялі ў камэру праз будынак. Бачыў мужчын, якіх пазначылі чорным крыжыкам — на твары ці на патыліцы. Гэтых, казалі, трэба было моцна біць. Зь зялёнымі крыжамі ня бачыў, казалі, што так пазначалі, каб завесьці крымінальную справу.
З размоваў гэтых «вертухаяў» даведаліся, што трэці паверх СІЗА быў цалкам вызвалены: падрыхтаваліся да новых арыштаваных. Даведаўся пазьней, што некаторых са знаёмых, хто быў таксама арыштаваны, павезьлі ў Ваўкавыск ці ў Слонім. А гэта было ўжо 11 жніўня. Мы пачулі таксама, што нас тады сядзела 90 чалавек.
Мяне судзілі там жа, у РАУС, на наступны дзень апошнім, у канцы дня. Чаму? Таму, мабыць, што ў мяне быў іншы артыкул. Але паседжаньне нечакана перанесьлі. Напэўна, судзьдзя палічыў паказаньні міліцыянтаў фантастычнымі: ламіцца на базу АМАПу з поўным заплечнікам піва? Ён сказаў: “Я хачу бачыць запіс з відэакамэр з гэтым здарэньнем”. Мяне адпусьцілі.
Праз тыдзень я прыйшоў у Кастрычнікі раённы суд Горадні. Жанчына, якую затрымалі разам са мной, выступіла за сьведку. Прыйшло шмат людзей, каб мяне падтрымаць. Я быў з адвакатам. Міліцыянты-сьведкі ў суд не зьявіліся. Судзьдзя зазначыў, што відэакамэры ў час майго затрыманьня «не працавалі». Мяне апраўдалі.
Дні праз тры пасьля здарэньня мне стала лягчэй, што датычыць удару ў пахвіну. Але пазьней зрабілася горш. Было горача ў нагу з правага боку, куды мяне выцяў амапавец, паднялася тэмпэратура. Я зразумеў, што пачаўся запаленчы працэс. Паказаўся хірургу, той сказаў, што трэба ва ўралёгію. Мяне паклалі ў лякарню хуткай мэдычнай дапамогі. Пяць дзён ляжаў. Спачатку сказалі, што трэба рабіць апэрацыю, разразаць. Але абышлося. Давалі ўдарныя дозы антыбіётыкаў. Боль адпусьціў. Дзякуй дактарам, якія паставілі мяне на ногі.
Адрамантаваць ровар мне дапамаглі нашы гарадзенскія журналісты, скінуліся грашыма. Я ім вельмі ўдзячны, цяпер зноў ім карыстаюся штодня“.
„Калі мыў майку, вада была бардовая ад крыві“
Уладзімер Сколышаў, мастак, Горадня:
„20 верасьня я ехаў у горадзе па маці. Адзін раз мяне спыніў супрацоўнік ДАІ, але ня мог нічога прад’явіць. Я паехаў. Другі раз ён пачуў праз акно, што даішнікам здалося, нібыта я крычаў непрыстойныя словы і паказваў непрыгожы жэст. Неўзабаве, калі я стаяў на сьвятлафоры на вуліцы Горкага, да мяне ззаду падбеглі людзі ў поўным рыштунку, балаклавах, вайсковым адзеньні.
Яны пачалі крычаць. У лічаныя сэкунды адзін зь іх разьбіў шыбу, пачаў мяне душыць. Другі таксама засунуў рукі ў салён. Мяне пачалі хапаць за рукі. Я ад пачатку казаў, што я не супраціўляюся.
Мяне выцягнулі з машыны, кінулі «мордай у падлогу». Пачалі абражаць, казалі, што для мяне «ўсё толькі пачынаецца», нібыта «такія людзі жыць не павінны». На рукі надзелі сьцяжку. Кроў на скроні і твары зьявілася пасьля таго, як мяне білі на зямлі. У мікрааўтобусе па дарозе ў Ленінскі РАУС мяне таксама зьбівалі.
Адзін з супрацоўнікаў сказаў: «Дай бізун». Бізуна не знайшлося. Кіроўца даў яму дручок, той ударыў мяне адзін раз па ягадзіцы. Ад гэта застаўся вялікі сіняк.
Пасьля, калі мыў майку, вада была бардовага колеру ад крыві.
Жартавалі, што я падобны да Тэрмінатара.
На мяне склалі тры пратаколы: адзін за дробнае хуліганства, бо нібыта паказваў непрыстойны жэст, і два за непадпарадкаваньне міліцыі, калі спыніўся, а потым зьехаў ад даішніка, а другі раз, калі нібыта хапаўся за стырно і крэсла, калі мяне выцягвалі з машыны.
На волю выйшаў толькі 25 верасьня. Сваёй віны не прызнаю і буду абскарджваць рашэньне суду“.
„Стралялі ня ў тых, хто нападаў, а ў тых, хто спрабаваў уцячы“
Алена Хоміч, судмэдэкспэрт:
„Сыгналы пра чаканы пасьлявыбарны гвалт паступалі задоўга да асноўнага дня галасаваньня. Мэдыкі рыхтавалі свае кансультацыйныя мэдычныя блёкі, каб ратаваць людзей, бо ведалі, што будзе беспакараная бойня з боку ўладаў. Мы выдатна ведалі і былі папярэджаныя, што быў дадзены загад страляць на паражэньне, загад біць, хапаць.
Мы з калегамі аказвала валянтэрскую дапамогу пацярпелым у палявых умовах, каб яны ня мусілi зьвяртацца па дапамогу афіцыйна і не траплялі такім чынам у поле зроку сілавікоў.
Многія лекары выйшлі інкогніта, ня кажучы ўжо пра гэтых чулых мэдсястрычак і фэльчараў. Яны зачыняліся ў сваіх машынах хуткай дапамогі ды рабілі цуды. Фактычна хірургію на месцы. Каб выратаваць рукі, ногі, апечаныя вочы.
Асноўны ўдар прыняла на сябе лякарня хуткай дапамогі. Прычым самыя цяжкія пацыенты былі ня зь мірных акцыяў пратэстаў, дзе пацярпелі ад гумавых куляў ды сьвятлашумавых гранатаў, — а людзі, якіх білі і катавалі ў міліцэйскіх пастарунках ды ізалятарах часовага ўтрыманьня“.
Кацярына Мяржынскас, рэаніматоляг:
„Вельмі шмат пацярпелых баяліся зьвяртацца ў дзяржаўныя клінікі. Бо калі чалавек зьвернецца з гумовай куляй у нейкім месцы, дык ясна, што ён не на арматуру напароўся, а гэта крымінальная траўма. А пра ўсе крымінальныя траўмы мы вымушаныя паведамляць у адпаведныя органы. Многія пра гэта ведаюць: адна справа схапіць кулю, а зусім іншая — атрымаць яшчэ болей.
Характар траўмаў менавіта крымінальны. Большая частка куляў была ў вобласьці сьпіны, задняй паверхні ног і ягадзіц. Ня трэба быць Шэрлакам Холмсам, каб зразумець, што стралялі ня ў тых, хто нападаў, а ў тых, хто спрабаваў уцячы.
Многія, з кім я размаўляла, казалі, што калі б зь імі зараз здарылася такое, яны нізавошта ў жыцьці б не зьвярнуліся па дапамогу, бо ўжо сутыкнуліся з такімі несумленнымі дзеяньнямі ўладаў. Усе мы памятаем, як на машынах «хуткай» езьдзіў АМАП. Давер быў вельмі моцна падарваны. Быў выпадак, калі я езьдзіла да чалавека з нагоды ягонай траўмы, і, калі я выходзіла з машыны, чалавек сустрэў мяне з дубінкай у руцэ, бо баяўся, што прыедуць не да яго, а па яго.
Усе цудоўна разумелі, чым скончыцца 9 жніўня, ні для кога гэта ня стала сюрпрызам, і рэакцыя, якая за гэтым ішла, таксама нікога не зьдзівіла. Усім было зразумела, што будуць пацярпелыя, што будуць траўмы, але ня думалі, што настолькі. Нават у шмат якія клінікі афіцыйна далі распараджэньні аб узмацненьні гатоўнасьці ў ноч з 9 на 10 жніўня, былі выкліканыя на дзяжурства галоўныя дактары, загадчыкі, апэрацыйныя былі ў поўнай гатоўнасьці. Але да таго, што давялося пабачыць, да гэтага, я думаю, многія ўсё ж не былі гатовыя. Да таго, што будуць біць з асаблівай жорсткасьцю, што пачнуць ужываць газ. Асабліва калі ўлічыць, што Беларусь — гэта такая краіна, дзе праз генэтычныя парушэньні ў выніку наступстваў Чарнобылю вельмі шмат людзей пакутуе ад алергіі, бранхіяльнай астмы. Пры ўжываньні газу гэта можа вельмі лёгка прывесьці да сьмерці.
Мэдыкі, якія гадамі працавалі ў рэанімацыі, на хуткай дапамозе, якія бачылі шмат і якія не баяцца таго, што звычайнага чалавека шакуе, з дрыготкімі рукамі ды сьлязьмі на вачах расказвалі пра вельмі сур’ёзныя траўмы і пашкоджаньне ўнутраных органаў, шматлікія падцёкі пад абалонкі і ў рэчыва галаўнога мозгу, пра ўнутраныя крывацёкі ды разрывы органаў. Ня кажучы пра шматлікіх мужчынаў з разрывам прамой кішкі — зразумела, ад чаго… Зноў жа, са словаў (я сама не сутыкалася з тымі жанчынамі), але вядома, што былі сур’ёзныя пашкоджаньні як вонкавых, так і ўнутраных палавых органаў“.
„Хутчэй за ўсё, яго забілі да сьмерці, калі няма нідзе ў сьпісах“
Сьвятлана Красуліна, маці катаванага на Акрэсьціна:
„Увечары 13 жніўня ва ўсіх тэлеграм-каналах пачалі цыркуляваць чуткі пра тое, што затрыманых выпускаюць. К 11 ночы едзем з мужам на Акрэсьціна – чакаць сына.
Гэта найгоршая ноч у маім жыцьці. Інфармацыя вельмі бедная, яе дазавана перадаюць нейкія міліцэйскія асобы праз валянтэраў. Валянтэры наводзяць парадак сярод натоўпу ўсхваляваных людзей, просяць не шумець і ня пляскаць, бо гэта злуе турэмнікаў і яны адыгрываюцца на арыштантах. Прыяжджаюць журналісты. Быццам бы павінны выпускаць. Шыхтуемся калідорам уздоўж турэмнай сьцяны, цягнем шыі, каб першымі ўбачыць сваіх родных, калі іх выпусьцяць.
Да Акрэсьціна прыяжджае намесьнік міністра Барсукоў. Абяцае, што да 6 раніцы выпусьцяць усіх затрыманых. Надзея ўбачыць сына становіцца рэальнасьцю!
Усю тую ноч -- то з брамкі, то з варот -- выпускаюць групкі затрыманых. Невядома, хто зараз выйдзе. Натоўп велізарны, баюся прапусьціць сына. Калі не магу разгледзець праз натоўп, крычу ягонае імя, спадзеючыся, што пазнае голас.
Хлопцы выходзяць на сваіх нагах; многія кульгаюць, кідаюцца ад натоўпу, закрываюць твары капюшонамі. Валянтэры спыняюць іх, запісваюць, адводзяць да мэдыкаў. Мэдыкі выклікаюць “хуткія”, аднаго хлопца вязе рэанімацыя. Гадаю, у якім выглядзе будзе мой хлопчык.
Выходзіць новая групка затрыманых (ледзь не сказала «пацярпелых»). Некаторыя выходзяць з брамкі і тут жа нагінаюцца і адводзяць рукі за сьпіну. За два-тры дні іх надрэсавалі так сябе паводзіць.
Усю ноч назіраю чараду скалечаных, пабітых, дэмаралізаваных людзей. Хтосьці ня можа ўспомніць свайго імя. У кагосьці няма вока. З разьбітай галавой, са зьбітым тварам, ледзь клыпаюць, крывяцца ад болю. Хлопец з аблітымі нейкай белай дрэньню валасамі трымаецца мужна, дае інтэрвію журналістам. Зусім маладзенькі хлапчук зь сінімі рукамі і заплылым вокам, яму выклікаюць «хуткую» валянтэры. Кожны раз кідаюся да групы выпушчаных, шукаю свайго сына і гадаю, якія калецтвы ў яго будуць, у думках малюся невядома каму, каб калецтвы былі ня вельмі страшнымі. Разумею, што будзе пабіты, магчыма, пакалечаны, толькі ня ведаю, наколькі моцна.
Да сямі гадзін раніцы валянтэры перадаюць зьвесткі ад невядомых супрацоўнікаў турмы, што больш сёньня нікога ня будуць выпускаць. Пасьля бяссоннай ночы ў поўным ступары еду дадому пісаць, тэлефанаваць, высьвятляць, балазе, ёсьць інтэрнэт.
14 жніўня працягваю высьвятляць, дзе мой сын. Зьяўляецца інфармацыя, што многіх з Акрэсьціна адправілі ў Жодзіна, у Слуцак. Адганяючы самыя страшныя думкі, спрабую датэлефанавацца ў РУУС Савецкага раёну, у суды, праваабаронцам, пішу па ўсіх адрасах, якія ёсьць на праваабарончых сайтах, дзе могуць дапамагчы з інфармацыяй. На “Фэйсбуку” вывешваем фатаздымак сына з просьбай дапамагчы вызначыць месцазнаходжаньне.
Тэлефаную знаёмаму супрацоўніку міліцыі. Праз паўгадзіны ён мне паведамляе, што ўчора быў суд, сыну далі 11 сутак, пакуль ён на Акрэсьціна, але 99%, што яго павязуць у Жодзіна. Сьмяротны страх за сына крыху адпускае, нешта канкрэтна становіцца вядома, ды і пра Жодзіна ёсьць станоўчыя водгукі, цягне на 10 балаў сярод турмаў. Там ня б’юць і нават кормяць.
Зноў пачынаю непакоіцца: а ці дакладныя гэтыя зьвесткі? І як быць з абяцаньнем Барсукова выпусьціць усіх? Абзвоньваю суды. У Савецкім няма зьвестак пра майго хлопчыка, раяць тэлефанаваць у Вярхоўны, усе зьвесткі там. Дазвоньваюся да Вярхоўнага. Нахабная цётка адказвае: глядзіце на сайце. Я ёй тлумачу, што на сайце суды за 11-га, а мой асуджаны, па чутках, 13-га. У адказ: чакайце, не пасьпяваем напісаць сьпісы. Тут ужо я выбухаю (дарма, трэба заўсёды быць зь імі стрыманым): вы столькі пасьпелі асудзіць, што за паўдня не пасьпелі ўсе імёны ўбіць у эксэлеўскі файл? Колькі ж кожны суд доўжыўся? У адказ пакрыўджанае сапеньне, завяршаю званок.
У Фрунзэнскім судзе вельмі ветлівая дама нарэшце дае першыя афіцыйныя зьвесткі: так, асуджаны на 11 сутак, як мяркуецца, на Акрэсьціна, удакладняйце. “Дзе???” -- “У РУУС”. Дазваніцца немагчыма. Высьвятляецца, што адкрываецца гарачая лінія, дзе будуць даваць апэратыўныя зьвесткі пра месцазнаходжаньне арыштантаў. Праз 15 хвілін упартых спробаў датэлефаноўваюся. Мэгаветлівая дзяўчына адказвае, што майго сына няма ў ніводным са сьпісаў. Так, быў на Акрэсьціна, але яго цяпер ужо, мяркуючы па ўсім, адпусьцілі.
Ляцім з мужам на Акрэсьціна. Пытаемся ва ўсіх валянтэраў, ці выпушчаны такі. Адказваюць, што запісваюць усіх, але нашага не выпускалі. На дзьвярах каля ЦІПа вісіць сьпіс. Ура!!!! У ім ёсьць наш хлопчык. Ніколі ня думала, што так парадуюся імю свайго дзіцяці ў турэмным сьпісе. Зьяўляецца пэўнасьць. Чакаць. З брамкі выпускаюць малымі групкамі хлопцаў. Іх стан горшы, чым у тых, каго выпускалі ноччу. Валянтэры аказваюць ім усялякую дапамогу. Некаторыя палохаюцца, спрабуюць уцякаць ад валянтэраў, хоць тыя спакойныя і ветлівыя. У тых, хто прабыў у засьценках некалькі дзён, часта неадэкватная рэакцыя.
З варот выяжджаюць тры аўтазакі. Турэмнікі перадаюць сьпісы з тымі, хто ў іх. Наш хлопчык у сьпісах ня значыцца. Валянтэры папярэджваюць, што ў сьпісах можа быць недакладная інфармацыя праз блытаніну, якая робіцца ў турме. Дакладна нічога невядома.
Валянтэры на машынах накіроўваюцца за аўтазакамі. Вядома, што зьняволеных з аўтазакаў выпускаюць па два-тры чалавекі ў самых розных частках гораду. Валянтэры іх прывозяць назад да Акрэсьціна, каб аказаць дапамогу і адзначыць у сьпісах вызваленых. Пабітыя брудныя людзі ў ірванай скрываўленай вопратцы, бяз грошай і дакумэнтаў, – выдатныя кандыдаты на новы арышт. Таму вельмі важна ўсіх выявіць.
Пастаянна правяраю ўсе сьпісы: адпушчаных, якія засталіся, у лякарнях. Адзіны сьпіс, у якім ён ёсьць – на дзьвярах турмы. Сьпіс абнаўляюць. У ім няма нашага дзіцяці! І сярод адпушчаных няма! У мяне цёмна ў вачах – увесь дзень блыталі сьляды, яго імя то зьяўлялася, то зьнікала. Хутчэй за ўсё, яго забілі да сьмерці, раз яго няма нідзе, я пра яго нічога не магу даведацца. Я рыдаю так, што здаецца, цяпер ужо для мяне ўсё скончыцца. Ад гэтага болю выратаваньне адно – разьбіць галаву аб суседняе дрэва, толькі няма сіл устаць. Мяне суцяшаюць псыхолягі, пояць чымсьці супакойлівым. Я стараюся ўзяць сябе ў рукі, атрымліваецца дрэнна, мая бурная фантазія малюе такія страшныя карціны зь міксу таго, што я бачыла за ўсю ноч і ўвесь дзень, што сьлёзы ручаём цякуць. Я люта матаю галавой, каб адагнаць гэтыя страшныя карцінкі. Усё жыцьцё майго хлопчыка праходзіць у мяне перад вачыма. Я яго нараджала, любіла, вучыла, клапацілася, сябравала зь ім, слухала яго музыку, чытала яго артыкулы і ганарылася – а цяпер нелюдзі забілі яго палкамі? Гэта немагчыма, гэта не са мной адбываецца.
У гэты час з варот выяжджае яшчэ адзін аўтазак. Я рвуся ехаць за ім. Мяне ўтрымліваюць: “Куды? Толькі ў ДТЗ трапіце ў такім стане”. Суцяшаюць мяне, кажуць, за аўтазакам імчацца машыны з валянтэрамі. Спрабую дакладна гаварыць зь юрыстамі, высьвятляю, што я магу зрабіць далей. Зьбіраю шаблёны нейкіх заяваў, дакумэнтаў. Трэба змагацца далей.
Званок на тэлефон. Гэта мой сын!!!! Ён быў у апошнім аўтазаку, валянтэры яго прывезьлі назад на Акрэсьціна!!!!! Абодва вокі ў яго падбітыя, на твары рваная рана, брудныя валасы вісяць нейкімі жмуткамі (амапавец стрыг у аўтазаку нажом), астатніх калецтваў пад адзеньнем не відаць. Але ён жывы, са мной і вельмі радасна ўсьміхаецца.
Дзякуй маім цудоўным сябрам, маім дарагім калегам, майму стойкаму мужу, які ўвесь час быў побач са мной. Дзякуй усім знаёмым і незнаёмым, хто падтрымліваў словам, парадай, спачуваньнем. І асобны нізкі паклон валянтэрам. Колькі змагу, буду ім дапамагаць“.
„Мужчыны-супрацоўнікі білі нас дубінкамі, жанчыны — нагамі“
Уладзіслаў, Мазыр:
„З 9 жніўня ў нас у горадзе пачаліся мірныя акцыі, яны праходзілі спакойна, але затрыманьні былі жорсткія. 9-га прайшло больш-менш гладка, але 10 і 11-га было страшнавата. 11-га нам у сьпіны пачалі кідаць сьвятлашумавыя гранаты ці ўзрыўпакеты, і ў супрацоўнікаў пацярпела машына -- хтосьці зь людзей закідаў аўтазак камянямі.
Мяне затрымалі 12 жніўня, на наступны дзень пасьля мітынгаў. Я сядзеў у кавярні, напісаў у «Мазыр 97» (у нас група такая), дзе буду сядзець і як буду апрануты, з надзеяй, што падыдуць хлопцы, аднадумцы, мы пагаворым, знойдзем агульныя тэмы, абмяняемся інфармацыяй. Праз хвілін 30-35 у кавярню зайшлі супрацоўнікі, яны былі ў форме. Не прадставіліся і папрасілі мяне прайсьці разам зь імі. У кавярні яшчэ сядзеў хлопец-фатограф, ён рабіў сваю працу, яго таксама затрымалі. Прычым груба. Мяне затрымліваў адзін супрацоўнік, яго заломвалі двое.
Нас даставілі ў РАУС, завялі на трэці паверх, паклалі тварам на падлогу, забралі тэлефоны і пачалі з ужываньнем спэцсродкаў выбіваць паролі ад тэлефонаў. Хлопец даў свой пароль адразу, я крыху трымаўся. Білі дубінкамі ніжэй пояса. Азадак, ногі, лыткі. Пакуль мяне білі, рукі былі за сьпінаю; спрацаваў рэфлекс, я спрабаваў прыкрыцца ад дубінкі -- і мне перабілі зьвязкі на левай руцэ.
Потым адправілі на допыты. Са мной размаўлялі асобна, там чалавек 7-8 сядзелі ў пакоі. Ціснулі псыхалягічна і маральна, запалохвалі. Пагражалі крымінальным артыкулам, што я арганізатар таго, што ў нас у горадзе адбывалася. Патрабавалі, каб я называў імёны і прозьвішчы, хто арганізатары груп, чаму і навошта я плаціў людзям грошы. То бок тое, чаго я ня мог ведаць, бо я звычайны чалавек.
Далі падпісаць нейкія паперы. З усіх папер я дакладна памятаю, што падпісаў свае паказаньні. Пасьля мяне завялі ў будынак насупраць. Супрацоўнікі называлі гэты будынак «Страной для жизни». Там нас білі. Паклалі зноў жа тварам на падлогу, тварам адзін аднаму ў азадак. Зрабілі такі ланцужок з нас. Там быў я і яшчэ трое хлопцаў. І проста білі дубінкамі. Жанчыны-супрацоўніцы зьбівалі нас нагамі. Гэта ўсе былі супрацоўнікі РАУС.
Па часе гэта цягнулася хвілін 20, можа болей. Там быў страчаны лік часу. Потым мяне завялі ў ІЧУ і пакінулі на суткі. На наступны дзень у мяне быў суд, мяне асудзілі на 15 сутак. Я папрасіў мэдыка, прыйшла дзяжурная фэльчарка, агледзела мяне, сказала, што ў мяне, магчыма, пералом, а магчыма, трэшчына. Але дапамогі там мне ніякай не аказалі.
Твараў тых, хто біў, я не разгледзеў, бо не падымаў галаву, гэта было забаронена.
Пакуль я сядзеў на сутках, мяне выклікаў сьледчы і сказаў, што на мяне завялі крымінальную справу паводле арт. 342, ч. 1 КК як на арганізатара масавых беспарадкаў. Праз тыдзень, як мяне выпусьцілі, у мяне дома быў ператрус і забралі ноўтбук. Пасьля гэтага адвакат, якога я наняў, сказаў, што маю справу меліся адправіць у Гомель і там вырашыць, але ніякіх рашэньняў Гомель не прыняў, справу пераслалі назад у Мазыр, і ўжо вырашаць будзе Мазыр. Мне прыйшлі выклікі ў пракуратуру і Сьледчы камітэт, і я прыняў рашэньне зьехаць у Варшаву.
Мне дагэтуль страшна. Не за сябе, а за хлопцаў, якія засталіся ў Беларусі і працягваюць змагацца“.
„Судзьдзя Жуковіч паразважала пра мастацтва пэрформансу і прысудзіла 15 сутак“
Надзея Саяпіна, мастачка:
„Я не адразу зразумела, у чым мяне абвінавачваюць, бо пэрформанс быў 15 верасьня, а мяне забралі 7 верасьня, прайшло больш за тры тыдні. Спачатку адвезьлі ў Савецкае РУУС.
Адзінае, што я ўзгадала, што ў той дзень мяне не было ў горадзе. І толькі калі я падпісала пратакол, убачыла фота з маёй старонкі ў фэйсбуку з пэрформанса, дзе я стаю зь іншымі людзьмі, якія трымаюць фота зьбітых людзей. Гэта быў пэрформанс супраць гвалту. Пэрформанс нагадваў больш хвіліну маўчаньня, чым дзеяньні. Гэта была акцыя з фатаздымкамі зьбітых сілавікамі людзей. А я нібыта ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і выкрыквала лёзунгі.
Мяне звазілі дадому на ператрус. Былі два панятыя, міліцыянты ў цывільным, відэазапіс. Забралі старыя тэлефоны, нават разьбітыя, флэшкі, непрацоўны ноўтбук, старыя вінчэстэры. Паглядзелі малюнкі, паперы, але іх не забралі.
Завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. На наступны дзень адбыўся суд праз скайп, дзе асноўным сьведкам выступаў міліцыянт Яўген Шчурко, які быў у масцы, а рапарт пра падзеі 15 жніўня напісаў толькі 3 верасьня. Ён ня памятаў, у што я была апранутая, казаў пра бел-чырвона-белыя сьцягі і лёзунгі — якіх не было, пра што сьведчаць і фотарэпартажы з пэрформансу ў СМІ.
Судзьдзя Алена Жуковіч паразважала пра мастацтва пэрформансу і прысудзіла 15 сутак арышту. Два дні я правяла ў ЦІПе на Акрэсьціна, а 10 верасьня мяне перавялі ў Жодзіна.
Камэры на Акрэсьціна былі на 6 чалавек. У Жодзіне — на 10. Усе супрацоўнікі дзеляцца на тых, хто проста выконвае свае абавязкі і інструкцыі, і тых, хто свае паўнамоцтвы перавышае. Некаторыя запалохвалі, выказваліся нецэнзурна.
Большая частка зьняволеных — так званыя «палітычныя». Былі і па іншых артыкулах: некага пазбавілі бацькоўскіх правоў па дэкрэце № 18, некаторыя сядзелі за крадзеж.
Адна жанчына паводзіла сябе даволі агрэсіўна: маўляў, калі прыводзяць у камэру палітычных, астатніх не выводзяць на прагулкі. Яна сварылася і з аховай. Да мяне адна дзяўчына (таксама „палітычная“) сядзела зь пяцьцю вязьнямі па іншых артыкулах, дык яны яе „гнабілі“, пагражалі, прымусілі адну ноч спаць на падлозе. Калі палітычных паболела, перасталі.
Сядзелі дзяўчаты-„айцішніцы“, якія ўдзельнічалі ў сваіх акцыях у абарону ПВТ, былі дзяўчаты са сфэры культуры. Дзякуючы іх моцы, падтрымцы, настрою эмацыйна было больш-менш стабільна. Чыталі, кантактавалі. Былі сьлёзы, але няшмат, мы стараліся трымацца, спакойна рэагаваць на супрацоўнікаў. Нават выхоўвалі іх — прасілі ня лаяцца матам, не пагражаць нам.
У ЦІП на Акрэсьціна перадачы даходзілі нармальна, нават пасьля дазволенага часу. У Жодзіне — толькі па серадах. Кнігі, калі там штосьці падкрэсьлена, маглі не прапусьціць. Прадуктаў усім перадавалі вельмі шмат, таму ніхто не галадаў. Былі валянтэрскія перадачы са сродкамі гігіены.
Порцыі даволі вялікія, у цэлым ежа нармальная. Былі людзі, якія спрабавалі пісаць заявы на галадоўку, але не ва ўсіх іх прымалі: потым за знаходжаньне ў ізалятары нам давядзецца плаціць. У Жодзіне ежа была значна лепшая, чым на Акрэсьціна. На сьняданак, абед і вячэру давалі гарачую гарбату ці кампот. А на Акрэсьціна гарачае пітво было толькі раніцай.
На Акрэсьціна за 3 дні не было ні прагулак, ні душа — там не было гарачай вады. А ў Жодзіне двойчы быў душ. З прагулкамі цяжэй — за 12 дзён толькі 3 прагулкі.
Эмацыйны стан незразумелы. Калі знаходзісься там, адключаесься, што ёсьць іншая рэальнасьць — свабода. Шукаеш нейкія радасьці, эмоцыі там. Падтрымлівалі сябе жартамі кшталту «не сядзеў — не беларус», быў вясёлы баявы настрой.
А цяпер ёсьць пэўны страх. Пакуль адчуваньні складаныя. Баюся пагружацца ў сацсеткі. Але я ў шоку ад той колькасьці падтрымкі, якая была пасьля арышту. Я вельмі ўражаная! Больш за 500 чалавек з 7 краін сьвету патрабавалі мяне вызваліць, падпісалі адкрыты ліст“.
„У турэмным дворыку мы, 100 чалавек, стаялі з трох раніцы да васьмі вечара“
Павал Харланчук, актор:
„Першы раз я трапіў на Акрэсьціна ў 2006 годзе, пасьля намётавага мястэчка. Тады брутальшчыны не было і не абражалі «чмо, жывёлы», як цяпер. На Акрэсьціна тады і перадачкі былі, і адносіны. Цяпер здаецца, што супрацоўнікі, якія там былі, ставіліся па-чалавечы, нават з разуменьнем.
Другі раз, цяпер, я апынуўся на Акрэсьціна… ну вось проста. Калі ў 2006 годзе я дакладна выходзіў на мірную акцыю, дык гэтым разам я ішоў дадому. А ўсё вакол сталі ачэпліваць. Мне трэба на Дзяржынскага туды ўніз — мэтро не працуе, інтэрнэту няма. Я іду на Дзяржынскага — перакрыта, я іду ў бок Нямігі — перакрыта. Там пачынаецца нейкае дзеяньне, каля ГЦ «Галерэя». Я іду ў бок Макдональдса — перакрыта. Спускаюся, іду праз вакзал, Бабруйская, там зноў перакрыта. Іду ў бок Кальварыйскай. Там таксама перакрываюць. Я іду міма, у бок Пушкінскай. Тэлефаную жонцы, кажу: “Ганна, калі я знайду таксі, я прыеду; калі не знайду, ты мяне тады сустрэнеш”. -- “Добра”.
Потым я бачу, як прарываецца машына “БМВ” на Пушкінскай, яе абстрэльваюць, спыняюць пасярод скрыжаваньня. Дым нейкі. Я гэта сфатаграфаваў. Людзі стаяць. Вэвэшнікі нешта робяць. І недзе там далёка нешта пачало страляць.
Я спускаюся да гатэля «Арбіта», мне вайскоўцы кажуць: “Куды вы ідзяце? Ідзіце туды”. Я кажу: “Куды?” — “Вунь там каля Макдональдса пераходзьце”. Я пераходжу на другі бок, спускаюся ў пераход. І тут — сьвятло ў вочы, руля ў твар: “Стаяць! Хто такі?” — “Іду дадому”. Ну і пачынаецца, нібы я сапраўды нейкі бандыт: “Што гэта такое? Што ў цябе там? Давай дакумэнты!” Я суну руку ў сваю сумку. “Не, выварочвай!” Я выварочваю. “Пашпарт!” — “Вось пашпарт”. — “Дзе жывеш?! — “Багатырова”. — “Дзе гэта?” Я паказваю: “Там”. Ён гартае пашпарт, кажа: “Што ты хлусіш? Ты жывеш не ў Багатырове, ты жывеш у Юхнаўцы”. Я кажу: “Пачакайце, якая Юхнаўка?” А ў мяне на пячатцы пра шлюб прозьвішча маёй жонкі — Южакова. А вось, кажу, мая прапіска — Багатырова. “Што ты тут робіш?” — “Я іду з працы. Я працую ў цэнтры”.
“Тэлефон паказвай!” Я паказваю. “А, усё ясна!” А ў мяне фотка гэтага дыму. Ну ўсё. Двое пад пахі. Насустрач выбягаюць ужо такія напружаныя. Гэты, што мяне вядзе, кажа: “Спакойна, ён спакойны”. І я апынаюся ў аўтазаку. Сумку кідаюць у адзін бок, з тэлефонам, пашпартам, партманэтам, ключамі. А я ў клетцы, сем чалавек, у тым ліку і кіроўца гэтага “БМВ” няшчаснага, якога пасьля так прынялі на Акрэсьціна, так жудасна! Мы пад’ехалі, адчыняюць дзьверы і адтуль адразу: “БМВ, у каго БМВ?” Туды ўжо паведамілі, што вязём кіроўцу “БМВ”, і яго там жорстка прынялі.
Мы пайшлі з аўтазакаў. Рукі за сьпіну, галаву ніжэй, ніжэй, ніжэй. Ты прабягаеш «калідор», кудысьці б’юць, мне канкрэтна — па сьпіне, локці, назе. Самае балючае — па локці папалі, там нейкая нэрва. Потым на каленях стаіш, рукі ўгору. І хто задае пытаньне, адразу атрымліваюць удары. «Скажыце, можна спытаць?» — ту-дух. «Дык я толькі спы…» — ту-дух. «Рот закрой, животное», вось гэта вось усё прыніжэньне. Перасоўваемся на каленях. Потым было апытаньне, мы недзе каля гадзіны там на каленях, апытаньне — хто, адкуль.
Потым зноў «калідор» ужо ў будынку, таксама на каленях. Здымаць усё зь сябе — гадзіньнік, акуляры, папругу, матузкі. І ўсё, павялі… Але гэта ня камэра, гэта дворык для прагулак, мэтраў 50 квадратных, і там вельмі шчыльна стаялі сто чалавек. І мы так стаялі з трох раніцы да васьмі вечара. Спрабавалі сесьці, неяк спаць. Нехта проста ўжо лажыўся на бэтон, бо ня мог стаяць. Нам адзін раз далі бохан хлеба, адзін раз. Мы так зразумелі, што гэта абед. Давалі ваду ў двух двухлітровіках. Ні пра якую пандэмію размовы няма… Я, праўда, ня піў гэтай вады, бо сам не вадахлёб. І бязь ежы для мяне не праблема. Але стаяць цяжка. Сьпіна дранцьвее.
Людзі побач са мной былі такія самыя выпадковыя, як і я. Я гляджу — там пэнсіянэр у спартовым строі. Я кажу: “Вас за што? Вы рыхтаваліся?” — “Я сьмецьце выносіў”. У двары выносіў сьмецьце, падбеглі два дзецюкі, пасьля ён бачыць, што там амапаўцы ідуць. Гэтыя дзецюкі ўцяклі, дзеда запакавалі. Другі. Жыве ў цэнтры. Выйшаў, пабачыў амапаўцаў, сфатаграфаваўся на фоне іх, набраў сваёй сяброўцы… кашулька, шорцікі… Яго запакавалі.
Быў там адзін дзядзечка-таксіст, які на крык аб дапамозе спусьціўся дзесьці ў раёне “Пушкінскай”. Там, як ён казаў, хлопцу адарвала нагу ці ступак сьвятлашумавой гранатай. І ён спусьціўся дапамагчы. Першая партыя амапаўцаў падбегла, мэдыкі яго адбілі, сказалі, што гэта наш. І тады ён дапамог мэдыкам занесьці хлопца ў машыну. Другая партыя ўсё адно яго “запакавала”.
Былі там сьмешныя хлопцы з Гомля, дарэчы, зь Сяльмашу. Адзін з вухам разьбітым, другі з такім во фінгалам. Яны стаяць такія: “Ды ну яго на фіг, гэты БРСМ!” Я кажу: “У якім сэнсе БРСМ?” — “ Ды нас запрасіла БРСМ на экскурсію ў «Атлант». Мы схадзілі і потым дзяўчына нас запрасіла прагуляцца да Камсамольскага возера. Ну мы ішлі… А аўтазакі стаялі паўсюль. Міма іх немагчыма было прайсьці, там паўсюль было ачэплена. Мы ішлі, чалавек восем амапаўцаў прамінулі, ідзём далей. І тут нам насустрач з карабінам: «Суки, на пол!» Мы пераглянуліся, думалі, сьмяецца. А ён: «На пол!». Ну мы леглі, і яны давай прасаваць. Потым яшчэ і гэтыя восем далучыліся”. Я яшчэ кажу: “Ну хоць пагулялі там, дзяўчына хоць прыгожая была?” Ён кажа: “Ды максымальна страшная”. А адзін такі здаровы стаіць, кажа: “Я б адзін на адзін з гэтым амапаўцам выйшаў. А так я ляжу, а яны кажуць: “Глядзі, які здаровы”. І гэта як бы галоўная прычына мясіць. Ну ні за што. Гэта проста такая акцыя застрашэньня была, я так разумею”.
Потым нас вядуць у камэру, я быў 60-м у камэры. Я калі заходзіў, мне сказалі: “О, шасьцідзясяты!” У мяне там гісторыя была, што адзін супрацоўнік у масцы пазнаў мяне з фільма «Участак лейтэнанта Качуры». І ён хацеў неяк аблегчыць маю долю, неяк дапамагчы. І дапамог. Калі нас раніцай выводзілі, зноў жа галавою ўніз, чалавек 15 з розных камэр, ён мне сказаў на вуліцы ўжо: “Пасядзі” ці “Пастой”, я ўжо ня памятаю. А іншым загадалі ісьці “на размову”. Размова гэтая была, як мне пасьля сказаў адзін сукамэрнік, што іх паклалі тварам у падлогу і мясілі. Білі так, што шорты парвалі. І так ён мяне вызваліў ад гэтай размовы.
Потым ён адчыніў дзьверы: “Дойдзеш?”-- “Дайду”. Без матузкоў, без дакумэнтаў, без пратаколу, без абвінавачаньня я кудысьці пайшоў… Я толькі потым зразумеў, што я быў на Акрэсьціна. У сьпіну ён сказаў мне: “Не трымай зла”.
А па вуліцы ўжо ідзеш, глядзіш: гэты без матузкоў, гэты без папругі. На прыпынку дзяўчына стаіць: “А вы з Акрэсьціна”. Я кажу: “Так”. Яна кажа, што выклікала таксі. Я пытаюся: “А вас за што?” — “Я пайшла паглядзець вынікі выбараў. З АМАПам забралі”.
Ня мог падумаць, што так будзе і ў такой колькасьці. І я чуў, калі стаяў на вуліцы, як там хлопцаў за тое, што яны грукалі ў дзьверы і крычалі «Свабоду!», як іх мясілі. Іх вывелі і там, за сьценкай: «На калені! Стаяць!» і вельмі жорстка білі.
Такую нянавісьць я бачыў толькі аднойчы: калі праводзіў дзяўчыну ў Гомлі ў прыватны сэктар, і на зваротным шляху сабака высунуў пысу з-пад плоту і аж заходзіўся да сутаргаў ад такой нянавісьці, якая проста табе перадаецца. Вось толькі тады я такое адчуваў. Я ня ведаю, як іх накруцілі, што ім нагаварылі… Каб так прымаць свой народ. Можа, яны елі нешта, парашкі нюхалі нейкія. Ня ведаю“.
„Калі мяне затрымалі, мне выгалілі крыж на патыліцы“
Максім Каралеўскі, айцішнік, Менск:
„Мяне затрымалі ў ноч з 11 на 12 жніўня, калі ехаў на ровары каля Палаца спорту. Гэта адбылося блізка да поўначы, калі не было ніякіх пратэстаў, а вуліца была пустой.
Гэта было беззаконьне і катаваньні, чыніўся фізычны, маральны і псыхалягічны ціск. Нас спачатку паставілі на калені на ноч, потым зачынілі ў тую прагулачную камэру — нас там было 127 асобаў. Нам не давалі вады, у нас не было ежы, было вельмі холадна, але ўсім на гэта было пляваць. Нас пастаянна абражалі, а за любы лішні рух або просьбу лёгка „прылятала“ дручком. У адказ на просьбы аб адвакаце, справядлівым судзе і нязгоду са зьместам пратаколу таксама маглі моцна пабіць.
З турмы на Акрэсьціна мяне вызвалілі на наступны дзень пасьля прыезду туды намесьніка міністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова, без пратаколу і суду.
У мяне ў асноўным былі сінякі, множныя гематомы на сьпіне, на нагах, на сьцёгнах, на твары. Калі мяне затрымалі, мне выгалілі крыж на патыліцы. Я ня ведаю і не разумею, навошта яны гэта зрабілі, бо ў мяне валасы не былі доўгія. Гэта быў проста гвалт дзеля гвалту. Мне таксама парэзалі шорты і загадалі разблякаваць тэлефон. Але яны зрабілі гэта самі, маім пальцам, бо мой тэлефон кіраваўся датчыкам ідэнтыфікацыі адбітку пальца.
Я зьвярнуўся з заявай у Сьледчы камітэт аб незаконным затрыманьні і зьбіцьці. Мы з адвакатам змаглі ў Цэнтры судмэдэкспэртызы задакумэнтаваць пабоі, але на гэта ніяк не адрэагавалі. Няма ніякага руху ў гэтай справе, мяне не выклікалі і для дачы сьведчаньняў.
Апроч таго, у мяне скралі ровар і рэчы з заплечніка — велазамок і інструмэнты.
Мяжу я перасякаў на пачатку верасьня, калі ўкраінскі ўрад ухваліў рашэньне аб закрыцьці межаў у сувязі з эпідэміяй каранавірусу, пакінуўшы беларусам магчымасьць уезду толькі «на гуманітарных падставах». Я доўга шукаў магчымасьцяў, каб выехаць разам з коткай і сабакам, і лічу, што мне пашанцавала.
Вядома, гэта было няпроста, але я нізавошта іх ня кінуў бы і зрабіў бы ўсё, каб мы пасьпяхова праехалі мяжу. Папраўдзе, на мяжы праблемаў не было — яны ў мяне выхаваныя, у маршрутцы ехалі спакойна, усю дарогу ляжалі адпачывалі. Мяжу мы прайшлі, бо ў нас усё-ўсё было — чыпы, вакцыны, пашпарты, даведкі... Больш праблемаў было, каб знайсьці транспарт, і тут, у Кіеве, з пошукам кватэры, бо цяжка з такім „сямействам“ шукаць жытло.
Транспарт знайшоў праз інтэрнэт, зьмясьціў фота са сваімі гадаванцамі, сказаў, што шукаю транспарт да Кіева, і ў адзін дзень, калі ўжо былі навіны пра тое, што ўкраінскі ўрад будзе садзейнічаць пераезду беларусаў, гэта было 3 верасьня, я рашыўся на пераезд. У мяне было запрашэньне на працу, але на мяжы ў мяне пра яго не запыталі. Я паказаў толькі пашпарт і страхоўку, якая пакрывае COVID-19. Больш нічога не пыталіся. Гэта вельмі пасьпяховы выпадак, бо потым я чуў, што на мяжы пачалі прасіць пэўныя дакумэнты. Але мне пашанцавала.
Спадзяюся, што мой пераезд ва Ўкраіну будзе часовай зьявай. Калі зьменіцца рэжым, я з радасьцю вярнуся ў Беларусь, каб працаваць на новую краіну“.
„Сказалі, калі не зьніму заручальнага пярсьцёнка, мне адрэжуць палец“
Настасься:
„9 жніўня я была на выбарчым участку. Пасьля таго, як прагаласавала, я засталася ў памяшканьні, каб дачакацца свайго мужа з працы.
Было шэсьць гадзін вечара. Я інвалід, таму дырэктарка мэдыцынскага каледжу прынесла мне крэселка, каб мне было ня цяжка стаяць. Так я апынулася побач з назіральнікам. У гэты час да памяшканьня пад'ехаў АМАП, пачаў затрымліваць назіральнікаў. Да іх, хутчэй за ўсё, прылічылі і мяне. Спачатку нас проста пакаталі па раёне, а потым перасадзілі ў міліцэйскую машыну. А сёмай вечара нас адвезьлі на Акрэсьціна.
У аўтобусе супрацоўнік міліцыі пастаянна зьвяртаўся да дзяўчат з пытаньнямі: «Чаму вы сюды пайшлі? Чаго вы баршчоў дома ня варыце?» З простымі абразамі мы не сутыкаліся да самага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў.
А вось на Акрэсьціна ўсё гэта мы чулі направа-налева. Хлопцаў увесь час называлі жывёламі, а дзяўчат – «хатнімі хамячкамі». Калі праводзілі агляд, сказалі ўсё зь сябе зьняць. У мяне на пальцы быў заручальны пярсьцёнак, ён не здымаўся. Мяне папярэдзілі, што, калі я яго не сьцягну, мне адрэжуць палец. І я зьдзерла скуру ў кроў, спрабуючы гэта зрабіць. Пасьля гэтага нас адправілі на трэці паверх у камэру нумар васямнаццаць.
З гэтага моманту пачалося самае цяжкае. Мяне зьмясьцілі ў камэру, дзе ўжо было 35 чалавек.
Да нашых дзьвярэй і сьцяны дэманстратыўна падводзілі хлопцаў і пачыналі біць. А нам пры гэтым крычалі: «Слухайце, зараз мы будзем біць вашых «змагароў»». Чуць гэтае зьбіваньне было вельмі страшна, яно праходзілі нейкімі хвалямі. Выйдуць – пакараюць – адвядуць. Хтосьці з хлопцаў крычаў, хтосьці трываў удары моўчкі. Я добра памятаю, як яны вывелі аднаго хлопчыка. З гукаў было ясна, што яго бʼюць, а ён маўчыць. Потым хтосьці крыкнуў: «Сардэчна запрашаем у талерантную краіну, жывёла!» Пасьля гэтых слоў нешта вельмі моцна ўдарылася ў нашу сьцяну – хутчэй за ўсё, гэта яго штурханулі так моцна. Але для мяне было самым страшным, калі я пачула, як нейкаму мужчыну пракрычалі: «Трымайся, цяпер ты будзеш прымаць у зад».
Да дзяўчат у камэрах сілы не ўжывалі. Толькі папярэджвалі, каб мы не шумелі і «не рабілі сабе горш». Казалі: «Будзеце сядзець ціха – ня будзе праблем». Мы стараліся маўчаць. А вось у суседняй камэры дзяўчаты “адграбалі” пастаянна: іх ня білі, але моцна прыніжалі. Калі нас кудысьці вялі па Акрэсьціна, па дарозе пастаянна зьневажалі: называлі «кончанымі», «шлюхамі» і «жывёлінамі».
Зараз мне складана ўспомніць, што яшчэ казалі наглядчыкі. Але дзьве характарыстыкі, якімі дзяўчат дакаралі пастаянна, запомніліся добра – «праплочаныя» і «майданутыя». Такім чынам супрацоўнікі ЦІПу «вучылі затрыманых рабіць правільны выбар».
На Акрэсьціна нам не давалі ні ежы, ні вады – мы перабіваліся сьмярдзючай вадкасьцю з-пад крана. Усе былі ўжо ў такім стане, што пілі з адных бутэлек, перадавалі іх па руках. У камэры на чатырох 36 чалавекам не хапала паветра. Мы зразумелі, што задыхаемся, калі ўсе рэзка аслабелі і селі на падлогу. Пацямнела ў вачох, мы пачалі засынаць. Разумееце, у нас нават элемэнтарна не было туалетнай паперы. На просьбы даць нам кавалачак з-за дзьвярэй адказвалі: падцірайцеся сваімі рэчамі. Ад гэтага многія дзяўчаты трывалі і не хадзілі ў туалет. Я таксама трывала да апошняга, пакуль у мяне не пачаліся спазмы.
Акрамя таго, што мы не маглі атрымаць ад сваякоў перадачы, нам таксама не аддавалі лекаў. Адна жанчына з цукровым дыябэтам не прымала прэпаратаў і рызыкавала сваім здароўем.
Потым нас перавялі ў камэру на трэці паверх, там сядзелі 23 чалавекі. Мы ўбачылі, што ў дзяўчат мокрая падлога. Яны расказалі, што прасілі падыхаць і даць ім таблетак, а ў адказ на іх вылілі вядро вады. Дзяўчаты задыхаліся ня толькі ад нястачы паветра, а яшчэ і ад выпарэньняў. Аднойчы нейкі хлопец усё ж такі зьлітаваўся і вывеў нас падыхаць. У гэты момант мой арганізм вырашыў: усё, хопіць, – і я страціла прытомнасьць. Я выцялася галавой і засталася ляжаць на кафлі. Гэты хлопец перанёс мяне на плед, але я ўсё роўна пасьпела прастыць. А калі расплюшчыла вочы, зразумела, што ад удару ў мяне пагоршыўся зрок.
Празь нейкі час дзяўчаты зноў папрасілі падыхаць. Мы ня ведалі, што ў ЦІПе адбылася перазьменка і ранейшы наглядчык ужо сышоў.
Дзьверы адчыніліся, на нас вылілася вядро халоднай вады. Палівалі, як сьвіней. У цябе быў выбар: ляжаць на падлозе ў лужыне і схапіць запаленьне альбо стаяць і спаць па чарзе. Мы выбралі другі варыянт. Да таго ж усе гарызантальныя паверхні былі занятыя: мы разьмяшчаліся на тумбачках і ўнутры іх. Дык хаця б можна было схавацца ад сьвятла, якое не выключалі 24 гадзіны на суткі. Туалет дрэнна працаваў – змыць усё за такой колькасьцю людзей было амаль немагчыма. Але нават нягледзячы на гэта ўся падлога каля яго была занятая.
Тэмпэратура паветра ў камэры заўсёды была настолькі высокай, што дзяўчатам даводзілася разьдзявацца амаль дагала – усе яны сядзелі ў станіках.
Пры гэтым нам пашанцавала, што мы прыехалі самымі першымі. Самае страшнае адбывалася з тымі, каго дастаўлялі ў Акрэсьціна 11 і 12 жніўня. Аўтазакі ганялі сюды безь перапынку – людзей грузілі і грузілі.
12 жніўня нас перавезьлі ў жодзінскую турму. Умовы там былі ідэальнымі, да нас ставіліся з павагай. Ад стрэсу ва ўсіх дзяўчат пачалася мэнструацыя, дык загадчык гаспадаркі нават схадзіў нам па пракладкі. Да таго ж нас пакармілі, бо да гэтага моманту мы ня елі наогул нічога.
Перад тым, як мяне выпусьцілі, далі падпісаць пратакол. У ім было напісана, што мяне затрымалі ў 22 вечара, хоць ужо а 19-й я была на Акрэсьціна.
Я падала заяву ў Сьледчы камітэт. Нягледзячы на тое, што мяне ня білі дубінкамі, я пацярпела ад бязьдзейнасьці супрацоўнікаў. Яны бачылі катаваньні, якія ўжываліся, калі мы проста прасілі глыток паветра, і ніяк не спрабавалі зьмяніць сытуацыю“.
„Тых, хто прасіўся ў туалет, білі і казалі: «Хадзі пад сябе»“
Сяргей Падалінскі, футбаліст:
„Затрымалі нас з жонкай у ноч з 9 на 10 жніўня. Мы вярталіся дадому, калі ўжо не было ніякіх беспарадкаў. З намі была пажылая жанчына на ровары. Мы падышлі да супрацоўнікаў АМАПу, каб спытаць, як бясьпечна прайсьці ў патрэбнае месца. Але па дарозе мы сустрэлі другую вялікую групу амапаўцаў, якая нас затрымала.
У аўтазаку мяне паклалі на падлогу і пачалі задаваць пытаньні: «Цябе штосьці не задавальняе?» Я казаў, што мы выйшлі за сумленныя выбары. Але ў адказ мяне білі дубінкай. Потым пераключаліся на майго суседа.
Свой апошні сэзон я адгуляў за каманду «Дынама», яна належыць да МУС. Таму адзін амапавец сказаў, што асабіста выведзе мяне з аўтобуса — каб ня білі. Нас прывезьлі на Акрэсьціна. Я адзіны выходзіў з аўтазака з паднятай галавой — на гэтым прывілеі закончыліся.
Гэта ня людзі, а жывёліны. Яны ўсіх людзей паставілі на калені ўздоўж агароджы. Мордай у зямлю ці агароджу. Пастаялі мы так гадзіны дзьве. Потым пачалі штурхаць і затым зноў паставілі на калені. Тых, хто прасіўся ў туалет, білі і казалі: «Хадзі пад сябе».
Калі пачалі пераводзіць нас у камэру, прымусілі разьдзецца да трусоў. «Ракам сталі!» — раўлі. Гэта было трэба для вобшуку. 21 чалавека запхнулі ў камэру. Было цесна, сядзелі і стаялі па чарзе.
На другія суткі нам прапанавалі падпісаць пратаколы, каб выйсьці на свабоду. Мы пагадзіліся, але замест вызваленьня да нас зноў заляцелі гэтыя сабакі, пабілі і адвялі нас у іншую камэру, дзе было 17 чалавек — і ўсяго нас стала 40. Мы былі, як шпроты. Форткі не адчынялі. На просьбу праветрыць камэру адчынілі дзьверы і плюхнулі вядро вады на людзей. Потым прымусілі сваёй жа вопраткай выціраць падлогу.
Аднаго хлопца там прымусілі зьняць сваю майку і выцерці сваю ж кроў з падлогі“.
„Ты разумееш, што ты ў поўнай уладзе азьвярэлага садыста“
Вольга Карач, дырэктарка міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом»:
„Мы складаем сьпіс ахвяраў рэпрэсіяў. У нас створана сьледчая група, якую ўзначальвае палкоўнік Алег Алкаеў. Ён быў начальнікам турмы ў Жодзіне, быў начальнікам расстрэльнай каманды. Цяпер ён займаецца зборам усіх злачынстваў рэжыму Лукашэнкі — асабліва з 9 жніўня. Гэта тычыцца катаваньняў, згвалтаваньняў, выкраданьняў людзей, забойстваў. Цяпер усе гэтыя зьвесткі пойдуць у парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы, у структуры ААН — офіс вярхоўнага камісара ў правах чалавека.
Гэта ўсё было: згвалтаваньні, забойствы, катаваньні, давядзеньне да суіцыду. Гэта ўсё было ў беларускіх турмах ужо ня першы год. Цяпер беларускае грамадзтва зьвярнула на гэта ўвагу. Ёсьць сэнс даціскаць, каб гэта хаця б спыніць. І шанцы, я лічу, вельмі вялікія.
Гэтая тэма ў Беларусі даволі табуяваная. Асабліва гэта датычыць мужчын. Мы дакладна ведаем, што пасьля затрыманьняў у турмах гвалтавалі ня толькі мужчын і жанчын, але і іхных дзяцей. Іх адлоўлівалі на вуліцах. Гаворка ідзе ў тым ліку і пра падлеткаў — хлопчыкаў, дзяўчатак. Хачу падкрэсьліць, што іх гвалцілі не звычайным чынам, а дубінкамі міліцэйскімі альбо бутэлькамі ці палкамі.
Ёсьць разрывы шыйкі маткі, ёсьць разрывы прамой кішкі, шэраг падлеткаў нават сталі інвалідамі.
Іншае пытаньне, што яны знаходзяцца ў даволі складаным псыхалягічным стане, вельмі складана ў гэтых справах працаваць. Ёсьць вялікая рызыка, што кожны неасьцярожны рух — і ахвяра гвалту ўчыніць суіцыд.
Я хачу падкрэсьліць, што тыя банды сілавікоў, якія арудуюць на вуліцах — гэта людзі не выпадковыя. Гэта ня проста нейкі супрацоўнік міліцыі, якому аддалі загад. Напрыклад, калі вам даць у рукі дубінку і даць загад гвалтаваць дзіця, вы нічога ня зробіце. Вы проста ня ведаеце, як гэтыя прафэсійныя катаваньні арганізаваць. А сілавікі шмат гадоў практыкаваліся на беларускіх грамадзянах у турмах. У беларускіх турмах сытуацыя з катаваньнямі нашмат горшая, чым нават у Расеі. Усе гэтыя людзі — псыхапаты. Яны псыхічна нездаровыя. Яны атрымліваюць задавальненьне ад гэтых катаваньняў.
Цяпер ахвяры гвалту ў вельмі дрэнным стане. Аж да таго, што не пазнаюць сваіх родных. Баяцца кожнага чалавека побач. Ёсьць яшчэ сем’і, якія не ідуць на кантакт. Каля 10 тысяч грамадзян зазналі катаваньні. Збор інфармацыі пра гэта пакуль толькі ідзе. Гэта цяжка, бо ўлада пачала замятаць сьляды. Людзям, якія сядзелі на Акрэсьціна, не аддаюць пашпарты і дакумэнты пра тое, што яны там сядзелі. Пры спробе атрымаць гэтыя дакумэнты ім зноў пачынаюць пагражаць згвалтаваньнем і крымінальнымі справамі. Сілавікі пачынаюць прыходзіць да іх дадому, тэлефанаваць іхным сваякам.
Лекары таксама баяцца. Яны пішуць у сваіх заключэньнях, што чалавек упаў з крэсла ці яшчэ нешта.
Міліцыянт, які біў мяне і пагражаў згвалтаваньнем, рабіў гэта на загад Алега Гайдукевіча, старшыні партыі Жырыноўскага ў Беларусі. Гэта адбывалася ў 2011 годзе. Мяне затрымалі як падазраваную ў тэракце. У Беларусі за гэта можа быць сьмяротная кара. Тады я адчула, што такое быць у руках псыхапата. Дзякуючы міжнароднаму рэзанансу ўсё прайшло ня так жорстка.
Калі ты бачыш шалёныя вочы чалавека, які бачыць твой боль і страх і яшчэ больш узбуджаецца, гэта вельмі страшна. Ты разумееш, што ты ў поўнай уладзе азьвярэлага садыста“.
„Мажнейшыя лажыліся на голы бэтон, а меншыя – проста на іх“
Даніла, 22 гады, фэльчар хуткай дапамогі:
„Тыя, хто мяне бачыў, казалі: “Божа, што з тваім тварам? Чаму, за што цябе так? Кажуць, ты там нейкі каардынатар? Ты што, там пляшкі кідаў ці з кімсьці біўся?” Я кажу: “Не, я стараўся аказаць мэдычную дапамогу людзям. І вось за гэта мяне білі”.
З 10 на 11 жніўня я дзяжурыў са сваёй брыгадай хуткай дапамогі, выяжджалі ўвечары ўжо на станцыі мэтро «Пушкінская», «Спартыўная», аказвалі дапамогу пацярпелым, развозілі іх у вайсковы шпіталь, у лякарню хуткай дапамогі. Былі розныя траўмы: аскепкавыя раненьні ад сьвятлашумавых гранат, былі і траўмы ад біцьця, вельмі шмат чэрапна-мазгавых траўмаў, ірваных ранаў.
11 жніўня ў мяне ўжо быў выходны дзень. І, пабачыўшы тое, што адбывалася на маім дзяжурстве 10-га, я ня мог заставацца абыякавым, ведаючы, што камусьці, магчыма, спатрэбіцца мая дапамога. Таму, узяўшы з сабой некаторыя мэдыкамэнты, я проста выйшаў прагуляцца з тымі думкамі, што мая справа -- дапамагаць людзям.
Недалёка ад таго месца, дзе пачынаўся мітынг і адбываліся вельмі жорсткія затрыманьні, я проста на дарозе ўбачыў чалавека ў сутаргавым стане. Я падыходжу бліжэй, а да мяне падыходзяць два чалавекі ў штацкім. У кепках і ў масках. Я кажу, што я мэдык, магу аказаць дапамогу пацыенту. «Ах, ты мэдык!» -- і адразу ўдар у твар. І нас з тым чалавекам адразу пагрузілі ў багажнік. І адзін з супрацоўнікаў сеў з намі. Я кажу: што вы робіце, я мэдык, я падышоў да вас сам, хацеў чалавеку дапамогу аказаць. А мне проста так па дарозе білі ў твар.
Нас прывезьлі ў РУУС, вывелі з машыны: у нас рукі былі за сьпінай сьцягнутыя, галавой уніз. Супрацоўнікі АМАП утваралі такі, так бы мовіць, калідор, па якім мы беглі -- нас прымушалі бегчы, нават не ісьці. І ў гэты момант нам наносілі цялесныя пашкоджаньні дубінкамі па задняй паверхні ног, па азадку, па сьпіне, па галаве.
У РУУС у нас забралі папругі, матузкі… Яны проста нясуць мой тэлефон і кажуць: разблякуй. І б’юць, б’юць, б’юць... Ад болю, ад усяго… Ну, я разблякаваў тэлефон. Зачытвалі паведамленьні, вось як мая дзяўчына мне пісала, зь іхных словаў… Яна мне пісала: “Дзе ты, я перажываю, ці ўсё добра ў цябе?”
Калі яны адкрылі мой партфэль, а там мэдыкамэнты, пачалі задаваць пытаньні: хто табе пастаўляе гэтыя мэдыкамэнты? Хто табе плаціць? Колькі табе заплацілі? Яны задавалі пытаньні і ў гэты момант білі. Я крычаў ад болю, што ня трэба, хопіць біць. А мяне паднялі на два паверхі вышэй, дзе знаходзілася яшчэ 7-8 супрацоўнікаў АМАПу. Мяне пачалі малаціць са словамі, што, раз я мэдык, дапамагаю, лячу людзей, пасьля гэтыя людзі ідуць далей ваяваць!
Нас паднялі на трэці паверх, у залю, дзе ўжо было каля ста затрыманых. Нехта сядзеў, нехта ляжаў тварам проста ў падлогу. У кагосьці проста ў залі здарыўся сутаргавы сындром, эпілепсія. Ім… было ўсё адно. Яны разумелі, што тут сур’ёзны стан, патрэбна мэдычная дапамога. Але ім было ўсё адно. Там былі людзі з чэрапна-мазгавымі траўмамі, іх пачало ванітаваць. Яны проста падалі на падлогу, трацілі прытомнасьць, прасілі мэдычнай дапамогі. Я казаў супрацоўнікам, што я мэдык, дайце я агледжу пацыента. І мне за гэта зноў наносілі ўдары дубінкамі.
Мяне пазначылі жоўтай фарбай, мне размалявалі сьпіну, штаны. Таксама мне пафарбавалі галаву. Памечаных яны называлі каардынатарамі. Некаторым хлопцам яны малявалі праваслаўны крыж з надмагільлем. Яны казалі: “Вы каардынатары, вы ворагі народу, вы фашысты, вы хочаце зьнішчыць краіну”.
У гэтай залі нас па чарзе выводзілі ў нейкі суседні пакой і здымалі на камэру. Мяне паставілі да сьцяны; мяне білі аж да таго, што я ня мог стаяць на нагах, я падаў. Супрацоўнікі АМАП мяне падымалі, прыстаўлялі да сьцяны і далей білі. Уключалі камэру, прасілі назваць прозьвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэньня і якія маюцца тату на целе. Пасьля гэтага камэра адключаецца, мяне зноў б’юць. І мяне ўжо проста выносілі з гэтага пакоя, бо я на нагах стаяць ня мог.
У залі мяне пасадзілі на крэсла. Сьпірала дыханьне, капала кроў з губы, з носа, пада мной ужо зьбіралася лужына крыві.
12 жніўня нас пачалі кудысьці выводзіць. Загналі ў аўтазакі і прывезьлі на Акрэсьціна. Разьмяшчалі на вуліцы ўздоўж агароджы, на каленях, рукі за сьпінай, галавой у зямлю. За кожны рух білі.
Выйшаў нейкі чалавек, ён быў у штацкім, і кажа: “Табе ўвогуле кранты, ад 6 да 13 гадоў сьвеціць”. Ні за што. Гэта было страшна.
І вось пакуль мы былі на вуліцы, мы чулі выгукі людзей за мурам. Гэта былі валянтэры, якія выкрыквалі дату і час. Супрацоўнікі АМАПу проста сьмяяліся з гэтага.
За просьбы ў туалет толькі білі. Казалі, трывай або ў штаны хадзі.
Калі нас разьдзелі, некаторыя мужчыны прасілі дапамогі мэдыка, і прыйшла фэльчарка, якая працуе там. І яна казала: «Ты мужык? Чаго ты плачаш? Ня ный». Магла ўдарыць.
Рэчы праверылі, кінулі перад намі, сказалі: “Хапайце рэчы і па калідоры”. Зноў жа стварылі калідор амапаўцаў. Мы беглі ўжо голыя, нас білі. І нас заганялі ў прагулачны дворык, тэрыторыя 5х5, наўкола голы бэтон і зьверху – краты ў неба. Нас туды загналі 79 чалавек. Там быў чалавек з пашкоджанай нагой, у якога ўжо гнаіліся раны, адкрыты крывацёк з нагі. Я стараўся яму перавязаць гэты вянозны крывацёк.
Мы з хлопцамі дамовіліся так, што палова стаіць, палова кладзецца. Мажнейшыя лажыліся на голы бэтон, а меншыя – проста на іх. Ляжалі ў абдымку, папросту кажучы, бо там было вельмі холадна.
Ноччу мы чулі, як прыяжджалі машыны, і там былі вельмі страшныя крыкі. Людзі крычалі ад болю. Былі чуваць удары дубінак па целе. І адзін чалавек з кожным ударам дубінкі крычаў «Ганьба». Яго білі некалькі гадзін, пакуль у яго ўжо не прапаў голас. Мы чулі, як іх прымушалі сьпяваць гімн Беларусі. Яны сьпявалі, іх білі.
Назаўтра нас вывелі і пачалі грузіць каго ў аўтазакі, каго ў звычайны аўтобус. Мяне – у гэты аўтобус. Мы на каленях, галовы сказалі засоўваць пад сядзеньні. Так нас прыблізна гадзіну везьлі. І толькі па прыезьдзе на месца мы зразумелі, што гэта слуцкі ЛПП.
У мяне была з унутранага боку цалкам парваная губа, перабіты нос, гематомы пад вачыма, ногі ззаду і азадак былі проста цалкам сінія… У мяне і думкі не было ў галаве, што такія рэчы могуць адбывацца ў нашай краіне. Але я лічу, што пры гэтай уладзе тыя людзі, што з намі дрэнна абыходзіліся, пакараньня не панясуць. Але я б вельмі хацеў, каб яны панесьлі за гэта пакараньне“.
„Што, дубінка не дапамагае? Нічога, паяльнік у зад дапаможа“
Студэнт менскай ВНУ, 21 год:
„12 верасьня каля паловы шостай я стаяў каля мэтро «Плошча Перамогі» і глядзеў на тэлефоне карту, бо зьбіраўся ісьці да сяброў. У гэты час побач было шмат журналістаў. Як я потым даведаўся, у горадзе якраз скончыўся марш. І ў момант, калі я падняў галаву ад тэлефона, да мяне падбеглі людзі ў аліўкавай форме і балаклавах і ўдарылі ў нос. У бус без нумароў мяне пацягнулі з пабітым носам, ішла кроў.
Мяне, як толькі паклалі на падлогу ў бусе, пачалі біць нагамі. Некалькі ўдараў было кулакамі ў твар. Адразу сказалі: «Усё, мы пра цябе ўсё ведаем, ты каардынатар з Польшчы». Гаварылі нейкімі агульнымі фразамі. Было відаць, што спрабуюць запалохаць. Нічога канкрэтнага не прад’яўлялі, казалі, што яны нібыта даўно высочвалі мяне. Настойвалі, каб я ў чымсьці прызнаўся. Спрабавалі запалохаць мяне псыхалягічна, каб я прызнаў, што я нейкі каардынатар. Пры гэтым білі ў нагу, у твар, па галаве, па сьпіне. Хоць я ўжо ня памятаю, як мяне білі па сьпіне, толькі потым знайшоў сінякі ў сябе. Не адчуваў гэтага ад болю і шоку, напэўна.
У аўтобусе мяне паклалі на падлогу паміж сядзеньнямі. З затрыманых я быў там толькі адзін, а сілавікоў пяць. Тэлефон, які заставаўся ў мяне ў правай руцэ, я выключыў і закінуў пад сядзеньне. Яны потым знайшлі яго і сказалі: «Глядзі, які хітры, думаў, ня знойдзем?», і зноў білі. Сказалі, што я «добра падрыхтаваны», раз выключыў тэлефон. Потым пачалі «выбіваць» пароль. Патрабавалі пагрозамі і запалохваньнем. Я не называў пароль ад тэлефона, на што яны адказвалі, што я нібыта «наркаман пад дозай». Білі ўвесь час, я крычаў ад болю, стараліся зламаць нагу. Спрабавалі разблякаваць тэлефон маім адбіткам пальца. Тыцкалі мой палец у мэталічную штучку на чахле тэлефона, прызначаную для магніта ў аўтамабілі. Калі яны зразумелі, што гэта ня «сканэр пальцаў», то пачалі тыцкаць мае пальцы ў камэру.
Потым у нейкі момант «галоўны», які сеў сьпераду буса, дастаў дубінку і сказаў: «Ведаеш, куды табе яе зараз засунем, калі ты ня скажаш пароль? І ў горла, і згвалцім. Ну давайце, пацаны, пачынаем». У гэты час іншыя сілавікі пачалі сьцягваць зь мяне шорты і трусы. Я адбіваўся, як мог. Спадзяваўся, што яны перастануць. Так і адбылося. Усё абышлося запалохваньнямі. Было страшна і непрыемна, але я спрабаваў трымаць сябе ў руках, наколькі гэта магчыма ў такой сытуацыі.
Палохалі крымінальнай справай і тэрмінам на пяць гадоў. Пыталіся: «Ну што, кепска табе жылося да гэтага?» Я ім спрабаваў давесьці, што я ня ўдзельнічаў у мітынгах, не выкрыкваў лёзунгаў, што пацьвярджае месца майго затрыманьня. Аднак, чым больш аргумэнтавана я спрабаваў растлумачыць ім сваю невінаватасьць, тым больш яны злаваліся і білі мяне.
У нейкі момант надзелі на рукі сьцяжку і зацягвалі ўсё больш і больш. Ад пастаяннага біцьця мне стала кепска. У бусе я ўжо быў страціў прытомнасьць ці быў блізкі да гэтага. Мяне адразу палілі вадой. Я пачуў: «Хлопцы, хлопцы, ня біце пакуль, пачакайце». Мабыць, у іх усё ж нейкія межы ёсьць. Хоць ня ўпэўнены, ці можна назваць гэта межамі з маім дыягназам і іншымі гісторыямі выкраданьняў. Ніяк, акрамя як выкраданьні, гэта не назавеш, гэта грубае парушэньне правоў чалавека.
У нейкі момант аўтобусік спыніўся. Я пачуў: «Пацаны, вытрыце яго». Увесь гэты час у мяне кроў з носу лілася. Яны выціралі мяне маёй жа кофтай, палівалі вадой. Потым пасадзілі мяне на край парога выхаду з буса. У гэты час да мяне падышоў супрацоўнік з камэрай і пачаў задаваць пытаньні: «Што ты каардынаваў? Давай прызнавайся!» На што я сказаў, што я нічога не каардынаваў, я проста ішоў.
Потым вярнуліся ў машыну і зноў пачалі езьдзіць па горадзе. Кіроўца мне сказаў: «Ты ж разумееш, што мы можам так езьдзіць колькі заўгодна?» Зьбіваньне, запалохваньне, пагрозы пры гэтым працягваліся. Напрыклад, казалі: «Такія пачвары, як вы, будзеце рэзаць потым нашых дзяцей». Яны скардзіліся, што на іх ідзе вялікі ціск.
Быў момант, калі я спрабаваў зь імі пагаварыць па-чалавечы, на што яны адрэагавалі ўсе адназначна: «Ты што, с..ка, нас запісваеш?» Пачалі біць, распранаць і шукаць нейкі мікрафон, на які я іх нібыта запісваў. Казалі, што калі я ўсё ж іх запісваў, то яны мяне знойдуць. Яны вельмі баяцца, каб іх ніхто ніяк не запісаў.
Чыталі навіны ў тэлефоне, абмяркоўвалі, сьмяяліся: «Чулі, пацаны, нам застаўся тыдзень, каб звольніцца зь сілавых структур, інакш нам канец». Усе пасьмяяліся. Відаць, што яны шчыра вераць у дзяржаўную прапаганду пра «каардынатараў зь Літвы і Польшчы».
Пыталіся, ці ёсьць у мяне дзяўчына. Калі я сказаў, што няма, то пачалі называць «заднепрывадным». Зноў пачалі пагражаць згвалтаваньнем. Сказалі: «А давайце яго безь дзяцей пакінем!» Пачалі біць... Добра, што білі не туды.
На мне быў электронны гадзіньнік Samsung. Сілавікі зьнялі яго і сталі глядзець кантакты. Пыталіся пра некаторыя кантакты, чаму так захаваныя. Калі ўбачылі нумар адваката, то зноў пачалі вінаваціць мяне, што я «падрыхтаваны, быў гатовы да гэтага, каардынатар».
Мяне даставілі ў РУУС Першамайскага раёну. Калі я ішоў у будынак, то кульгаў, таму што сілавікі адбілі мне нагу. Яны крычалі, каб я не кульгаў. Сілавікі сказалі мне, што гэта я сам упаў, калі яны затрымлівалі мяне. У РУУС у іх спыталі, ці супраціўляўся я, на што яны сказалі, што сам зваліўся спачатку.
Супрацоўнікі міліцыі ў аддзяленьні таксама пагражалі мне. Адзін зь іх сказаў: «Што, пацаны, пароль ад тэлефона не гаворыць? А дубінка не дапамагае? Нічога, паяльнік у зад дапаможа». У самім аддзяленьні сілавікі асьцярожнічаюць у сваіх дзеяньнях. Магчыма, таму, што камэры там вісяць. Пагрозы шапталі на вуха. Напрыклад: «Калі ня скажаш пароль, то ты адсюль ня выйдзеш». Часта на ногі мне там наступалі. Але, калі хапалі за валасы і білі ў патыліцу, то спынялі адзін аднаго: «Цішэй, тут ня бі».
Калі тэлефанавалі дзяжурнаму на тэлефон і, мабыць, пыталіся, ці дастаўлялі кагосьці ў Першамайскае, ён адказваў: «Сюды нікога не прывозілі, нікога не дастаўлялі». Пры гэтым там было дакладна дзьве дзяўчыны, якіх таксама абвінавачвалі ва ўдзеле ў мітынгу. Але іх сілавікі не чапалі: наадварот, жартавалі і заляцаліся да іх.
Калі мяне павёў адзін з супрацоўнікаў у прыбіральню, то спытаў: «Цябе калі-небудзь мачалі ва ўнітаз галавой? А хочаш?» Мне так рукі сьціснулі сьцяжкай тады, што я ня мог нават зрабіць іх «лодачкай», каб памыцца. Я ня мог рукі сагнуць, зь іх пастаянна выцякала вада. Мяне выціралі капюшонам маёй жа кофты. Спробы запалохваньня былі пастаянна. Я часта прасіў лекара, часта казаў, што мне дрэнна. На гэта яны адказвалі: «Скажы пароль – будзе лекар». Гулялі ў «добрага і дрэннага міліцыянта», прычым гэта мог быць адзін і той жа чалавек: спачатку біць, а потым запэўніваць, што ўсё добра.
У той час, як мяне сілавікі білі, запалохвалі, пагражалі, на ногі наступалі, за валасы трымалі, міліцыянты зь Першамайскага РУУС нават не глядзелі ў мой бок і не падыходзілі. Яны проста бязьдзейнічалі.
У РУУС сілавікі і міліцыянты спрабавалі даведацца мой пароль ад тэлефона. Былі фразы: «Вось у нас вельмі добрыя хакеры, яны твой тэлефон узламаюць, так што, калі ты ня скажаш цяпер па-добраму, то будзе па-дрэннаму».
Сілавікі абмяркоўвалі пры мне, што можна мне «прыпісаць» артыкул 205 Крымінальнага кодэксу («Крадзеж»), што я нібыта скраў у аднаго зь іх свой жа электронны гадзіньнік і тэлефон, раз я пароль не называю, то магчыма, гэта ня мой тэлефон. Магчыма, гэта быў жарт, але ўспрымаў гэта я тады не як жарт. Казалі, што я абколаты, наркаман нейкі, у стане алькагольнага апʼяненьня.
Калі “зялёныя чалавечкі” пакідалі РУУС, то сказалі міліцыянтам не выклікаць мне хуткую дапамогу, бо я нібыта сымулянт. У прытомнасьць мяне прыводзілі антысэптыкам: пырскалі на рукі, на ватку і на скроні. У бусе і ў міліцыі яшчэ ціснулі на сківіцу, каб я апрытомнеў. У РУУС прынесьлі мне шалік, прамочаны чымсьці, казалі: «Дыхай, дыхай». Але я ўсё слабей і слабей успрымаў інфармацыю звонку. «Хуткую» ўсё ж такі выклікалі пасьля таго, як убачылі, што я ўжо ледзь сяджу на крэсьле, звальваюся.
Папрасілі, каб «хуткая» ехала хутчэй і зь мігалкамі, а мяне ў гэты час трымалі, каб я ня ўпаў. Калі выклікалі «хуткую», то мяне паклалі на падлогу і глядзелі, каб са мной нармальна было ўсё.
Калі прыехала «хуткая», то міліцыянтаў цікавіла, ці не сымулюю я. Лекары сказалі, што трэба забіраць мяне. Міліцыянты ў гэты час спрабавалі датэлефанавацца свайму начальніку, каб спытаць у яго, ці забіраць мой тэлефон. Потым супрацоўнікі міліцыі сказалі, што калі цяпер не скажу пароль, то потым мне давядзецца вяртацца ў гэтае аддзяленьне. Аднак адказаць у мяне не было сіл, я проста ляжаў паўпрытомны. У выніку мне кінулі мой парваны заплечнік, увесь у крыві, і тэлефон.
Цяпер я ў лякарні. Мне паставілі дыягназ: чэрапна-мазгавая траўма, кровазьліцьцё ў мозг сярэдняй ступені цяжкасьці, пералом носа, множныя гематомы і пашкоджаньні на целе“.
„У амапаўскім мікрааўтобусе я раптам пазнала свайго ўчастковага“
Ніна, 47 гадоў, Менск:
„10 жніўня ў вялікім натоўпе я стаяла каля станцыі мэтро «Пушкінская». Падчас разгону пратэстоўцаў забавілася і мяне схапілі амапаўцы.
Заштурхалі ў мікрааўтобус, у якім я раптам убачыла свайго ўчастковага. Ён быў у шаломе, але бяз маскі, так што я яго адразу пазнала. І ўзрадавалася. Мы зь ім даўно знаёмыя, ён мяне добра ведае. Вось, думаю, ён мяне зараз адпусьціць. Я ж нічога такога не рабіла. Але не адпусьціў. Наогул, мне здалося, што гэта ўжо нейкі іншы чалавек. Кажа, паедзеце з усімі, адказвайце за свае справы.
Мяне прывезьлі ў Фрунзэнскае РУУС. Пункт збору затрыманых зрабілі ў спартовай залі. Мне, як і ўсім, начапілі за сьпінай кайданкі, паставілі каля сьценкі на калені і тыцнулі тварам у падлогу. Я ўжо потым, калі вызвалілася, паспрабавала прыняць дома такую позу – ня выйшла. Больш за іншых мне запомнілася супрацоўніца органаў Крысьціна.
Побач са мной стаяў на каленях хлопец. Падымаць галаву было нельга, але я старалася паглядзець. У мяне сын там, на «Пушкінскай», быў, дваццаць шэсьць гадоў, і я баялася ўбачыць яго тут. Дык вось гэтая Крысьціна біла хлопца палкай. Па галаве, па нагах, па руках. Ён крычаў. Потым ён перастаў крычаць. Напэўна, болевы шок або страціў прытомнасьць. Я чую, за сьпінай хтосьці кажа: “Ён усё, адкінуўся”. А другі: “Давай дабівай, і выцягваем”. Яна зноў пачынае біць гэтае нежывое цела, потым яго выцягваюць.
Калі мне сказалі: «Давай на допыт», я ўстаць не змагла. Спачатку мяне штурхалі нагамі, потым усё ж такі паднялі і падвялі да стала. Першае пытаньне было: “Колькі вам заплацілі?” Кажу: “Мне ніхто нічога не плаціў”. Я цяпер разумею: калі ім усе так адказвалі, яны яшчэ больш лютавалі, шалелі. «Ну ты, б..ь, сука, скаціна, – яны з намі не размаўлялі нармальна, там быў роў на ўсю гэтую спартзалю, – Ты што, не зразумела, што ў цябе пытаюцца?! Колькі табе заплацілі?»
І тут я зразумела, што трэба заткнуцца, проста замаўчаць. Яны ўзялі мой тэлефон. «На якія каналы падпісаная?» Вядома, на ўсё. Праштудзіравалі ўвесь мой тэлефон. На мітынгах была, усё здымала. Кампрамату цэлая куча. Потым ім спатрэбіліся нечага мае SIM-карткі. Але, каб адкрыць мой тэлефон, патрэбен такі ключык. У мяне яго не было. І тут гэтая Крысьціна пачала біць тэлефон дубінкай, пакуль ён не разваліўся. Дасталі дзьве сімкі і флэшку.
Потым яна мне кажа: «Так, здымай станік». Поўна АМАПу, спартзаля... Я стаю ў кайданках, рукі ззаду. «Гадаўка, здымай станік!» Я спрабую ззаду пад кашулю залезьці і разумею, што рукі сшэрхлі, я не магу іх падняць. «Здыміце ёй кайданкі!» І зноў: «С..а, здымай!» Разумееце, у мяне шокавы стан! Я не разумею, што мне рабіць. І яна сама залазіць мне пад кашулю, праз рукаў выцягвае станік, шпурляе на стол.
Ва ўсіх жанчын, з кім я ў камэры потым сядзела, станікаў не было. Ці то яны баяліся, каб мы на іх не павесіліся, ці то проста прыніжэньне такое... Дзяўчаты, якія прыяжджалі потым на Акрэсьціна зь іншых РУУС – зь імі такога не было.
Потым нас кінулі ў камэру. Сярод нас былі дзьве жанчыны з Бараўлянаў, зь дзіцячага анкалягічнага цэнтру. Абедзьве ў водпуску, ехалі дапамагаць, надзелі белыя майкі з чырвонымі крыжамі сьпераду і ззаду, узялі мэдыкамэнты. Іх выцягнулі з машыны – «Вы едзеце дапамагаць бандытам!».
Яшчэ адна жанчына ехала з працы на сваёй машыне, наогул ні ў чым ня ўдзельнічала. Заехала ў супэрмаркет купіць прадукты, спынілася на сьвятлафоры. Пайшоў АМАП, потым мітынгоўцы. Я, кажа, спынілася, каб іх прапусьціць. І раптам, кажа, бачу – да мяне ляцяць чорныя. Я ад страху заблякавала дзьверы. Яны разьбілі ўсю яе машыну, выцягнулі саму. Яна паказвала нам у камэры – уся сіняя, на галаве гематомы, яе білі аб асфальт галавой. Яе потым звадзілі на суд на Акрэсьціна, далі 15 сутак за непадпарадкаваньне патрабаваньням.
І ў РУУС, і потым на Акрэсьціна былі людзі з розных падразьдзяленьняў. Калі мне цяпер кажуць: гэта быў АМАП або гэта быў “Алмаз», «нашы мясцовыя так не рабілі», я адказваю: “Хлопцы, калі б я там не была…” Я бачыла там звычайную нашу міліцыю, я магу адрозьніць, не дурная.
Назаўтра нас сабралі зноў у той самай спартовай залі. Я сярод затрыманых была шостая ў чарзе, і ўжо да 12-й гадзіны мяне адвялі ў камэру. А што рабілася потым ноччу – гэта быў проста жах. Усе сьцены і падлога былі раніцой залітыя крывёю. Нам: «Хутка-хутка, рукі на плечы!» і сказалі, што павязуць у Жодзіна. Але адвезьлі на Акрэсьціна. З аднаго пекла ў другое. Таму што тым, хто трапіў у Жодзіна, пашанцавала, да іх ставіліся паблажліва.
На Акрэсьціна нас, жанчын, было 60 чалавек. Хлопцаў было нашмат больш. Іх білі так, што проста перадаць не магу. Іх прымушалі сьпяваць гімн. Іх прымушалі крычаць «Я люблю АМАП!». Твары ў хлопцаў былі апухлыя, у крыві. Іх кудысьці групамі адводзілі, як мы здагадаліся – на суд. Таму што проста туды, на Акрэсьціна, прыяжджалі судзьдзі. Мы думалі, будуць даваць штрафы. Але не, давалі суткі, ад 8 і больш.
Гадзін да адзінаццаці вечара мы стаялі ў двары. Хлопцаў кудысьці адводзілі, а мы стаялі, замярзалі. Я была ў адной кашулі, і ўсе так. А ў адзінаццаць нам зноў сказалі: «Хутка, рукі на плечы, бягом-бягом», дубінкамі падганялі, завялі ў дворык. Цяпер я разумею, што гэта дворык для выгулу зьняволеных, такая вялікая круглая камэра, уверсе сетка замест даху, люк унізе для туалету, і ўсё. Мала таго, што мы дзень мерзьлі ў двары, тут нас яшчэ на бэтон кінулі. Мы проста клаліся адна на адну, каб сагрэцца. Некаторыя дзяўчаты пачалі стукаць, прасіць вады. Прыйшоў адзін, сказаў: «Сьціхніце. Калі яшчэ якая б...дзь пастукае, кінем гранату». Мы, дарослыя жанчыны, пачалі прасіць дзяўчатак: “Давайце трываць, будзе толькі горш”.
Але пачалося іншае пекла. Усю ноч празь верх (неба ж адкрытае) мы чулі, як білі хлопцаў. Іх проста забівалі. Мы чулі лясканьне дубінак і лямант, крыкі. Мяне пытаюцца, ці моцна хлопцаў нашых білі. Я адказваю: іх ня білі – іх проста забівалі. Там было шмат маладых жанчын і дзяўчат – па васямнаццаць-трыццаць гадоў. Мне ўжо пад пяцьдзясят, псыхіка ўстаялася. Але і ў мяне проста ехаў дах. Я рыдала, заціскала вушы: гэта было немагчыма трываць.
Потым пад раніцу, ужо пачынала днець, прыйшоў нейкі мужчына, адчыніў дзьверы і зноў “бегма-бегма”, падганяючы, нас разьвялі па камэрах. Потым я даведалася, што замест нас туды на бэтон завялі 160 мужчын, якіх прывезьлі з розных РУУС гораду.
Я спачатку не баялася. Гаварыла пад дыктафон і пад камэру, называла сябе адкрыта. Але цяпер страх вярнуўся. Вось тая жанчына, якую з машыны выцягнулі, яна стала скаргі падаваць. Трое сутак зь пятнаццаці яна адседзела, потым ёй да пяці скінулі. Мы, з кім сядзелі, цяпер стварылі групу, маем зносіны. Я таксама адразу напісала тры заявы са скаргамі: ў Фрунзэнскае РУУС, у Сьледчы камітэт і ў Генпракуратуру. Але не падала іх, інтуіцыя падказала. Дачка мне кажа: “Мама, ты чаму не адносіш скаргі?” Ды таму, што бачым: усе заявы пацярпелых вяртаюцца ў Сьледчы камітэт! Тыя выдзіраюць потым кожнага пацярпелага, хто падаў заявы, пачынаюць шукаць на яго ўсялякі кампрамат і заводзяць крымінальныя справы паводле 93-га артыкулу, ад 5 да 15 гадоў. Я не хачу сесьці на восем гадоў!“
„У аўтазаку яны сабе надзелі адгазьнікі, а нам пусьцілі газ“
Аляксей Новік, праграміст, Менск:
„9 жніўня ў раёне 6-7 вечара я выехаў з Уручча, дзе жыву, на адрас, дзе я зарэгістраваны, у раёне Інстытуту культуры, каб прагаласаваць. Я прыехаў на ўчастак №54 на вуліцы Артылерыстаў, гэта інтэрнат пэдагагічнага ўнівэрсытэту). Я прагаласаваў і чакаў выніковага пратаколу. Недзе каля 9 вечара яго вывесілі і я сфатаграфаваў. Там была перамога дзейнага прэзыдэнта зь вялікай перавагай. Хоць на маім участку я бачыў, што ўся шкляная тумба была проста засыпаная бюлетэнямі, складзенымі гармонікам. Мяне гэта моцна ўразіла: як так можа быць?
У пачатку 10-й я рушыў дадому. Выйшаў на плошчу Мясьнікова, там дзе Дом фота. На вуліцы Савецкай стаяла вайсковая тэхніка, грузавікі, у якіх сядзелі салдаты. Калі я выйшаў на Гарадзкі Вал, Раманаўскую Слабаду, я там убачыў нешта накшталт ваенных дзеяньняў. Уяўлялася, што ідзе нейкі захоп, спэцапэрацыя дзеля захопу, я ня ведаю, бандфармаваньняў ці нечага такога.
А на самым скрыжаваньні стаяў АМАП са шчытамі. І, калі шчыты рассоўваліся пасярэдзіне, адтуль выбягалі іншыя амапаўцы, ужо ня так моцна экіпаваныя, і за тры мэтры ад сваёй шчытавой загароды раскладвалі свае ці то гранаты, ці то фаервэркі. Тыя шумелі, круціліся, сьвяціліся і потым выбухалі. І была такая дымавуха. Дыму рабілася ўсё больш і больш. Людзі скандавалі, і я ня бачыў, каб нехта там кідаўся камянямі, выкочваў сьметніцы. То бок ніякіх барыкад з боку мітынгоўцаў не было.
Празь нейкі час АМАП стаў ужо не выкладваць гэтыя гранаты, а кідаць у натоўп. Яны сталі ўзрывацца проста пасярод мітынгоўцаў. Было вельмі шмат дыму, таму мой кругагляд складаў 20-40 мэтраў. І я ўбачыў людзей, якія ляжаць на траве. Адзін мужчына гадоў 45-50 ляжаў на траве, і ў яго была цалкам разарваная майка ці кашуля, і рваныя раны былі на грудзях, яны крывавілі. І людзі зьбегліся, рвалі зь сябе майкі, каб накрыць гэтыя раны.
А за тры мэтры ляжала яшчэ дзяўчына, яна не падавала ніякіх прыкметаў жыцьця. Можа быць, яна страціла прытомнасьць ад гэтага шуму. У яе былі разарваныя джынсы, штаніна, і відаць былі рваныя раны, кроў. Твары ў людзей былі разьбітыя, мабыць, траплялі аскепкі ад гэтага ўсяго. І я толькі сёньня, празь нейкі час, стаў усьведамляць, што мне, відаць, вельмі пашанцавала, бо мяне нішто не закранула.
Далей вайскоўцы станавіліся на адно калена, бралі вінтоўкі, прыкладвалі іх да пляча і пачалі страляць у людзей. Людзі пабеглі ў сквэр Адама Міцкевіча хавацца. І было відаць, што вось трапляе куля ў чалавека, яна яго зьбівае з ног. Чалавек падае і спрабуе далей адпаўзаць.
Пазьней я даведаўся, што ўжываць гумовыя кулі дазволена толькі па нагах, руках. Але яны мэтанакіравана… Ужо на Акрэсьціна я бачыў кулі ў сьпінах, у жыватах, і я разумеў, што гэта рабілася сьвядома.
Ад сполаху я зразумеў, што ісьці назад на плошчу Мясьнікова я не магу, бо спыніліся гэтыя бусы, мікрааўтобусы. І атрымліваецца, што за мной таксама – гэты сквэр Адама Міцкевіча. І я забег, а там сьцены, вельмі высокія, Валадарка. Я бачыў, як людзі ад моцнага страху спрабавалі залезьці на сьцяну, бо ня ведалі, як схавацца.
А чаму я стаў хавацца – бо запусьцілі пярцовы газ і я адчуў, што пачынаю задыхацца і траціць прытомнасьць.
Я проста ўпаў у траву, адпоўз у бэзавы куст, скруціўся абаранкам. Я разумеў, што тут два варыянты: знойдуць ці ня знойдуць.
Празь нейкі час тыя вайскоўцы ўзялі ліхтарыкі. Гэта нагадвала нешта зь фільмаў пра Другую сусьветную вайну, як працавала гестапа, СС і падобныя. Яны пайшлі ўсярэдзіну сквэру. Гэта была жудасная карціна, бо яны зь ліхтарыкамі выгледжвалі і вылоўлівалі людзей, якія там схаваліся.
Я ляжаў у траве і чуў, як білі чалавека, вельмі моцна білі. І пасьля, я так разумею, ён ужо ня мог ісьці і яны яго валаклі. Берцы, я ляжу ў траве, і берцы за паўтара мэтра ідуць міма мяне, і ногі чалавека проста цягнуцца. Яны крычалі: “Мы вас пераб’ём, усіх змагароў!”
Мінуў нейкі час, і наступіла цішыня. І я стаў бачыць, што нейкія цені мільгаюць. Значыць, апроч мяне, былі яшчэ людзі, якія змаглі неяк схавацца. Бо гэта жудасная карціна была. Недзе ламіліся ў дзьверы кавярні, недзе званілі ў дамафон – усё, каб неяк схавацца.
Я вырашыў, што буду заставацца да самай раніцы. Але людзі сказалі, што тыя вернуцца і будуць рабіць зачысткі. Таму трэба сыходзіць. Я набраўся сьмеласьці, устаў, абтрос усю вопратку.
Крыкі мітынгоўцаў былі чуваць з боку Нямігі. Таму я не адважыўся туды ісьці і вырашыў ісьці вуліцаю Валадарскага наверх, да праспэкта. Якое было маё зьдзіўленьне, калі я выйшаў да галоўпаштамту, а там яшчэ разоў у дзесяць болей АМАПу. Я ад страху палез у заплечнік, дастаў нейкія дакумэнты, паперы свае і зрабіў выгляд, што я іх разглядаю. Зьняў зь сябе байку, каб не даваць ніякага сыгналу, што ў мяне прыкрыты твар ці нешта яшчэ. Я, наадварот, пастараўся цалкам разьняволіцца. Я нават наўмысна падышоў да міліцэйскага патруля і спытаўся, як мне быць у гэтай сытуацыі, ці магу я неяк выехаць у бок Уручча. Ён мне сказаў: рухайцеся ўздоўж праспэкта і там зможаце недзе ўзяць таксі.
І я спакойна рухаўся ад галоўпаштамта да самага цырка. Я іду ўздоўж праспэкта, вельмі шмат аўтазакаў туды-сюды езьдзіць. Увесь праспэкт быў разрэзаны на такія кавалкі – праз кожныя 200 мэтраў стаяў АМАП, ад аднаго боку пераразаў праспэкт да другога. І я праходзіў празь іх. Яны расступаліся, і я ішоў далей. І вось ужо калі я спусьціўся да скрыжаваньня Янкі Купалы і Незалежнасьці, там стаяў жоўты грамадзкі аўтобус і таксама была амапаўская загарода, я падышоў да міліцыянта і сказаў, што мне трэба ехаць у бок Уручча, не магу злавіць таксі, інтэрнэту няма. На што ён мне сказаў, што табе далей ужо нікуды ехаць ня трэба. І ўсё. Мяне пасадзілі ў жоўты аўтобус.
Там былі яшчэ іншыя людзі, у іх былі зьвязаныя рукі. Мне рук ня зьвязвалі. Яны пыталіся, ці ёсьць іншаземцы? І я асабіста чуў, што быў грамадзянін Турэччыны, грамадзянін Швайцарыі і яшчэ адзін Расейскай Фэдэрацыі.
Быў я там усяго пяць хвілін, бо да жоўтага аўтобуса пад’ехаў аўтазак. І яны сказалі: перабягайце ў аўтазак, прычым хутка. Бо кожная замінка - і адразу пачыналася дубіна. Я зразумеў, што ўжо ніхто ня будзе тлумачыць, пры якіх абставінах затрымалі. Размаўляць ня варта ўвогуле. Я зразумеў, што трэба выконваць тое, што табе кажуць. Таму я хутка забег у аўтазак. Яны спрабавалі мяне закінуць, але я пастараўся самастойна забегчы. Аўтазак уяўляў зь сябе, як многія ведаюць, вось гэтыя «стаканы». Мяне кінулі ў адзін са «стаканаў», нас было чатыры чалавекі, два хлопцы і грамадзянін Турцыі. Сесьці там усім немагчыма, таму адзін сядзеў, а трое стаялі.
Нядоўга стаяў аўтазак. Ён пачаў рухацца празь пяць-дзесяць хвілін. У праходзе аўтазака ляжала дзяўчына, бо я чуў жаночыя галасы. Яны яе білі нагамі і казалі такія рэчы, што «мы там пусьцім па кругу». Пасьля яны сказалі, што мы цяпер будзем забаўляцца, гэта было чуваць. Яны самі надзелі адгазьнікі, я так разумею, і пусьцілі газ.
Аўтазак паехаў, мы пачалі задыхацца. А са мной у гэтым «стакане» ехаў хлопец, у яго былі зламаныя рукі. Таму ён ня мог ні стаяць, ні неяк трымацца. Таму мы яго бралі за плечы, каб неяк зафіксаваць, бо аўтазак машына вялікая і, калі там на дарозе “ляжачы паліцэйскі”, яна моцна трасецца.
Мы пачалі шукаць нейкія шчылінкі, дзірачкі, бо машына едзе і вецер, мы яго хапалі, каб хоць неяк дыхаць.
Ехалі мы нядоўга, напэўна, 30-40 хвілін. Я ніколі ня быў на Акрэсьціна і ня ведаў, як яно выглядае. Таму, нават трапіўшы туды, я ня ведаў, дзе я. Калі мы прыехалі, адчыніўся аўтазак і пражэктары такія яркія-яркія былі. І яны зрабілі калідор з амапаўцаў і сабак ад аўтазака да сьцяны. Сабакі брахалі вельмі моцна і станавіліся на заднія лапы. Нам трэба было нахіліцца, рукі за сьпінай, і бегчы да гэтай сьцяны.
Прыблізна гэта 20-30 мэтраў. І вось калі ты бяжыш, бачыш гэтае лясканьне зубоў, і праз аднаго ляцяць дубінкі, цябе б’юць у гэты момант. Да сьцяны трэба было вельмі хутка ўстаць на калені. Зь мяне зьдзерлі байку. Байку кінулі ў такі вазок, як у крамах, туды згружалі ўсе рэчы.
Мы сталі на калені, рукі трэба было падняць угору. Яны адразу спыталі, ці ёсьць іншаземцы? І вось гэтага турка, ён стаяў справа ад мяне, яны яго за каршэнь і адцягнулі.
Кожныя 10-15 хвілін прыяжджалі машыны, выгружалі людзей. Таму нам трэба было рухацца ўздоўж сьцяны вельмі хутка. У мужчыны зьлева ад мяне пачалася гістэрыка, ён плакаў, ня мог супакоіцца, і за гэта яго білі. Многія гублялі сланцы, і відаць было, што людзі там хто без абутку, хто бяз майкі, хто ў адных трусах стаялі. І калі мы рухаліся ўздоўж гэтай сьцяны, на сьцяне відаць былі плямы крыві. У людзей былі расьсечаныя галовы, насы.
Я стопрацэнтна сьцьвярджаю, што ўся гэтая жорсткасьць, якая была, яна плянавалася. Бо калі мы стаялі каля сьцяны, нам крычалі, што Ціханоўская зьехала, Цапкала зьехала. “Наглядзеліся сваіх тэлеграмаў? Мала свабоды? Мы вам гэтую свабоду пакажам”. А я шчыра кажу, што тэлеграм-канал «Нехта» я ня ведаў. Даведаўся, толькі ўжо выйшаўшы з Жодзіна.
Я сам заканчваў юрыдычны факультэт БДУ, магістратуру і сам пісаў дысэртацыю на юрфаку і прадбачыў сваю добрую будучыню. Дысэртацыю пісаў пры навукова-дасьледчым цэнтры пракуратуры і хацеў далей ісьці ў пракуратуру, працаваць. Але заўсёды задаваўся пытаньнем, чаму на першым курсе ў першы сэмэстар паставілі канстытуцыйнае права. Мы яшчэ такія, ну разумееце -- 11 кляса і першы курс адразу, яшчэ і не студэнты, так скажам. Ужо ў магістратуры я зразумеў, што самыя такія пытаньні, як аб’яўленьне імпічмэнту, перавыбраньне, перагляд, як уладкаваная судовая сыстэма, заканадаўчая, выканаўчая – гэта трэба “праехаць” вельмі хутка, каб не запаміналася, не высьпявала і гэтак далей. І з 2005 году ў мяне пазыцыя: я ня веру дзейнай уладзе, і так, праваахоўныя органы так дзейнічаюць і дзейнічалі заўсёды.
З майго курсу, з майго патоку я ня ведаю ніводнага, хто працуе ў праваахоўных органах. Сваякі ёсьць. Але лёс аднаго сваяка закончыўся тым, што спачатку яму павесілі мэдаль у Палацы Незалежнасьці, а пасьля пасадзілі на два гады хатняга арышту. Ён у сьледчых працаваў.
Праведзена вялікая праца начальствам праваахоўных органаў. Бо ад АМАПу было толькі адно пытаньне: “Колькі вам заплацілі, на каго вы працуеце?” Адзін сказаў: “Нам яшчэ трэба вылавіць тры тысячы ўкраінцаў, якія бегаюць недзе там па лясах, па балотах”. Гэта значыць, праваахоўныя органы і дзейная ўлада былі гатовыя, што выбары ідуць не паводле іх сцэнару. Улада разумела, што яна прайграе на гэтых выбарах, і таму рыхтаваліся ад самага пачатку да жорсткага задушэньня гэтых мітынгаў. Гэта цяпер у інфармацыйных крыніцах мы чытаем, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў расказваюць, што яшчэ ў чэрвені іх рыхтавалі, расказвалі, што “прыйдуць новыя -- і вас усіх павесяць на дрэвах”. Вывозілі ў палі, падпальвалі пакрышкі, дзялілі на сваіх і на мітынгоўцаў і адпрацоўвалі гэта ўсё. Адпаведна, да 9–11 жніўня яны былі гатовыя.
Ці гатовы я дараваць? Павінны ўва мне быць нейкія трыгеры, каб я мог дараваць. Але я не знаходжу гэтага ў сабе. І калі я скажу, што гатовы дараваць, то я падману самога сябе. Я за тое, каб быў справядлівы суд; каб гэта не было масава, каб гэта было вельмі дыфэрэнцавана і тонка. Чаму? Бо калі нас перавозілі зь ЦІП на Акрэсьціна ў Жодзіна, адзін з амапаўцаў заступіўся за мяне. Таму што калі іншы амапавец даведаўся, што я праграміст (я, шчыра кажучы, не разумею, чаму яны ад гэтага зьвярэюць), ён мяне схапіў за шыю, пачаў біць у жывот, па вушах, па галаве. І другі амапавец яго адцягнуў“.
„Яны абрэзалі мне валасы і загадалі іх жэрці“
Аляксей Курачоў, 20 гадоў, студэнт:
„12 жніўня я быў дома ў бацькоў дзяўчыны і ў пэўны час вырашыў вяртацца дадому. Бачу — ідзе працэсія пратэстоўцаў. Я падумаў, што не магу не паглядзець на такую выдатную праяву.
Пайшоў зь імі. Мы прайшлі недалёка ад Камароўкі, павярнулі, абышлі раён. Акцыя насіла выключна мірны характар, і ўсё, што там было — песьні, анэкдоты — карацей, весялосьць рознага пляну бязь нейкай шкоды дзяржаве або каму-небудзь зь людзей. У нейкі момант прыяжджае раварыст, таксама з гэтай працэсіі, і кажа, што сюды едуць аўтазакі. Людзі паціху пачынаюць разыходзіцца хто куды.
Я таксама вырашыў канчаткова на сёньня — я вельмі стаміўся тады — што пайду дадому. Ну, і ў нейкі момант бачу: бяжыць калёна людзей праз гэтыя двары, і за імі ідзе нейкая дзяўчынка. Я некалькі разоў спытаў у дзяўчынкі: «Там міліцыя?» Яна маўчыць. І тут ззаду на мяне накідваецца нейкі чалавек. Адзінае, што я пра яго памятаю, гэта яго шэрая кофта. Ён быў досыць моцны, загадаў мне: «Рукі за сьпіну». Я заклаў рукі за сьпіну, ён перацягнуў мне рукі, нагнуў нізка і вядзе. З-за дома, які побач, выбеглі тры цалкам экіпаваныя амапаўцы, мне прыляцела па твары берцамі. Потым астатнія двое пачалі мяне біць дубінамі. Я кажу: «Хлопцы, я не супраціўляюся». Яшчэ пару ўдараў яны нанесьлі, падхапілі пад рукі. З дамоў крычаць: Што вы робіце? Амапаўцы адказваюць: Ды яны хутка будуць вам «кактэйлі Молатава» ў вокны кідаць. А людзі кажуць: Пра што гаворка, якія «кактэйлі Молатава»? Але яны бачаць мой целасклад і бачаць цалкам экіпаваных агрэсіўных амапаўцаў — ну, вядома, гэта досыць маляўніча ілюстравала абсурднасьць іх словаў.
Карацей, мяне закінулі ў аўтазак. Там 8–10 чалавек сядзіць цалкам экіпаваных амапаўцаў, мяне называюць «підарам» і садзяць на калені. Адразаюць мне валасы ці то брытвай, ці то нажом, я ня ведаю, але гэта было па адчуваньнях: нацягнулі валасы і нечым іх адрэзалі. Сказалі: «Мордай у падлогу». Я лёг, мяне пачынаюць біць ужо па азадку, па нагах. Кажуць: «Жары валасы». Я маўчу, яны кажуць: «Жары валасы», я маўчу. Яны кажуць: «Складай валасы ў кішэню». Я склаў валасы ў кішэню. Яны забіраюць у мяне тэлефон, працягваюць мяне біць. Я спрабую закрывацца, але яны рукі мае фіксуюць, проста б’юць і б’юць па тых самых месцах. Задаюць пытаньні нейкія, кшталту: «Хто табе заплаціў?» Я кажу: «Мне ніхто не заплаціў». Яны кажуць: «Хто твой каардынатар?» Я кажу: «У мяне наогул няма ніякага каардынатара, я толькі чытаю тэлеграм-каналы».
Адзін з гэтых амапаўцаў у гэты час гартае мой тэлефон — я ня ведаю, як ён яго разблякаваў, як ён разблякаваў мой тэлеграм, але ён нейкім чынам гэта зрабіў і кажа: «Ты мяне ўсё больш і больш злуеш». Я пытаю: «Чаму?» Ён кажа: «Ты чаму пішаш свайму сябру такое паведамленьне підарскае?» А я яму напісаў: «Дабранач, братка». Адзін з гэтых супрацоўнікаў дастаў дубіну і зафіксаваў яе ў мяне паміж ягадзіцамі, кажа: «Хочаш, мы зь цябе зараз пеўніка зробім?» Я кажу: «Не хачу». Іншыя б’юць. Гэта чаргуецца з падобнымі пытаньнямі пра тое, колькі мне заплацілі — гэта ў іх самая галоўная такая ідэя, што мне нехта заплаціў грошы.
Потым яны ў мяне спыталі, дзе я вучуся, дзе працую, што скончыў. Я ім усё гэта расказаў. Яны задаюць пытаньні, потым пачынаюць біць. Б’юць-б’юць-б’юць, потым у нейкі момант спыняюцца, задаюць пытаньні, адказваю, б’юць-б’юць-б’юць. Сказалі прасьпяваць гімн рэспублікі. Я прасьпяваў. Выявілася, што я ня ведаю другі куплет. У нас рэжым мала хто любіць, чалавек у гэтай ідэалёгіі ня ўдзельнічае, то бок дзяржава для многіх чыста фармальная. Многія перастаюць неяк сябе зь ёю асацыяваць, я сябе абсалютна зь ёю не асацыюю. Але я дакладна ведаю, што мая радзіма — гэта Беларусь, але канкрэтна з дадзеным рэжымам, дзяржавай я сябе ніколькі не асацыюю. І ў сувязі з гэтым не лічу патрэбным зьвяртаць увагу на такія атрыбуты, як гімн. Ім вельмі гэта не спадабалася, і яны за гэта мне асобна выдалі як сьлед. І яны б’юць па тых самых месцах, яны ведаюць, па якіх месцах ужо білі, гэта вельмі балюча, проста невыносна балюча. Ну, паралельна неяк зьдзекуюцца — нагамі твар прыціскаюць — усякае такое. Мы прыблізна хвілін 40 вандравалі ў аўтазаку ў такім рэжыме.
Мы кудысьці прыяжджаем. У аўтазак заходзіць чалавек у балаклаве, кажа: «Расказвай усю праўду, усё як ёсьць. Калі будзеш нешта хлусіць, я цябе пакіну сам-насам з гэтымі джэнтльмэнамі. Хто табе заплаціў грошы? Хто твой каардынатар?» Я кажу: «Мне ніхто грошай ніякіх не плаціў. Я чытаю тэлеграм-каналы, каардынатара ў мяне такога, якога я магу расказаць, наогул няма. Такіх каардынатараў не існуе ў прыродзе».
Пасьля гэтага мяне з аўтазака выкінулі і падхапілі адзін спэцназавец і адзін амапавец. Тое, што гэта спэцназавец, я зразумеў, калі расказваў гэта свайму адвакату. Я яму апісаў яго форму, ён сказаў, што гэта спэцназ быў. Гэты спэцназавец мне даў у вуха, ён мне сказаў, што мяне расстраляюць. Я першы раз яму нічога не адказаў, і пасьля гэтага ён мне празь нейкі час даў у вуха, і пасьля гэтага ў мяне маўленьне парушылася. Я пачаў мармытаць. Я спрабаваў нешта сказаць, у мяне не выходзіла нічога. Я вымаўляў словы, але неяк вось так, у такім духу.
Гэтыя двое мяне падвялі да афiцэраў, тыя пытаюцца: «Расказвай усё ад свайго нараджэньня, што рабіў, як тут апынуўся». Я ім кажу: «Я вам раскажу ад сёньняшняга вечара». Апісаў ім усю тую самую гісторыю, як апынуўся тут. Яны пытаюцца: «Ён што, пад наркатой?» А амапавец кажа: «Так, ён пад наркатой, нейкія вочы ў яго, калі мы яго злавілі, былі шкляныя». Хоць пра гэта ніякай гаворкі не ішло дагэтуль. Яны адзін у адным падтрымліваюць вось гэтую ідэю, што яны ловяць наркаманаў, праплачаных. Яны адзін у адным, ня ведаю, сьвядома ці несьвядома, але падтрымліваюць гэтую ідэю — салідарныя ў тым, што сапраўды ўсе там наркаманы. Хоць я так нешта мармытаў пасьля таго ўдару спэцназаўца ў вуха.
Далей мяне зноў яны падхапілі, спэцназавец і амапавец, якія мяне туды прывялі. І спэцназавец загаварыў гэтую сваю любімую пагрозу, што мяне расстраляюць. Я кажу: «Не расстрэльвайце мяне». Ён кажа: «Цябе па законе расстраляюць, мы цябе расстрэльваць ня будзем». Пасьля гэтага амапавец сказаў, што гэта былі яшчэ кветачкі — тое, што ў мяне было ў аўтазаку. Але гэта кветачкамі цяжка назваць.
Уздоўж дарогі стаяў аўтазак, таксама крыху перад ім — іншы аўтазак, а ўздоўж іх — гэта значыць паміж мордай аднаго аўтазака і задам другога — яшчэ аўтазак, ён дзьвярыма стаіць. І мне амапавец кажа: «Табе зараз дастанецца, як гэтаму тоўстаму». Я чую адтуль крыкі чалавека. Яны мяне закідваюць у гэты аўтазак, там мяне піхаюць у канец аўтазака, а ў гэтым часе некалькі цалкам экіпаваных амапаўцаў зьбіваюць гэтага чалавека. Яму прыблізна гады 22, напэўна, можа, 20. Яго б’юць-б’юць-б’юць, проста малоцяць, часам задаюць пытаньні кшталту: «Які пароль ад тэлефона?» Потым б’юць, пытаюцца: «Дзе ты працуеш?» Ён кажа: «Працую там і там». Яго месяць-месяць-месяць. І ён празь нейкі час гэтага зьбіцьця кажа: «Мужыкі, я ўжо крычаць не магу». А яму кажуць: «Не крычы, значыць». І працягваюць яго біць. Я ня ведаю, нейкі час яго яшчэ ў такім рэжыме зьбівалі, потым выкінулі з аўтазака. Пасьля чаго да мяне падыходзіць амапавец, б’е мне берцамі па твары, загадвае: «Мордай у падлогу».
Я так зразумеў, што гэта быў катавальны аўтазак. У гэтым аўтазаку ад мяне ўжо нічога не хацелі — ні даведацца, дзе мой каардынатар, ні храна. Яны менавіта проста зьбівалі. Ну проста паклалі мяне і пачалі некалькі чалавек мяне біць па тых самых месцах, па якіх мяне білі яшчэ ў першым аўтазаку. Боль невыносны, я пачаў крычаць, пачаў выгінацца. Ну і паралельна мой крык перадражніваў адзін малады амапавец, тыпу: «Так-так». Гэта сьведчыць аб тым, што чалавек чагосьці не разумее, адназначна чагосьці не разумее. Ну і мяне так зьбіваюць нейкі час, я крычу. Ніякага дыялёгу, нічога ім ужо ад мяне ня трэба, гэта значыць было чыстае катаваньне. Проста катаваньне, я ня ведаю, зь якой мэтай. Але гэта мэтанакіравана стаяў катавальны аўтазак, па яго разьмяшчэньні, па тым, што там рабілася, можна было зразумець, што ён менавіта для гэтых мэтаў — для катаваньняў і зьбіцьця.
Цяпер я разумею, што яны ў прынцыпе і забіць могуць. Яны могуць выпадкова забіць. Мяне перасталі біць, калі я ўжо перастаў крычаць: я сэкундаў 10, можа, не крычаў, яны мяне працягвалі зьбіваць. І я чуў гісторыю, калі яны дубінамі па галаве білі некалькі разоў. Іх ніхто не кантралюе, а іх дурасьці і злосьці хопіць для таго, каб чалавека забіць“.
„Граната трапіла ў грудзі, аскепак прайшоў празь лёгкае“
Аліна, жонка 30-гадовага Рамана Зайцава:
„9 жніўня ён пайшоў на мітынг са сваімі сябрамі, а раніцай апынуўся ў рэанімацыі. Проста ў грудзі прыляцела сьвятлашумавая граната, а яе аскепак працяў скуру і моцна зачапіў лёгкае. На шчасьце, цяпер Раман ужо ачуўся і настроены на папраўку.
Усе папярэднія дні я была побач з мужам у Менску. Цяпер прыйшлося на некалькі дзён зьехаць дадому, у Горкі. Тое, што Раман прыйшоў у прытомнасьць, лекары называюць цудам.
Са словаў мэдыкаў, яго стан здавальняючы. Рома ўжо можа есьці, крыху гаворыць і сядзіць. Нам давалі мінімальны шанец на ачуньваньне.
Мы жывем у Горках, але ў сталіцы Рома зарэгістраваны як ІП, тут ён працуе. Таму цалкам лягічна, што ён мог апынуцца на вячэрнім мітынгу ў Менску. Разам зь сябрамі ён вырашыў выйсьці на мірны пратэст і паглядзець, што адбываецца на вуліцах.
Ён быў далёка ў натоўпе — дакладна не наперадзе ўсіх. Калі да людзей пачалі падвозіць вадамёты, ён зразумеў, што пара сыходзіць. Рушыў наперад, каб забраць сваіх таварышаў. У гэты момант яму ў грудзі прыляцела сьвятлашумавая граната.
Рому экстрана шпіталізавалі, зрабілі апэрацыю і паклалі на ШВЛ. Да таго ж аказалася, што яму разарвала фалангі двух пальцаў на руцэ, а сам ён атрымаў чэрапна-мазгавую траўму другой ступені.
Ірваныя раны яму ўжо зашылі, апёкі загояцца — ёсьць магчымасьць усё гэта выправіць хірургічна. Самае балючае пытаньне датычыцца лёгкага: яго вельмі моцна закранула. Цяпер на грудзях у Ромы дзіркі, яны не зарастуць, яму давядзецца рабіць перасадку скуры.
Пра тое, што ён паранены і знаходзіцца ў вайсковым шпіталі, я даведалася ад сястры з Чэхіі. Інтэрнэт у Беларусі не працаваў, і мне расказалі па тэлефоне. Сястра ўбачыла фатаздымак Ромы ў сацсетках. Яна да канца не была ўпэўненая, што гэта ён, — спадзявалася, што на здымку нехта іншы. Спытала ў мяне, дзе Рома. Я сказала, што ён плянаваў быць дома. Яна ж дадала, што ў камэнтарах ужо пачалі пісаць: на фота — Раман Зайцаў. Пад фота былі згаданыя кантакты лякарні. Я набрала нумар — і мне пацьвердзілі: муж знаходзіцца на апэрацыі.
Пакуль Раман быў у рэанімацыі, нікога са сваякоў да яго не пускалі. У мяне быў абсалютны шок і нявера ў тое, што адбылося.
Разумееце, у нас двое дзяцей: сыну пяць, а дачцэ няма і годзіка, і ў мяне нават не было сіл імі займацца. Я ня бачыла ўсе гэтыя фатаздымкі і не магла паверыць, што гэта адбылося з намі. Незнаёмыя людзі адразу сталі прапаноўваць нам збор грошай, а я проста хацела, каб нас не чапалі, пакуль ня высьветліцца сытуацыя. Мне здавалася, што сьвет паваліўся і сэнсу існаваць ужо няма. Так, нават нягледзячы на тое, што ў мяне двое дзяцей.
Калі Раману стала лепш і ён змог расплюшчыць вочы, яго перавялі ў хірургію. На наступны дзень ён папрасіў тэлефон і сам патэлефанаваў мне. Ён вельмі ціха і слаба казаў. Сказаў: «Здароў, гэта я». Вельмі перажывае за нас, паўтарае, што вельмі нас любіць. Ну ён жа не вінаваты, што ўсё так атрымалася... Рома пайшоў, як і іншыя людзі, на мірны мітынг — пасьвяціць ліхтарыкам і выказаць сваю пазыцыю. Ніхто ня ведаў, што гэта акалічнасьць пераверне ўсё наша жыцьцё.
Пакуль лекары не даюць ніякіх прагнозаў наконт будучыні Рамана. «Жыць будзе, калекам не застанецца», — вось іх словы, якія дораць мне вялікую надзею.
Сёньня я стэлефанавалася з доктарам, які яго лечыць, але мне нічога выразнага не паведамілі. Людзі працягваюць зьбіраць нам грошы на рэабілітацыю. Зразумела, што пад гэтым словам маюцца на ўвазе ня простыя фізпрацэдуры. У нас будзе вельмі доўгі шлях аднаўленьня — хлопец малады, яму трэба жыць і ўтрымліваць сям'ю. Разумееце, я сем гадоў проста жыла “за мужам” — нават самыя элемэнтарныя пытаньні вырашаў ён.
Дагэтуль не разумею, чаму супраць натоўпу было вырашана ўжыць сьвятлашумавыя гранаты. Так робяць толькі ў вайну: «Ну падумаеш, пару чалавек пацярпелі». А як далей будзе жыць гэты чалавек і яго сям'я, нікога не хвалюе. Але ж так быць не павінна! Калі я вяртаюся дадому з палаты Рамана, мяне вельмі моцна накрывае. Я плачу, зьбіраю волю ў кулак і іду далей. А што яшчэ мне застаецца рабіць?“
„Між сабой яны выхваляліся, што для іх забава – гвалціць затрыманых дзяўчат“
Алег Сьвістун, 46 гадоў, генэральны дырэктар швэдзкай кампаніі Silver energy (Вялікі Камень), Менск:
„Хачу паказаць вам фрагмэнт майго цела. Гэта тое, што засталося ад пабояў, учыненых з 9 да 10 жніўня, на дзясяты дзень (сёньня 20 жніўня).
Каля Палацу спорту мы сутыкнуліся з АМАПам і ўнутранымі войскамі. Нас тады ўжо разагналі і частка людзей перамясьцілася ў раён вуліцы Багдановіча, была ўжо поўнач. Яны пашыхавалася: калёна спэцвойскаў, бранятэхнікі, вадамётаў, ужывалі ўдушлівы, паралітычны газ, разрыўныя сьветлавыя гранаты, магутныя шумавыя гранаты і пачалі ўжываць агрэсію да мірных людзей.
Калі здарылася замірэньне так званае, я выйшаў да гэтых шчытоў абсалютна адзін, падняўшы рукі ўгору, паказваючы, што ня маю ніякай агрэсіі, проста хацеў спыніць усё гэтае бясчынства. І кажу: «Вы проста паглядзіце, што адбываецца перад вамі. Вашы дзеці, бацькі, сёстры, браты… Вы нявечыце мірны народ, такі, як і вы». І папрасіў, каб выйшаў іхны камандзір.
Пасьля гэтага недзе праз хвіліну шчыты расступіліся і група захопу з чатырох чалавек мяне схапіла і зацягнула да сябе туды ў тыл. Пасьля гэтага пяць ці восем амапаўцаў павалілі мяне на дол і пачалі біць. Недзе на працягу пяці хвілін зьбівалі дубінкамі, ботамі па галаве, па целе. Далей закінулі ў аўтазак, дзе два амапаўцы дубінкамі сваю справу давяршылі.
Нас прывезьлі на Акрэсьціна. І калі мы выходзілі, ужо стаяў шэраг з двух радоў амапаўцаў з дубінкамі, і нас праганялі праз гэты шэраг. І кожны стараўся як мага больш балюча ўдарыць, прычым не шкадавалі ні дзяўчат, ні хлопцаў.
У камэры нас было 23 чалавекі прыкладна на 16і мэтрах. Празь пяць хвілін адчыняецца невялікае вакно ў дзьвярах для прыёму ежы, і празь яго нам упырскваюць удушлівы газ. Маючы пэўны досьвед, я сказаў людзям, каб хутка мачылі кашулі, майкі і затулялі твар. Ты задыхаесься, ванітуе, і такое адчуваньне, што ўсе вантробы праз рот выскачаць. Гэта ўсё працягвалася дзьве гадзіны. Пік быў, калі нас у камэры было 43 чалавекі. І прыпадкі эпілепсіі, і страты прытомнасьці. Вельмі шмат людзей не вытрымлівалі такога жорсткага абыходжаньня. Былі там і мэдыкі, у гэтым ІЧУ, якія пасьля нам казалі, што хацелі аказаць нам дапамогу, але ім проста не давалі гэтага зрабіць.
Асабіста я бачыў мяхі цёмныя, якія выносілі. Я не магу сьцьвярджаць, бо ня бачыў зьмесьціва гэтых мяхоў, але вельмі было падобна, што там маглі быць палеглыя. І тыя калецтвы, што я бачыў, яны былі надзвычай цяжкія, гэта было відаць адразу.
Я там прабыў чатыры дні, і на пяты дзень адчыняюцца дзьверы, нас выводзяць у калідор, заходзіць мужчына, які прадстаўляецца намесьнікам міністра ўнутраных справаў Барсуковым і грае нейкі свой спэктакль: дае слова афіцэра, што празь дзьве гадзіны нас выпусьцяць.
З 10 на 11 я знаходзіўся ў камэры над гэтым карным дворыкам, куды з аўтазакаў прыводзілі людзей, дзе іх ставілі на калені і білі доўгі час, пасьля зьмяшчалі ў прагулачныя дворыкі ІВС. Дык тая жорсткасьць, зь якой амапаўцы білі гэтых людзей, абыякавасьць супрацоўнікаў, якія ўсё гэта бачылі і сьмяяліся з гэтага, — гэта ўсё проста ўражвала. Было адчуваньне, што я ўвогуле на нейкай іншай плянэце, у нейкім вельмі злым сьвеце. Пра Беларусь я ўвогуле ня мог падумаць, што ў нас такое магчымае. Тое, што яны ў калідоры размаўлялі, не саромеліся, што для іх было забавай гвалтаваць затрыманых дзяўчат, гэта, вядома, жахліва.
Два дні людзі былі без харчаваньня. На трэці дзень бохан хлеба на 20-30 чалавек — гэта лічылася нормай.
У дворыку на 30 квадратных мэтрах умудраліся ўтрымліваць да 140 чалавек на працягу 24-27 гадзін. Не давалі ні вады, ні схадзіць у прыбіральні. Выдавалі плястыкавыя бутэлькі для таго, каб чалавек мог справіць патрэбу“.